Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяржаўная плошча – не прыватная крама, а пабудавана на народныя грошы. Народ мае права ёю карыстацца”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 19 сакавіка, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24. Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў

Сталы слухач: “Вось шукаў я… “Deutche Welle” паслухаў, яшчэ недзе, захапіў Вас дваццаць хвілін на восьмую. І пачуў, што нейкія апазыцыйныя групы вырашаюць нейкія пытаньні. У кожнага рознае. Але яны вось разважаюць, вядуць перамовы толькі між сабой, таму што я зусім нічога не зразумеў. Навошта ж тады даваць ім час, калі нічога не зразумела. Выразна б сказалі, што апазыцыя, наша група павінна рабіць тое і тое і, галоўнае, для чаго рабіць. Трэба выказаць, якая канчатковая мэта, дзе сьвятло ў канцы тунэлю. А тое нешта ўсё кажуць… Таму калі ўжо кажаце, дык кажыце асэнсавана, што, чаго і як. Вы паміж сабой паразмаўляйце. А нам дакладна скажыце, што Вы хочаце зрабіць. І пра той Кангрэс: якія пытаньні Вы ставіце і якія вынікі павінны быць, чаго трэба дабівацца. Таму што ў маіх любімых беларусаў не карыстаецца аўтарытэтам гэтая мышыная валтузьня, усе гэтыя групы і апазыцыя.

Вельмі шкада, страшна глядзець, але беларусы сьпіваюцца. Гэта бяда. Ёсьць захады, якія трэба прымаць. Ня проста зьбіваць людзей, забіваць людзей, саджаць людзей, а менавіта, дзе толькі можна, у раёнах, мястэчках ствараць спартовыя пляцоўкі, каб людзі маглі ў футбол згуляць, у валейбол. Для аматараў. Гэта ж цікава. А наш калгасьнік недзе там быў абяздолены ў сваёй вёсцы. Ня бачыў ніколі мяча. Для яго гэта нібы нейкае адкрыцьцё. І вось ён усіх гэтым апанаваць вырашыў. Сядзяць там пару дубоў, цягліцы павялічваюць, езьдзяць па замежжы… Дзеля чаго? Усё роўна па хакею і футболу ёсьць краіны, якія традыцыйна бяруць узнагароды. Трэба больш аматарскі спорт пашыраць. Як некалі быў. А гэты кінуўся ў гігантаманію. Усюды нашых пасылае. 46-е, 47-е, 53-е месцы… Каму гэта трэба?! Трэба людзям даць, каб яны займаліся. А то нацыя адно сьпіваецца!”

Спадар: “У любой дэмакратычнай краіне масавыя выступы з разнастайнымі патрабаваньнямі праходзяць дзесяткі разоў на год. У нас жа масавыя выступы супраць тыраніі адзін раз на год. І гэта мы называем барацьбой супраць дыктатуры. Калі ёсьць, што сказаць, скажыце”.

Лушчынская Надзея: “Паважная “Свабода,” просім павіншаваць з Днём нараджэньня вязьніцу сталінскага ГУЛАГу Пальчынскую Ірыну Пятроўну, якой на пачатку сакавіка споўнілася 80 гадоў. Ірына Пятроўна – шчырая патрыётка сваёй Радзімы, шануе і любіць родную мову, мае актыўную жыцьцёвую пазыцыю і прагрэсіўныя погляды. Ад усяго сэрца жадаем Ірыне Пятроўне моцнага здароўя, жыцьцёвай энэргіі. Няхай споўніцца яе мара пажыць у свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Ірына Пятроўна просіць праз Радыё Свабода адгукнуцца былых вязьняў ГУЛАГу, якія яе ведалі. З павагай”.

Аляксандр Лапіцкі: “Спадары заходнія і беларускія палітыкі! Калі Вы насамрэч жадаеце адхіліць Лукашэнку ад улады, то павінны выконваць парады, якія дае марксіст Аляксандр Лапіцкі. Лукашэнку Захад не павінен выстаўляць шмат умоў, дастаткова адной: каб Лукашэнка не перашкаджаў “Народнай Волі” друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі, як і газэце Якубовіча “Беларусь сёньня”.

Спадар: “Эўразьвяз можа дэмакратызаваць Беларусь вельмі хутка, у два-тры гады. Але для гэтага неабходна адмяніць візавы рэжым для грамадзян краіны. Пры гэтым рэжым Лукашэнкі, пабудаваны на людзкіх костках, імгненна зьнікне”.

Анатоль, Гомель: “Дзень добры, “Свабода”. Некаторыя людзі, у тым ліку і ў апазыцыі, працягваюць спадзявацца на Расею ў вырашэньні нашых праблемаў. Спэцыяльна для гэтых людзей прыводжу некаторыя лічбы. Фэдэральны бюджэт Расеі складае 35 мільярдаў даляраў. Для параўнаньня, выдаткі на турмы ў ЗША складаюць 30 мільярдаў даляраў. У той жа час сыравінных рэсурсаў у Расеі па 150 тысяч даляраў на чалавека. А ў ЗША толькі 16. Усё гэта сьведчыць пра нядбайнасьць расейскай адміністрацыі і абсалютнай адсутнасьці пашаны да людзей, пагардай іх інтарэсамі. Дык ці трэба нам спадзявацца на іх? Мы павінны спадзявацца толькі на свае сілы, рэсурсы і на сваю асабістую волю”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Вось слухаў выказваньні, разважаньні чыноўніка наконт Кастрычніцкай плошчы, які сказаў літаральна “гэта дзяржаўная плошча”. Хацелася б запытацца ў яго, а няўжо ў нас зьявіліся нейкія прыватныя плошчы на вуліцах. Можа быць, і вуліцы хто ў прыватную ўласнасьць узяў ці ў нейкую калгасную? Ці можа, нам параяць у Трасьцянцы на звалках зьбірацца ці на палігонах? Вось яго надрыўны крык – “Гэта дзяржаўная плошча!” – хай адкажа, ці ёсьць ужо прыватныя. Можа, хто ўжо і аэрадромы дзе якія ўзяў ва ўласнасьць? Перадайце, калі ласка, маё пытаньне гэтаму чыноўніку. Дзякуй”.

“Добры вечар, “Свабода”. Так здарылася, што я, мабыць, адзіны Вас загружаю сваімі вершамі. Вось зьявілася баечка, прысьвечаная выбарам. Тыповыя развагі на гэты конт, асабліва сярод вяскоўцаў.

Гэты ўжо сабе набраў, задаволіўся. Новы ж зноў пачне з таго, з чаго той, хто звольніўся Дык чаго яго мяняць, рызыкуючы. Ды й другога ж не відаць, толькі ён кіруючы. Так жывем на ланцугу з гэтаю навукаю І накінем той ланцуг мы на шыю ўнукаў”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Улада фактычна дазволіла Кангрэс дэмакратычных сіл. Але ўсё гэта нагадвае прадуманы кіруемы сцэнар: “Падзяляй і пануй!” Зноў апазыцыянэр Лябедзька будзе гаварыць многа прыгожа і, па сутнасьці, не аб чым. Зноў забалбатаваньне. Можа хопіць? Думаю, дазволу на сьвяткаваньне 25 сакавіка не дачакаемся. Нездарма распачынаецца новая плянавая акцыя супраць беларускасьці. Гэтым разам палезьлі ў школьную праграму па беларускай літаратуры. Ну, як стараюцца дагадзіць Крамлю. Проста нянавісьць нейкая да ўсяго беларускага. А можа “шапка Манамаха” яшчэ сьніцца? Ды сілы ў народзе назапашваюцца. Маўкліва, цяжка ды ўжо не спыніць. Дзякуй. Усяго найлепшага. Ваша адданая слухачка”.

Спадар: “Губэрнатар царскай расейскай імпэрыі Мураўёў увайшоў у гісторыю як вешальнік змагароў паўстаньня за вольную Беларусь Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. А кіраўнік беларускай дзяржавы Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыя як душыцель, зьнішчальнік усяго беларускага: мовы, літаратуры, культуры, гісторыі, сымбаляў і свабоды. Дзьве родныя душы – вешальнік Мураўёў і душыцель Беларусі Лукашэнка”.

Анастас Семяновіч: “Дарагое спадарства Радыё Свабода! Добры вечар. Таварышы “лукашысты”, Вы робіце вялікую памылку, калі кажаце, што плошча Кастуся Каліноўскага зьяўляецца дзяржаўнай, то бок таварыша Лукашэнкі. Хто будзе выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь? Праўда, яна сёньня фармальная. Любы спадар ці спадарыня маюць права на мітынг, каб выказаць свае думкі. Наконт сёньняшняй улады. Я ўпэўнены, што народ прыйдзе менавіта на плошчу Кастуся Каліноўскага. А Вы, калі нічога ў галаве не засталося, можаце пускаць свой АМАП і спэцпадразьдзяленьні. Зноўку Амэрыка і Эўропа пераканаюцца ў Вашай гістэрыі. Размаўляць пасьля гэтага яны з Вамі ня будуць. Што можна ў дадзеным выпадку Вам параіць, таварыш Лукашэнка? Прыйдзіце на Плошчу і выступіце перад народам, і падзякуйце, што яны Вас трывалі цягам 13 год. Аб’явіце выбары прэзыдэнта і пасьля гэтага ідзіце на заслужаны адпачынак. Жыве Беларусь!”

Віктар Буто, Менск: “Крыху пра дыскрымінацыю па-беларуску. Возьмем толькі чатыры з тых, што існуюць у горадзе Менску. Узроставую, незаконныя звальненьні, за незнаходжаньне ў фэдэратыўным прафсаюзе, над ліквідатарамі ЧАЭС па артыкулу 14 частка 1 закону СССР ад 12 траўня 1991 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Яны зьяўляюцца сапраўдным жахам для любога прыстойнага, добрасумленнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Асабліва са сьнежня 1991 году. І для тых, хто не адносіцца да недатыкальных. Такіх могуць ня браць на працу, нават дворнікам. Не выплачваць дапамогу па беспрацоўю, могуць пастаянна беспадстаўна звальняць з працы за тое, што добра выконваюць свае абавязкі, зьдзяйсьняюць над імі і іншыя асабліва небясьпечныя крымінальныя злачынствы. Найбольш безабароннай катэгорыяй грамадзян зьяўляецца чацьвёртая – ліквідатары, якая складае толькі 0,7 % ад усіх грамадзян, што жывуць у Менску”.

Зіноўеў: “Да пятніцы прапаную Вячорку падаць у той жа суд свой пратакол пра парушэньне міліцыяй закону ў ноч з 13 на 14 сакавіка”.

Спадар: “Дарагая “Свабода,” скажыце, да якога часу будзе глушэньне перадачаў? Глушаць без канца, не магчыма ўключыць прымач. Немагчыма пачуць ня тое, што пра Лукашэнку ці пра Беларусь, а нават свой голас глушаць. Дык няхай гэтыя грошы аддасьць бедным пэнсіянэрам. Да якога часу будзе гэты зьдзек з народу? Квартплата павысілася, усё падаражэла, а пэнсіі на месцы засталіся. Раз у два гады пэнсіі падвышаюць. А кошты кожны месяц і кожны дзень новыя. На 100-200 рублёў усё падвышаецца і падвышаецца. Да якога часу будзе гэтая дыскрымінацыя народу? Беларускую мову прыгнятае, хоча наагул вывесьці. А кітайскую і габрэйскую ўжо трэба вывучаць! Ён хоча сваю мову ўсталяваць. Трэба, каб тыя грошы, што ідуць на глушылкі, ён аддаў пэнсіянэрам”.

Кісель, в. Калінок, Чэрвенскі р-н: “Прадстаўнікам апазыцыйных партый і ўсім апазыцыянэрам Рэспублікі Беларусь! Перш чым праводзіць Кангрэс дэмакратычных сіл і ўсялякія дэмакратычныя выступы, патрэбна ўсім добра вывучыць байку Крылова “Лебедзь, рак і шчупак”. А потым ужо ад гэтай байкі і скакаць. Будзьце здаровы!”

Спадарыня: “Адзін чыноўнік даволі агрэсіўна сказаў, што не атрымаеце Кастрычніцкую плошчу, яна дзяржаўная. А беларускі народ, на шыі якога сядзіць гэты чыноўнік, гэта што? Не дзяржава?! Любы грамадзянін. Які мае беларускае грамадзянства, мае права прыйсьці на дзяржаўную плошчу і выказаць сваё стаўленьне да існуючай улады. Наконт назвы плошчы Каліноўскага. Чыноўніка зьдзіўляе і абурае гэта назва. Кастусь Каліноўскі – гэта герой Беларусі. І да назвы дзяржаўнай плошчы Беларусі гэта асоба падыходзіць больш, чым безаблічная назва “Кастрычніцкая”. Дзяржаўная плошча – не прыватная крама, а пабудавана на народныя грошы. Народ мае права ёю карыстацца. Хатняй маёмасьцю няхай распараджаюцца, а плошчаю будзе беларускі народ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG