Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі 2007: Онлайн-рэпартаж


Радыё Свабода <embed title="Online clocks for your website, blog, myspace" src="http://www.respectsoft.com/onlineclock/onlineclock.swf?timezone_id=41&ccolor=red" quality="high" wmode="transparent" bgcolor="#ffffff" width="88" height="31" align="left" allowScriptAccess="sameDomain" type="application/x-shockwave-flash" pluginspage="http://www.macromedia.com/go/getflashplayer" /> *



Фотарэпартаж з вуліцаў Менску

Фотарэпартаж з вуліцаў Менску (частка 2)

Фотарэпартаж з вуліцаў Менску (частка 3)

17:12 Любоў Лунёва перадае ад праспэкту Незалежнасьці:



17:10У Менскім абласным УУД знаходзяцца моладзевыя актывісты Ян Лагвіновіч, Павал Батуеў, Марына Найдзіч. Пра гэта паведаміў сам Павал Батуеў, які даслаў смс-паведамленьне карэспандэнту Свабоды

16:40 Ля Нацыянальнай бібліятэкі пачаўся гвалтоўны разгон удзельнікаў шэсьця. Падрабязнасьці – праз некалькі хвілінаў у аўдыёрэпартажы Любові Лунёвай.



16:15 Калёна дэманстрантаў набліжаецца да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава. Гэта зусім побач з Нацыянальнай бібліятэкай. Арганізатары канцэрту, які там адбываўся, спынілі выступы артыстаў.

16:00 Калёна дайшла да вуліцы Макаёнка. Паводле ўдзельнікаў акцыі, на тэрыторыі Дзіцячай чыгункі знаходзяцца 14 аўтобусаў і 4 аўтазакі. Там жа яны бачылі некалькі дзесяткаў вайскоўцаў -- салдатаў і афіцэраў. Таксама паведамляецца, што група апазыцыйнай моладзі ўжо дабралася да Нацыянальнай бібліятэкі. Астатнія зь песьнямі працягваюць рухацца.

15:55 Карэспандэнту Радыё Свабода стала вядома, што ў аўтобусе Цэнтральнага РУУС Менску знаходзяцца 12 чалавек, якіх затрымалі яшчэ на пачатку акцыі.

15:50 Байцы спэцназу селі ў аўтобусы і суправаджаюць калёну, якая працягвае рух па ходніках з двух бакоў праспэкту Незалежнасьці. Моладзь скандуе “Жыве Беларусь!” Сьцягі прыхаваныя. Калёна знаходзіцца ў раёне дзіцячай чыгункі.

15:40 Байцы спэцназу прыціснулі ўдзельнікаў акцыі да агароджы Парку чалюскінцаў. Нікога з ланцугу не выпускаюць. Сюды пад’ехалі 4 пустыя аўтобусы.

15:35 Любоў Лунёва перадае ад праспэкту Незалежнасьці:



15:30 Ля Батанічнага саду ў калёну моладзі, якая рухаецца да Нацыянальнай бібліятэкі, уварваліся байцы спэцназу. Яны вырываюць з рук дэманстрантаў бел-чырвона белыя сьцягі і сьцягі Эўразьвязу. Наперадзе калёны і збоку – спэцназаўцы.

15:20 Выступ Аляксандра Мілінкевіча перад удзельнікамі мітынгу:



15:18 Выступ Юліі Казулінай:



15:15 Выступ на мітынгу віцэ-прэзыдэнта Эўрапарлямэнту Януша Анышкевіча:



15:14 Выступ Анатоля Лябедзькі:



15:13 Выступ на мітынгу дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Уладзімера Рыжкова:



15:00 Любоў Лунёва перадае ад праспэкту незалежнасьці:



15:10 Мітынг скончыўся. Арганізатары акцыі заклікалі ўдзельнікаў захаваць сьвяточны настрой і разыйсьціся. Арганізатары заклікалі не даваць магчымасьцяў уладам справакаваць інцыдэнты. Таксама параілі разыходзіцца невялікім групамі.

15:05 Каля Акадэміі навук працягваецца мітынг. Выступілі дэпутат Эўрапарлямэнту Барбара Кудрыцка, якая сказала: “Эўразьвяз з дэмакратычнай Беларусьсю”. Лідэр расейскага Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых выказаў падтрымку ад імя дэмакратычных сілаў Расеі. Моладзевы актывіст Аляксей Шэін выступіў ад імя Паўла Севярынца. Таксама на мітынгу з прамовамі выступілі Алег Волчак, Аляксандар Вайтовіч.

15:00 Алег Грудзьдзіловіч перадае ад Акадэміі Навук:



14:35 Мітынг ля Акадэміі навук працягваецца. Паводле ацэнак журналістаў, у ім бяруць удзел ад 6 да 7 тысяч чалавек. Арганізатары акцыі ўзгадняюць плян наступных дзеяньняў.

14:30 Галасы ўдзельнікаў мітынга:



14:27 На мітынгу каля Акадэміі навук выступілі віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, дэпутат расейскай Дзярждумы Ўладзімір Рыжкоў, дачка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Юля Казуліна, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прадстаўнік БСДП “Народная грамада” Алесь Стральцоў. Міліцыя спрабуе сваімі абвесткамі пра тое, што мітынг забаронены, заглушыць прамоўцаў.

14:35 Любоў Лунёва перадае ад Акадэміі Навук:



14:25 Аляксандар Мілінкевіч павіншаваў усіх з Днём Волі й падзякаваў прадстаўнікам краінаў Эўразьвязу, якія працягваюць падтрымліваць беларусаў у пераадоленьні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама дапамагаюць усталяваць дэмакратыю ў краіне. Як толькі пачаўся выступ Мілінкевіча, міліцэйская машына з гукаўзмацняльнай апаратуры пад’ехала да натоўпу, і гук уключылі на поўную моц.Міліцыянты чытаюць з паперкі зварот да грамадзянаў па-расейску, а потым па-беларуску — пра тое, што мітынг забаронены і ўсе ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Прагучала й паведамленьне, што могуць ужыць фізычную сілу і спэцсродкі. Міліцыянт чытае патрабаваньне прайсьці ў парк Дружбы народаў, дзе мітынг дазволены.

14:20 Абвесткі ў мэтро уводзяць у зман пасажыраў. З прычыны, што не працавала зачыненая станцыя мэтро “Кастрычніцкая”, на лініях адбыўся збой у абвяшчэньні станцыяў. Прыкладам, у цягніку на станцыі “Плошча Перамогі” раптам прагучала: “Наступны прыпынак “Плошча Перамогі”, а на станцыі “Плошча Якуба Коласа” людзі пачулі, што “наступным прыпынкам будзе Плошча Якуба Коласа”. Пачуўшы гэтую абвестку, некаторыя пасажыры выйшлі зь цягніку, бо вырашылі, што яны едуць у іншы бок.

Відэа: перад кінатэатрам “Масква” спэцназ спыніў дэманстрантаў



14:10 Да Акадэміі навук толькі што прыйшоў Аляксандар Мілінкевіч.

14:05 Да Акадэміі навук прывезьлі гукаўзмацняльную апаратуру. І адразу ж пачаўся мітынг.



14:00 Званок на тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52. Спадарыня: “Я тэлефаную з Акадэміі навук. Мы тут даведаліся, што шмат людзей сабраліся на Бангалор. Дык трэба ім перадаць, каб яны не сыходзілі, бо мы туды прыйдзем”.

13:55 Любоў Лунёва перадае ад Акадэміі Навук:



13:50 Прыкладна 6-7 тысяч чалавек зараз знаходзяцца ля Акадэміі навук. Перад імі выступіў Вінцук Вячорка.

13:35 Доўгім ланцугом у Парку Горкага расьцягнулася калёна, якая рухаецца ад мэтро Першамайская да Акадэміі навук. Маладыя людзі трымаюцца за бел-чырвона-белую стужку даўжынёй каля 200 мэтраў. У парку знаходзяцца 5 аўтамабіляў унутраных войскаў і два аўтобусы зь міліцыянтамі.



13:30 Калёна дайшла да Акадэміі навук, і адразу на гэтым месцы зьявілася некалькі аўтобусаў з байцамі спэцназу міліцыі. Аўтобусы завярнулі на вуліцу Акадэмічную, туды ж за будынак прэзыдыюму Акадэміі навук праехалі некалькі аўтазакаў. Людзі пайшлі да сходаў будынку прэзыдыюму Акадэміі навук. Кажуць, зараз будзе мітынг — але мэгафонаў мала, няма гукаўзмацняльнай апаратуры. Чакаюць, што Аляксандар Мілінкевіч зьявіцца неўзабаве каля Акадэміі навук.

13:22 Першыя два цягнікі мэтро, якімі людзі ехалі зь Юбілейнай плошчы, прыбылі на станцыю Першамайская, бо станцыя мэтро Кастрычніцкая не працуе. Цяпер сотні людзей пехам і наземным транспартам дабіраюцца да Акадэміі навук. Зьявілася паведамленьне, што Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей на аўтамабілі таксама едуць да Акадэміі навук.

13:20 Любоў Лунёва перадае з вуліцаў Менску:



13:15 Cтанцыя мэтро Фрунзэнская цалкам запоўненая дэманстрантамі. Яны скандуюць “Жыве Беларусь!” і штурмуюць вагоны, каб ехаць да Акадэміі навук.

13:10 Адна з групаў дэманстрантаў (прыкладна тысяча чалавек) у суправаджэньні спэцназаўцаў дайшла да Юбілейнай плошчы. Моладзевы актывіст Мікіта Сасім праз мэгафон заклікаў усіх людзей спусьціцца ў мэтро і ехаць да Акадэміі навук, каб там далучыцца да астатніх удзельнікаў Дня Волі.

13:08 Ганна Соўсь перадае з праспэкту Пераможцаў:



13:06 Любоў Лунёў перадае з вуліцы Казлова:



13:05 Ганна Соўсь перадае з праспэкту Пераможцаў:



13:00 Па ходніках працягвае рух калёна ў бок Акадэміі навук. Паралельна ёй, па праспэкце рухаецца калёна пустых аўтобусаў. Міліцыя працягвае прапаноўваць людзям сесьці ў іх і даехаць да Акадэміі навук. Гэтая калёна, як стала вядома нашаму карэспандэнту, выконвае яшчэ адну функцыю – схаваць ад менакоў колькасьць дэманстрантаў. Калёна спынілася на плошчы Якуба Коласа, бо стала вядома, што ў яе канцы, у раёне вуліцы Казлова, адбыліся спробы затрыманьняў.

12:55 Любоў Лунёва перадае зь месца падзеяў:



12:50 Па ходніках з двух бакоў праспэкту Пераможцаў рухаюцца калёны. Людзі ня могуць злучыцца ў адну калёну, бо спэцназаўцы перакрылі пераходы – наземны і падземны. Да Палацу спорту пад’яжджаюць аўтазакі. Праз гукаўзмацняльнікі міліцыя папярэджвае, што акцыя забароненая, і калі людзі не падпарадкуюцца, то будзе ўжытая сіла і спэцсродкі.

12:44 Ганна Соўсь перадае зь месца падзеяў:



12:43 Сярод дэманстрантаў на Нямізе зьявіўся Аляксандар Мілінкевіч. Паколькі шлях на вуліцу Максіма Багдановіча быў перакрыты спэцназам, Мілінкевіч заклікаў калёну рухацца да Палацу Спорту. Калёна рушыла па праспэкце Пераможцаў. Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей заявілі Радыё Свабода, што іх зьбілі. Кулей паказала акрываўленую руку.



12:39 Калёну, што рухаецца па Нямізе, спыніў спэцназ. Спэцназ і пратэстоўцы стаяць твар у твар.

12:37 Званок на тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52. Мікалай: “Мяне завуць Мікалай. Ідзем па праспэкце Скарыны. Прайшлі мост. Нас выцясьняюць і частка народу перамяшчаецца ў бок Чырвонай. Мы дайшлі асноўнай масай да плошчы Перамогі”.





12:35 Адна з калёнаў зараз рухаецца па Нямізе ў бок плошчы Свабоды. У калёне каля пяці тысяч чалавек. Наперадзе – маладыя людзі з расьцяжкай “Салідарнасьць”. Моладзевы актывіст Мікіта Сасім праз мэгафон заклікае мінакоў далучацца да шэсьця. І людзі гэта робяць. Як і раней, не вядома, дзе зараз Аляксандар Мілінкевіч. Ні ягоны тэлефон, ні жонкі Аляксандра Мілінкевіча Іны Кулей не адказваюць.

12:31 Званок на тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52. Спадар: “Цяпер мы ідзем па праспэкце Скарыны. На мосьце нас з усіх бакоў акружыла міліцэйская брыгада. Але пакуль што яшчэ ідзем”.



12:29 Шэсьце, якое пачалося ад дзяржаўнага цырку, працягваецца дзьвюма калёнамі — адна калёна прыкладна з 7 тысяч чалавек рушыць правым бокам праспэкту, іншая калёна з 5 тысяч чалавек рушыць па левым баку праспэкту да плошчы Перамогі. Каля плошчы Перамогі калёны пачалі злучацца ў адну. Даішнікі не даюць людзям пераходзіць на другі бок праспэкту. Кіроўцы аўтамабіляў сыгналяць на знак салідарнасьці з дэманстрантамі. Супрацоўнікі перадаюць нумары такіх аўтамабіляў па рацыях, некалькіх кіроўцаў затрымалі, але пасьля таго, як праявы салідарнасьці з дэманстрантамі набылі масавы характар, супрацоўнікі ДАІ перасталі рэагаваць. Уздоўж праезнай часткі праспэкту Незалежнасьці паставілі кардоны з байцоў спэцназу вайсковай часткі Зьмітра Паўлічэнкі. Нягледзячы на пагрозы міліцыі, дэманстранты не разыходзяцца, і шэсьце працягваецца.

12:22 На вуліцы Інтэрнацыянальнай спэцназаўцы пачалі зьбіваць людзей. Таксама дубінкамі зьбілі Аляксандра Мілінкевіча. Дзе ён зараз знаходзіцца, не вядома. Міліцыя гоніць людзей па вуліцы Гарадзкі вал. Колькасьць пратэстоўцаў вырасла прыкладна да 4 тысяч чалавек.

12:20 Ганна Соўсь перадае зь месца падзеяў:



12:15 Ад будынку Цырку ў бок плошчы Перамогі пачалося шэсьце. У калёне болей як 7 тысячаў чалавек. Ачольвае калёну лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка. Над калёнай, акрамя бел-чырвона-белых сьцягоў, -- сьцягі Эўразьвязу. На прыпынку ля Цырку зьявіліся аўтобусы з надпісам “заказны”. Міліцыя па гучнай сувязі прапануе дэманстрантам сесьці ў іх і праехаць да Акадэміі Навук, адкуль, маўляў, дазволена шэсьце. Але дэманстранты праігнаравалі заклікі.

12:09 Алесь Дашчынскі перадае зь месца падзеяў:



12:18 Калёна людзей на чале зь Мілінкевічам павярнула на Гарадзкі вал, каб потым праз вуліцу Інтэрнацыянальную і Янкі Купалы выйсьці да цырку. Там да іх далучацца іншыя людзі.

12:13 Болей за тысячу чалавек, якіх міліцыя адцясьняла ў бок плошчы Незалежнасьці, спыніліся ля будынку КДБ. Моладзь разгарнула расьцяжку “Салідарнасьць”. Міліцыя беспасьпяхова спрабавала вырваць у іх транспарант. Людзі скандуюць “Жыве Беларусь!” Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сьцягі Эўразьвязу і АГП.

12:09 Ганна Соўсь перадае зь месца падзеяў:



12:07 Некалькі сотняў чалавек, што сабраліся ля парку Янкі Купалы, перайшлі праспэкт да будынку Цырку і ўліліся ў асноўную групу ўдзельнікаў акцыі. Там зараз знаходзяцца каля трох тысячаў чалавек. Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Людзі скандуюць “Жыве Беларусь!”

12:05 Ганна Соўсь перадае зь месца падзеяў:



12:03Каля Цэнтральнай кніжнай крамы людзі прарвалі ланцуг міліцыянтаў і рушаць да Кастрычніцкага пляцу.



12:00 Байцы спэцназу выцясьняюць людзей ад ГУМу ў бок плошчы Незалежнасьці. Людзі разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, скандуюць “Жыве Беларусь!” Акрамя міліцыі на праспэкце зьявіліся байцы АМАПу ў чорнай камуфляжнай форме. Яны пачалі прымяняць сілу супраць пратэстоўцаў. Тут знаходзіцца кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.

11:57 Міліцыянты, якія знаходзяцца ў натоўпе на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці й вуліцы Янікі Купалы пачалі папярэджваць людзей, каб тыя не зьбіраліся на Кастрычніцкай плошчы. Гэта выклікала абурэньне прысутных, бо плошча і без таго ачэпленая спэцназаўцамі. Вуліца Інтэрнацыянальная таксама ачэпленая, стаяць турнікеты. Людзі пачалі скандаваць “Жыве Беларусь!”

11:55 Ля цырку людзі разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі.

11:50 На праспэкце Незалежнасьці пачалася бойка паміж дэманстрантамі і сіламі спэцназу.

11:45 З усіх бакоў Кастрычніцкай плошчы міліцыя працягвае выцясьняць людзей. Дакладную колькасьць людзей, якія там знаходзяцца, пакуль не магчыма вызначыць. Карэспандэнт Радыё Свабода перадае, што да ГУМУ міліцыя адціснула прыкладна 300 – 400 чалавек.

11:40 Ганна Соўсь перадае зь месца падзеяў:



11:35Байцы спэцназу міліцыі затрымалі жанчыну каля ўнівэрсаму “Цэнтральны”, якая імкнулася трапіць на Кастрычніцкую плошчу. Яе завялі ў краму. Спэцназаўцы адбралі ў жанчыны бел-чырвона-белыя стужкі, зьнялі значок “За свабоду”, пасьля чаго яе адпусьцілі. Кастрычніцкая плошча застаецца ачэпленая да вуліцы Янкі Купалы з аднаго боку й да вуліцы Энгельса зь іншага. Супрацоўнікі ДАІ не даюць спыняцца каля плошчы ня толькі грамадзкаму транспарту, але і прыватным машынам. Камандзір спэцназу міліцыі Юры Падабед паведаміў журналістам, што плошча будзе ачэпленая яшчэ некалькі гадзінаў.

11:33 Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Ўладзімер Рыжкоў заявіў карэспандэнту Радыё Свабода, што ён і лідэр Саюзу Правых Сілаў Расеі Мікіта Бялых прыбылі ў Менск, каб “маральна падтрымаць беларускія дэмакратычныя сілы”. Мікалай Рыжкоў знаходзіцца зараз у натоўпе, які выцясьняе міліцыя побач з ГУМам. Самалёт, на якім ляціць Мікіта Бялых, пакуль затрымліваецца.

11:30 На рагу праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Леніна, ля ГУМу, міліцыянты акружаюць групу людзей (прыкладна 100 чалавек). У натоўпе знаходзіцца таксама расейскі палітык Мікалай Рыжкоў.

11:25 Выстаўленыя крыху раней на Кастрычніцкай плошчы турнікеты міліцыя пачала разьбіраць.





11:20 Міліцыя пачала выстаўляць турнікеты ў раёне вуліцы Янкі Купалы (каля будынку цырку) і вуліцы Леніна (Рэстаран Макдональдз).

11:18 На Кастрычніцкай плошчы ўжо не спыняюцца маршрутныя аўтобусы.

11:15 Байцы спэцназу просяць людзей, якія знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы, пакінуць яе. Тлумачаць тым, што ў Палацы Рэспублікі адбываецца спэцмерапрыемства.

11:10 Спэцназаўцы агароджваюць па пэрымэтру Кастрычніцкую плошчу турнікетамі.

11:05 На станцыі мэтро Кастрычніцкая цягнікі не спыняюцца

11:00 Званок тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52.

Ніна Канстанцінаўна: “Ад імя сяброў дэмакратычнай вэтэранскай арганізацыі, якую пры жыцьці ўзначальваў шаноўны Артур Вольскі, віншую з Днём Незалежнасьці мужных, адданых справе Адраджэньня ўсіх супрацоўнікаў незалежнай прэсы, увесь калектыў Радыё Свабода, газэт “Наша Ніва” і “Народная Воля” зь вялікім сьвятам Днём Волі. Пакуль ёсьць Вы, у нас ёсьць надзея на будучыню і справядлівасьць. Віншуем блізкіх, сем’і зьніклых патрыётаў, вязьняў палітычных рэпрэсіяў сталінскага і лукашысцкага рэжымаў, тых, каго перасьледуюць цяпер, затрымліваючы дзесяткамі штодня паводле прыдуманых прычынаў хворымі на галаву стражамі парадку. Віншуем беларусаў, што стаялі на плошчы Каліноўскага ў сакавіку 2006 году, перамагаючы страх перад чорнымі крумкачамі і іх начальнікамі. Віншуем нашу гераічную моладзь, якую не спыніць, не зламаць ні турмамі, ні пагрозамі расправы. Жыве Беларусь!”

10:40 Кастрычніцкая плошча пакуль не блякаваная. Ля Музэю гісторыі Вялікай айчыннай вайны стаяць 8 аўтобусаў зь міліцыянтамі. Таксама там знаходзяцца 4 аўтазакі.

10:35 Сайты шэрагу СМІ недаступныя ў Беларусі. Карыстальнікі Інтэрнэту пазбаўлены магчымасьці атрымліваць інфармацыю. Болей за гадзіну таму ў Беларусі сталі нябачнымі сайты Радыё Свабода, БелаПАН, Хартыі-97, газэты “Наша Ніва” і іншых замежных, а таксама беларускіх недзяржаўных мэдыяў.

10:30 Толькі што ў Менску ад Уручча па праспэкце Незалежнасьці ў бок Кастрычніцкай плошчы праехала спэцкалёна. У калёне было 12 аўтобусаў ПАЗ са спэцназаўцамі і 8 закрытых аўтамабіляў “Урал”. На адным зь іх везьлі нейкую вялікую ўстаноўку, закрытую камуфляжнай сеткай. У калёне таксама былі дзьве карэты хуткай дапамогі.

10:14 На Кастрычніцкай плошчы Менску ад самага ранку знаходзіліся "аўтазакі" -- спэцыяльныя аўтамабілі, якія год таму ўпершыню на гэтым жа месцы выкарыстоўваліся дзеля перавозу затрыманых людзей у спэцразьмеркавальнікі. А 10-й раніцы яны і іншыя міліцэйскія аўтамабілі былі заўважаныя побач з Палацам Рэспублікі. На гэты час на плошчы знаходзіліся каля дзесятку байцоў спэцназу ў чорнай уніформе, а таксама работнікі камунальных службаў, Супрацоўнікі ДАІ кантралявалі заезды на плошчу. На прылеглых да плошчы вуліцах таксама стаіць спэцыяльная тэхніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG