Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія суткі затрымана больш за 30 моладзевых актывістаў


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі і КДБ правялі ператрусы на кватэрах некаторых апазыцыянэраў. Улёткі і бел-чырвона-белыя сьцягі, якія знайшлі падчас ператрусу, знаходзяцца ў міліцыі, апазыцыянэры – за кратамі. Усіх затрыманых і арыштаваных абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Большасьць з трох дзясяткаў ізаляваных актывістаў апазыцыі затрымалі цягам апошніх сутак. Увечары на кватэры сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Менску і ў рэгіёнах прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. Калі чалавека не было дома, то ля пад’езду некалькі гадзінаў заставаліся міліцыянты ў цывільным.

Маладафронтаўцаў затрымлівалі на вуліцах групамі па пяць чалавек. Пасьля складаньня пратаколу за дробнае хуліганства міліцыянты адпускалі толькі непаўналетніх. Астатніх завозілі каго на суд, каго ў турму да панядзелка.

У турме на вуліцы Акрэсьціна адбываюць арышт Барыс Гарэцкі, Зьміцер Хведарук, Людміла Атакулава, чакаюць суду Алесь Каліта, Наста Александровіч ды іншыя. У рэгіёнах моладзевых актывістаў трымаюць у ізалятарах часовага ўтрыманьня, дзе звычайна знаходзяцца падазраваныя ў крымінальных злачынствах.

Маладафронтаўцы з пастарункаў пасьпелі паведаміць сваім сябрам і журналістам, што ў міліцыянтаў ёсьць сьпіс апазыцыянэраў, якіх трэба затрымаць. Насупраць некаторых прозьвішчаў апроч адрасу даюцца зьвесткі пра ўласны аўтамабіль і дзяржаўныя нумары для супрацоўнікаў ДАІ.

Такім чынам, для затрыманьня крыху больш за трох дзясяткаў чалавек улады задзейнічалі ўвесь асабовы склад міліцыі, а таксама спэцслужбы. Менавіта супрацоўнікі КДБ прыходзілі на кватэры рабіць ператрусы. Сёньня раніцай яны наведаліся на кватэру Алега Корбана, але хлопца не было дома. Цягам васьмі гадзінаў у машыне і на лаўцы ля пад’езду сядзелі апэратыўнікі ў цывільным.

У міліцыі знаходзяцца некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў, якія знайшлі ў моладзевых актывістаў. Дзяўчаты пашылі іх сваімі рукамі.

Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча, якія адбываюць пакараньне на хіміі, ізалююць у інтэрнатах спэцкамэндатуры на час правядзеньня акцыі на Кастрычніцкай плошчы.Гаворыць Мікола Статкевіч:

“Безумоўна, працэс робіцца небясьпечны для ўладаў, калі ён будзе арганізаваны і кіраваны людзьмі, якія не напалохаюцца ўзяць адказнасьць на сябе. Колькасьць такіх людзей дастаткова абмежаваная. Яны звычайна вылічаныя і вядомыя ўладам. Праўда, яны баяцца сюрпрызаў і таму бяруць шырока. Адначасова пакідаюць на волі тых людзей, ад якіх яны сюрпрызаў не чакаюць”.

Мікола Статкевіч лічыць, што калёна з аўтобусаў, аўтазакаў і машын з салдатамі ўнутраных войскаў, якую бачылі мінакі на праспэкце Незалежнасьці, ёсьць спробай запалохаць бацькоў, каб тыя не пусьцілі сваіх дзяцей на акцыю. Шмат хто з грамадзкіх дзеячоў лічаць, што інтэрнаваньне актывістаў і дэманстрацыя сілы напярэдадні акцыі могуць быць знакам таго, што загаду разагнаць акцыю 25 сакавіка ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG