Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Верхнім горадзе пашыраецца “экскаватарная археалёгія”


Ігар Карней, Менск На думку экспэртаў, гістарычнаму цэнтру Менску пагражае небясьпека поўнага зьнішчэньня. Наш карэспандэнт таксама пераканаўся: археалягічныя і рэстаўрацыйныя працы ў Верхнім горадзе пастаўленыя на “экскаватарны канвэер”. Ён прайшоўся па Верхнім Горадзе разам з археолягам Сяргеем Тарасавым.

Былы кіраўнік аддзелу археалёгіі сярэднявечча Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Сяргей Тарасаў калісьці нямала часу прысьвяціў вывучэньню залеглых пад тоўшчамі Верхняга гораду культурных пластоў. Пасьля таго, як яго выгналі зь Інстытуту, ён прыходзіць да старых муроў толькі ў якасьці “гіда”:

“Мы зараз у двары будынка былой вуліцы Бакуніна, цяпер Кірыла і Мятоды, 8. Гэта ўсё раён Гандлёвай вуліцы, добра вядомыя нам плошча і памяшканьні. Магутнасьць культурных археалягічных напластаваньняў тут дасягае чатырох і болей мэтраў. Чым яшчэ цікавы будынак? Ва ўваходзе вось з гэтага ганку калісьці знаходзілася менская археалягічная калекцыя, тая самая, якую потым перавезьлі на вуліцу Рыбалкі, пасьля чаго яна зьнікла на сьметніку ў Калядзічах. А тое, што бачым, гэта выдаткі заплянаванага тут будаўніцтва забаўляльнага цэнтру. І вось гляджу, што проста выкапалі экскаватарам здаравенны катлаван, вось відавочныя сьляды экскаватару. А гэта тое, што трэба было разьбіраць рыдлёўкамі, з самага верху, праводзіць археалягічныя дасьледаваньні. Не нагляд, а ўжо дасьледаваньні, таму што самы магутны і цікавы пласт – гэта XVII-XVIII стагодзьдзі. Як і на ўсёй Гандлёвай вуліцы”.

Блукаючы паміж наваленымі бульдозэрам кучамі “культурных пластоў”, спадар Тарасаў раз-пораз спыняецца і ўздыхае: лёс археалягічнай калекцыі могуць падзяліць муры, прылеглыя да кляштару бэрнардынаў XVII стагодзьдзя. У плянах гарадзкіх уладаў – пабудова ў сярэднявечным квартале забаўляльнага цэнтру з 5-зоркавым гатэлем. Паводле экспэртаў, якім удалося пабачыць праектную дакумэнтацыю на засваеньне вуліц Гандлёвай, Гэрцэна, Кірылы і Мятоды, гатэль мае разьмясьціцца якраз на старых мурах:

“Рэальна на сёньняшні дзень нічога больш старога мы ў Менску ня маем. Больш старажытны, безумоўна, кляштар і касьцёл дамініканцаў, але ён цалкам зьнішчаны, і на ягоных падмурках хоць часткова, але тыльнай, задняй часткай стаіць Палац рэспублікі. Ну, і канешне, Сьвята-Духаўская царква XVII стагодзьдзя. Але ад яе толькі падмуркі захаваліся, і то яны ляжаць у зямлі. Больш там нічога няма, сёньня там пусты пляц і аўтамабільная стаянка. Вось, уласна кажучы, і ўсё. Так што, такіх будынкаў насамрэч няма”.

Зусім ня выключана, што цяперашняе пакаленьне менчукоў бачыць бясцэнныя пабудовы і падмуркі (а ўзрост некаторых набліжаецца да 400 гадоў) апошнія месяцы. З улікам тэмпаў працы, распачатай на тэрыторыі, наскрозь працятай гісторыяй, абяцаньні кіраўнікоў Менгарвыканкаму за два гады да “непазнавальнасьці” зьмяніць цэнтар сталіцы не падаюцца чымсьці невыканальным. А гэта, паводле археоляга Сяргея Тарасава, прывядзе толькі да аднаго – да страты, бадай, апошняй выспы сярэднявечча ў Менску: “Калі мы кажам пра ўрбаністычную спадчыну, цікава тое, як натуральным чынам фармавалася гарадзкое асяродзьдзе – архітэктурнае, ляндшафтнае; рэгіянальнае заніраваньне гораду, то бок, якія часткі гораду якім патрэбам адпавядалі. Безумоўна, калі нешта аднаўляецца, дык разам з ляндшафтам, іначай не адчуецца гісторыя ў горадзе. А яна павінна пачынацца з таго ж Замчышча, з пакручастых вулачак, зь Нямігі, якая працякала пад нагамі і на якой былі масткі. Можна і сёньняшнімі сродкамі рабіць, у сучасным выглядзе, але каб заставалася адчуваньне старасьветчыны, Старога гораду. Бо калі толькі арыентавацца на тое, што пачалі пракладаць пасьля вайны, гэта памылкова. Шчыра кажучы, усё пачалося яшчэ ад Расейскай імпэрыі, з загаду Кацярыны аб перапраектаваньні старажытных гарадоў. Яна лічыла, што ў тым ліку і беларускія гарады не адпавядаюць “зручнасьці пражываньня”.

Напярэдадні ў інтэрвію Радыё Свабода намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі сказаў, што яго ведамства ня мае праектнай дакумэнтацыі перабудовы на сучасны лад тэрыторыі, прылеглай да ансамблю кляштару бэрнардынаў. Аднак, паводле іншых дадзеных, згаданае ўпраўленьне сёлета ў студзені дало дазвол інстытуту “Мінскпраект” на правядзеньне навукова-дасьледчых і праектных працаў дамоў № 6 і 8 па вуліцы Кірыла і Мятоды. Згодна з плянамі забудовы, менавіта на муры XVII-XVIII стагодзьдзяў “ляжа” басэйн элітнага гатэлю.



Узор “экскаватарнай” археалёгіі.



На месцы зруйнаваных дамоў на вуліцы Герцэна паўстаюць “катэджы”.



Духоўна-адукацыйны цэнтар пашырае свае межы.



Чарговы кандыдат на радыкальную “рэстаўрацыю”.



“Минская спадчына” дбае пра менскую спадчыну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG