Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хадыка: “Веру ў сілу мастацтва і культуры”


Радыё Свабода Юры Хадыка — удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Калісьці, яшчэ ў сталінскія часы, мая бабця тлумачыла мне, што “вера —таямніца душы”. Пазьней я зразумеў, што таямніца гэтая ўмоўная. Яна адкрываецца праз учынкі і паводзіны чалавека, якія нельга схаваць. Не магла схаваць свайго хрысьціянства і мая бабця.

Вось і я верую ў Хрыста. У яго несьмяротнае вучэньне. Менавіта вучэньне, бо “сьпярша было слова”. Веру ў любоў, бо яна пераадольвае немагчымае. Веру ў праўду, бо яна — сьвятло людзям. Веру ў Беларусь. І ў беларускую дзяржаўнасьць, і ў беларускае нацыянальнае Адраджэньне. Нарэшце, веру ў сілу мастацтва і культуры, калі яны хрысьціянскія і праўдзівыя.

Можна сказаць таксама, што вера — гэта маяк і крыніца. Бо дапамагае чалавеку выбраць шлях і не згубіць сілы. Так і я, фізык па прызваньні, ня мог прамінуць рэшткі старажытнай беларускай культуры ў часы, калі ім пагражала зьнікненьне. Разам з тымі, хто, як і я, верыў у праўду і сілу мастацтва. Мы цягам 10 год сабралі і за 12 год да краху антыхрысьціянскай сыстэмы адкрылі Музэй старажытнабеларускай культуры ў Акадэміі навук. У ім ня толькі ручнікі і посьцілкі, але абразы, скульптуры, срэбраныя шаты. Сабралі, нягледзячы на ўсе ахвяры, якія давялося панесьці, бо мы чэрпалі сілы з крыніцы нашае веры. Гэта ў той час, калі найвялікшым геройствам былі размовы на “паддашку”.

Я — не палітык, хаця Радыё Свабода такім мяне лічыць. Я ніколі ня жыў з палітыкі. Не зарабляў на ёй грошы. Хутчэй наадварот —губляў іх. І мне не падабаецца, што сёньня ў апазыцыі яны адыгрываюць вялікую ролю. “Ня можаце служыць Богу і мамоне”. Хаця я і разумею глыбіню нэндзы, глыбіню адчаю, калі чалавеку не дазваляюць зарабіць неабходныя сродкі сваёю працаю, без прыслугоўваньня і бяз здрады сваім ідэалам. Але грошы ня мусяць засьціць галоўнага – інтарэсаў беларускай дзяржавы, беларускага нацыянальнага Адраджэньня, абараніць якія здольная адно аб’яднаная апазыцыя. Аб’яднаная на ясных прынцыпах, якія і запісаныя толькі ў праграмах партый.

Ня веру ў сілу натоўпу, у канструктыўнасьць, стойкасьць і паслядоўнасьць “плошчы”, для якой патрэбны адно лёзунгі, адно спрошчаныя да прымітывізму заклікі. Беларусь выратуе культура. У гэтым мы лепшыя за Расею, але горшыя за Эўропу. Таму мой маяк, мая вера, паказвае шлях на Захад.

***

Юры Хадыка —прафэсар, фізык па прызваньні і вальнадумца па перакананьнях, намесьнік старшыні Партыі БНФ, адзін з заснавальнікаў Музэю старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі і адзін зь першых палітвязьняў улады Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG