Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф верыць у збліжэньне Беларусі з Эўропай


Радыё Свабода Дэпутатка Бундэстагу і старшыня рабочай групы па Беларусі ПА АБСЭ Ута Цапф лічыць, што гатоўнасьць беларускай адміністрацыі ды дыялёгу і супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю ёсьць важнай перадумовай для будаўніцтва дачыненьняў паміж гэтай краінай і аб’яднанай Эўропай.

У сваёй заяве для прэсы спадарыня Цапф вітае нядаўняе правядзеньне ў Менску сэмінару на тэму вывучэньня магчымасьцяў Беларусі ў рамках эўрапейскай стратэгіі суседзтва.

Дэпутатка Бундэстагу выказвае спадзяваньне, што правядзеньне другога сэмінару ў праблемах свабоды СМІ з удзелам прадстаўнікоў ПА АБСЭ, беларускай адміністрацыі і беларускай апазыцыі паскорыць набліжэньне Беларусі да Эўрапейскай супольнасьці. “Мы чакаем ад беларускай адміністрацыі адкрытага дыялёгу зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю… У якасьці наступных крокаў лічым неабходным вызваленьне палітычных вязьняў, лібэралізацыі існуючага рэпрэсіўнага заканадаўства ў дачыненьні няўрадавых арганізацыяў, палітычных партыяў і СМІ”, -- гаворыцца ў заяве Уты Цапф

Дамоўленасьць пра сэмінары была заключана паміж рабочай групай па Беларусі ПА АБСЭ і беларускай дэлегацыяй у ПА АБСЭ ў 2004 годзе. Аднак іх правядзеньне некалькі разоў адкладалася, паколькі прадстаўнікі афіцыйнага Менску не пагаджаліся на ўдзел апазыцыі. Сёлета 15 сакавіка ў Менску адбыўся першы з заплянаваных сэмінараў на тэму “Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках эўрапейскай стратэгіі суседзтва”. Ён праходзіў пад старшынёўствам Уты Цапф і намесьніка кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалоцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG