Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Вячоркам і Сіўчыкам перанесены на 4 красавіка


Алесь Дашчынскі, Менск Савецкі раённы суд Менску перанёс разгляд справаў старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі і актывіста апазыцыі Вячаслава Сіўчыка на 4 красавіка.

Нагадаем, супрацоўнікі АМАПу затрымалі старшыню Партыі БНФ Вінцука Вячорку ўвечары 13 сакавіка ля дзьвярэй кватэры на вуліцы Кальцова. Ён вяртаўся разам з дачкой дадому.У гэты ж час быў затрыманы на плошчы Якуба Коласа і дастаўлены ва УУС Савецкага раёна актывіст апазыцыі Вячаслаў Сіўчык. Потым іх зьмясьцілі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна. 14 сакавіка Вінцука Вячорку і Вячаслава Сіўчыка выпусьцілі, даўшы позвы ў Савецкі суд на 23 сакавіка для разгляду адміністрацыйных справаў. Вячаслава Сіўчыка абвінавацілі ў тым, што ён нібыта спраўляў натуральную патрэбу ў двары аднаго з дамоў на праспэкце Незалежнасьці. Вінцука Вячорку абвінавацілі, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў прысутнасьці сваіх дзяцей.

Сёньня каля Савецкага суду спадара Вячорку і Сіўчыка чакалі актывісты апазыцыі, праваабаронцы і журналісты. Вінцук Вячорка у суд не зьявіўся. Судзьдзя Людміла Савасьцян сказала, што суд пра гэта не быў папярэджаны, таму аформлены прывад спадара Вячоркі ў суд на 4 красавіка. Судзьдзя Аксана Рэлява сказала, што спадар Сіўчык спазьніўся ў суд на паўгадзіны, таму адносна яго таксама аформлены прывад на 4 красавіка аб 11 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG