Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатнія інтэрнэт-сеткі паставяць на дзяржаўны кантроль


Ігар Карней, Менск Хатнія інтэрнэт-сеткі, якія створаны для калектыўнага і больш таннага падключэньня да інтэрнэту, улады абяцаюць узяць пад кантроль. Таксама больш жорсткімі будуць правілы гандлю праз інтэрнэт-крамы. Ад сёньня для працягу сваёй дзейнасьці яны мусяць абавязкова зарэгістравацца ў даменнай зоне BY.

Рэглямэнтаваць дзейнасьць інтэрнэт-сетак хутка будзе адмысловая ўрадавая пастанова. Як кажа мэнэджэр тэлекамунікацыйнай кампаніі “Ай Пі ТэлКам” Валер Гвардыян, новаўводзіны выкліканы ня толькі жаданьнем спыніць выпадкі несанкцыянаванага доступу да інтэрнэту:

“Такія размовы йдуць дзесьці цягам апошняга паўгоду. Што гэта можа азначаць? Total control, татальны кантроль. Прыкладам, калі наша кампанія мае пра ўсіх нашых кліентаў інфармацыю – тэлефон, нумар кватэры, прозьвішча і г.д., то некаторыя такой інфармацыі ня маюць. Бо існуюць розныя сыстэмы білінгу і рэгістрацыі кліентаў. Таму дзяржава вырашыла: гэта вялікі кавалак рынку, які мусіць быць упарадкаваны. Напрыклад, “Белтэлекам” ня мае кліентаў хатніх сетак увогуле. А мы, прыватныя правайдэры, маем. Таму калі зьнішчыць усе сеткі, то мы страцім грошы. Гэта першае. Другое – гэта кантроль, безумоўна. І трэцяе, нейкія захады рабіць усё ж неабходна, бо патрэбная адзіная, нармалёвая сыстэма для сетак. Я кажу пра тэхнічны стан”.

Паводле спадара Гвардыяна, хатнімі інтэрнэт-сеткамі апошнім часам карыстаюцца ўсё больш, паколькі гэта самы танны выхад ў інтэрнэт. А таксама магчымасьць перапісаць новыя кінафільмы, музычныя навінкі, кампутарныя гульні і г.д.

Пакуль мэханізам працы хатніх сетак удакладняецца, ад сёньня пачала дзейнічаць пастанова Савету міністраў, згодна зь якой рэгулюецца дзейнасьць інтэрнэт-крамаў. Ужо ад 19 сакавіка юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадаюць тавары праз інтэрнэт-крамы, абавязаныя падаць дакумэнты ў аддзелы рэгістрацыі і ліцэнзаваньня ў выканкамах. Там ім трэба атрымаць даменнае імя BY, зарэгістраванае Дзяржаўным цэнтрам бясьпекі інфармацыі пры адміністрацыі прэзыдэнта. Улады тлумачаць свае дзеяньні недаборам падаткаў ад гандлю праз інтэрнэт.

Паводле міністэрства гандлю, дагэтуль у беларускай інтэрнэт-прасторы працавала блізу тысячы інтэрнэт-крамаў. Цяпер напаўлегальныя гандляры, хутчэй за ўсё, пакінуць гэтую пляцоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG