Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы ўдзельнікаў шэсьця


Альгерд Невяроўскі, Менск Чаму людзі ў Менску выйшлі 25 сакавіка на шэсьце і мітынг? Чым для іх ёсьць гэты дзень? Думкі і ўражаньні ўдзельнікаў шэсьця з нагоды 89-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР запісваў наш карэспандэнт.

У калёне, што рухалася праспэктам Незалежнасьці ад цырку да Акадэміі навук, было шмат маладых людзей. На маё пытаньне “Чым для вас ёсьць дзень 25 сакавіка?” удзельнікі шэсьця адказвалі так:

Хлопец: “25 сакавіка для мяне — Дзень незалежнасьці. Гэта Дзень Волі — нацыянальнае сьвята. Пасьля стагодзьдзяў беларускай залежнасьці гэта першая згадка пра яе незалежнасьць. Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Я студэнт, і ў мяне ёсьць свае патрабаваньні да ўладаў”.

Спадар: “Абрыднуў ужо гэты лукашызм. Проста хочацца нармальнага жыцьця. Няма ўжо моцы стрымліваць эмоцыі”.

Дзяўчына: “Гэта нашае нацыянальнае сьвята, гэта Дзень Волі. Мы шануем нашую гісторыю, нашу мову й нашу культуру. Таму мы яднаемся з нашым народам і вельмі шчасьлівыя, што ёсьць магчымасьць пабачыць нашыя сапраўдныя сьцягі й размаўляць на нашай мове”.

Карэспандэнт: “А якое ў вас уражаньне ад таго, што ўлады зрабілі ў цэнтры гораду?”

Дзяўчына: “Як заўсёды, вельмі крыўдна ад вар’яцтва ўлады”.

Спадарыня: “Я шчасьлівая сёньня быць са сваім народам, зь людзьмі, якія падзяляюць мае думкі, мае погляды. Я віншую ўсіх з гэтым нацыянальным сьвятам”.

Спадарыня: “Я вельмі рада, што шмат людзей прыйшло адзначыць гэтае сьвята. Памятаюць, што ёсьць нашая гісторыя, і яе трэба нагадваць усім, хто ня ведае. Са сьвятам вас!”

Дзяўчына: “Я прыйшла, бо я так сябе адчуваю — гэта маё сьвята, сапраўднае сьвята душы. Прызнацца, я хацела б апынуцца на пляцы Каліноўскага, таму што гэта для мяне сапраўды знакавае месца. І вельмі шкада, што нам даводзіцца ісьці на Акадэмію навук. Хацелася б сустрэцца на пляцы Каліноўскага”.

У шэсьці разам з моладзьдзю бралі ўдзел і інтэлектуалы. Гавораць перакладчык і літаратар Лявон Баршчэўскі й кінасцэнарыст Уладзімер Халіп:

Баршчэўскі: “Я думаю, што ўражаньне лепшае за тое, якое я бачыў каля бібліятэкі. Я туды пад’ехаў і ўбачыў дагары нагамі чырвона-зялёныя сьцягі. Нават не навучыліся, як іх трэба прымацоўваць. А тут народ прыйшоў сьвядома — і, думаю, што калі пройдзе ўсё нармальна, то 26 красавіка можа выйсьці ў два-тры разы больш”.

Халіп: “Сёньня я тут, таму што гэта самае галоўнае сьвята нашай краіны. Бяз гэтага сьвята нашай краіны быць ня можа. Вы бачыце, колькі сёньня народу. Думаю, будзе яшчэ больш, пакуль мы пройдзем гэтым праспэктам. У нас ёсьць надзея. Вельмі слушна гаворыць моладзь: “Верым! Можам! Пераможам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG