Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Радыё Свабода

Слухаць



«Свабоднае плаваньне»

Нарэшце да нас трапіла сольная праца аднаго з сааўтараў вядомага «Кактэбелю» Барыса Хлебнікава. Пасьля танных падробак накшталт «Cьпякоты», хлебнікаўскае «Свабоднае плаваньне» падаецца чымсьці сьвежым ды шчырым. Расповед пра маладога хлопца з расейскай правінцыі вабіць адсутнасьцю імпэрскага патасу. Хлебнікаў, як і мы, любіць простыя словы і простыя рэчы.

У гэтым фільме час спыніўся гадоў дзесяць таму. І калі замежнікі й набываюць стары завод, дык толькі дзеля таго, каб яго зачыніць. Жыцьцё бяз мэты, праца бяз сэнсу, каханьне з асьцярогай… Што рабіць – невядома. Куды бегчы – незразумела. Гэтая зьбянтэжаная інтанацыя – найбольш адметная рыса «Свабоднага плаваньня». Фільм падаецца зацягнутым ды манатонным. Але ён дакладна адлюстроўвае жыцьцё той краіны, якую не пабачыш у пуцінскіх блёкбастарах.

"Артур і мініпуты"

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – француска-амэрыканская анімацыя «Артур і мініпуты». Старэча Люк Бэсон канчаткова зьдзяцінеў. І пасьля стылёвага «Анёла А» вырабіў казачку пра хлопчыка і маленькіх чалавечкаў, што жывуць як раз на ягоным падворку.

Бэсон раней ўжо згуляў ў гэтую гульню. «Пяты элемэнт» таксама быў дзіцячай казкай, якую маленькі Люк напісаў ў школьным сшытку. Але да таго там былі неблагі экшн, выдатная сцэнаграфія і шыкоўная каманда актораў. «Артур» у гэтым сэнсе выглядае проста папялушкай: сюжет банальны, анімацыя пасрэдная, акторы невыразныя. І нават тое, што да агучкі далучыліся Ніколь Кідман і Дэвід Боўі, ня здольна выправіць справу. Раней Бэсона глядзець было неабходна. Цяпер неабавязкова.

«Плаксун»

А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Да амэрыканскага блазна Джона Ўотэрса можна ставіцца па-рознаму. Але гэты рэжысёр мае талент інакш бачыць самыя стандартныя сюжэты. Ягоны фільм «Плаксун» -- шалёны рок-н-рол на костках клясычнага маладзёвага кіно.

«Плаксун» – першая сур’ёзная роля Джоні Дэпа. А да таго тут ёсьць заслужаны хуліган Ігі Поп, выбуховае рокабілі, бойкі малайцоў ў чорных скураных куртках і, натуральна, лірычная лінія. Такая кранальная, што проста сьмех.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG