Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: “Ці галасавалі Вы летась на выбарах і за каго?”


Іна Студзінская, Менск Год таму, 19 сакавіка 2006 году, адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Ці хадзіла моладзь на выбары, за каго галасавала, ці шкадуе пра свой выбар? Маладых менчукоў апытвала наша карэспандэнтка.

Карэспандэнтка: “Вы памятаеце, што год таму ў гэты дзень былі прэзыдэнцкія выбары?”

Юнак: “Добра памятаю. Я галасаваў за Мілінкевіча. Не шкадую”.

Карэспандэнтка: “Гэтымі днямі была плошча. Ці былі вы там?”

Юнак: “Так, быў, бачыў. І ня толькі 19-га. Але і ўсе наступныя дні — і 24-га, і 25-га. Усё гэта бачыў і ўдзельнічаў. Добра, што не сядзеў. Але мог, таму што калі я раніцай нёс тэрмас з гарбатай, мяне маглі затрымаць”.

Карэспандэнтка: “За каго галасавалі год таму?”

Спадар: “Не за дзейнага прэзыдэнта”.

Дзяўчына: “Я галасавала за дзейнага прэзыдэнта, мне тады было васямнаццаць гадоў. І я не шкадую, што прэзыдэнт у нас ёсьць, і спадзяюся, яшчэ доўга будзе”.

Юнак: “Галасаваў за Мілінкевіча. Не шкадую ні кропелькі”.

Хлопец: “Я за Лукашэнку галасаваў. Быццам бы не шкадую”.

Юнак: “Я быў на плошчы, і ніколі гэтага не хаваў, усім пра гэта кажу. І калі будзе патрэбна, пайду зноў”.

Спадар: “Я ні за каго не галасаваў”.

Карэспандэнтка: “Памятаеце, што год таму ў гэты дзень былі прэзыдэнцкія выбары?”

Спадар: “Так, памятаю. Але не галасаваў, не хадзіў на выбары”.

Юнак: “У гэты дзень? Ня памятаю. І на выбары не атрымалася пайсьці”.

Дзяўчына: “Ня вельмі добра, але памятаю”.

Карэспандэнтка: “А Вы галасавалі?”

Дзяўчына: “Ня памятаю. Ой, галасавалі, галасавалі! За каго, ня памятаю”.

Спадарыня: “Я за Казуліна, памятаю”.

Карэспандэнтка: “А не шкадуеце пра свой выбар? Цяпер ён за кратамі”.

Спадарыня: “Я пра гэта ўжо запамятавала”.

Дзяўчына: “Мы не хадзілі на выбары. Мы вырашылі, што гэта не патрэбна, гэта проста правакацыя”.

Спадарыня: “Я супраць усіх галасавала”.

Карэспандэнтка: “А тады былі падзеі на плошчы...”

Дзяўчына: “Так, бачылі, назіралі”.

Спадарыня: “Марныя намаганьні. Проста людзі, якія там былі, шмат хто страціў працу, шмат хто сутыкнуўся з праблемамі ў вучобе. Нічога з гэтага ня выйшла й выйсьці не магло”.

Дзяўчына: “Яны малайцы, канечне. Але іх было вельмі мала, таму яны нічога не змаглі зрабіць”.

Спадарыня: “Я хадзіла галасаваць, галасавала за Мілінкевіча. Пра свой выбар не шкадую. Пра выбар народу шкадую”.

Хлопец: “Памятаю, што год таму былі прэзыдэнцкія выбары”.

Карэспандэнтка: “А за каго галасавалі, калі не сакрэт?”

Хлопец: “Сакрэт”.

Спадар: “За прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Не шкадую пра свой выбар”.

Дзяўчына: “Я галасавала за Мілінкевіча”.

Дзяўчына: “А я за Казуліна”.

Спадарыня: “Не за “бацьку”.

Карэспандэнтка: “А не шкадуеце цяпер пра выбар свой?”

Дзяўчаты: “Не шкадуем”.

Спадарыня: “Проста іншага выбару не было”.

Спадар: “На выбарах галасаваў. За каго — не скажу, гэта мая асабістая справа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG