Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс дэмакратычных сілаў: чыньнік яднаньня ці разьяднаньня?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: cтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня аргкамітэту ў стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд.

Cлухаць



Валер Карбалевіч: “Пытаньне наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў працягвае заставацца ў цэнтры рознагалосьсяў розных апазыцыйных арганізацыяў.

Учорашняе паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў (ПР АДС) не праясьніла сытуацыі. Прычым, нават трактоўкі рашэньня, якое прынялі, у розных бакоў розныя. Дык у чым сутнасьць рознагалосьсяў? І пра што дамовіліся на ўчорашнім паседжаньні Палітрады?”

Анатоль Лябедзька: “Юрыдычна ўчора не прынялі ніякіх рашэньняў. Бо паводле рэглямэнту ПР АДС рашэньне прымаецца дзьвюма трацінамі сябраў рады — то бок, дзесяцьцю галасамі. Ніводная прапанова такой колькасьці не сабрала.

Я расчараваны тым, што сем суб’ектаў адмовіліся галасаваць за рашэньне пра тое, каб да 1 красавіка была распрацаваная пазытыўная альтэрнатыва ў выглядзе “Малой канстытуцыі”, эканамічнай плятформы, стратэгіі дзеяньняў дэмакратычных сілаў.

Спрэчкі разгарнуліся вакол пытаньня, што важнейшае: працэдура ці пазытыўная альтэрнатыва? Некаторыя лічаць, што працэдура важнейшая. Я таксама лічу гэтую праблему важнай. Але прыярытэтам павінна быць пазытыўная альтэрнатыва”.

Уладзімер Навасяд: “На мой погляд, учора ўсё ж было прынятае рашэньне, за якое прагаласавала большасьць (сем суб’ектаў). Мы лічым, што перш чым вызначаць дату КДС, трэба спачатку падрыхтаваць усе дакумэнты і ўзгадніць працэдуры”.

Карбалевіч: “Ці зможа кампрамісная прапанова Партыі БНФ стаць асновай для паразуменьня? Наколькі яна ўлічвае пазыцыі абодвух бакоў?”

Лябедзька: “Прапановы, якія зрабіў спадар Вячорка, найперш датычаць працэдуры: склад дэлегатаў, парадак дня, склад будучай Палітрады. Пытаньні важныя, бо неэфэктыўнасьць кіраваньня апазыцыйнай кааліцыяй прызнаюць усе.

Але пагаджальная камісія ў гэтым пытаньні павінна працаваць у нейкіх часовых рамках. Нельга спрачацца ва ўсіх пытаньнях год ці два. Учора прапаноўвалася да 1 красавіка падрыхтаваць неабходныя дакумэнты і вынесьці дзеля зацьвярджэньня на Палітраду. Але гэтая прапанова не была падтрыманая”.

Навасяд: “Тры-чатыры месяцы назад ПР АДС прыняла кампраміснае пагадненьне, у якім гаворка ішла пра рэглямэнт КДС, працэдуру яго падрыхтоўкі.

Потым некаторыя пункты гэтага пагадненьня былі адмененыя, зьменены парадак дня КДС, працэдуры выбраньня дэлегатаў. З гэтага і пачаліся разнагалосьсі. Мы прапануем вярнуцца да яго.

Зразумела, працэдура — ня самае галоўнае. Але яна дапамагае ўтрымліваць кампраміс і супрацоўніцтва ў межах кааліцыі. Пазыцыя нашай Эўрапейскай кааліцыі такая: спачатку рабочыя групы падрыхтуюць дакумэнты, а потым можна абмяркоўваць дату КДС”.

Карбалевіч: “Гэтае новае рашэньне, што адмяняе некаторыя пункты старога, прынялі ў рамках рэглямэнту працы ПР АДС? Яно легітымнае?”

Навасяд: “Яно нелегітымнае — бо першапачатковае пагадненьне было вынікам кампрамісу. А кампраміс нельга парушаць шляхам перагаласаваньня”.

Лябедзька: “Праблема ў тым, што тая частка сябраў Палітрады, якая настойвае на вяртаньні ранейшага пагадненьня, насамрэч рэвізуе ягоныя палажэньні. Адзін прыклад. Мілінкевіч кажа, што пойдзе на КДС толькі пры ўмове, калі там будзе выбірацца лідэр з шырокімі паўнамоцтвамі. Партыя БНФ, АГП і КПБ пагадзіліся дзеля кампрамісу.

Тады Мілінкевіч кажа, што склад дэлегатаў адлюстроўвае толькі партыйныя інтарэсы, а грамадзянская супольнасьць там не прадстаўленая. Мы пагадзіліся далучыць да тых дэлегатаў, якія заваявалі права на ўдзел у КДС, дэлегатаў папярэдняга кангрэсу. Але пры адной умове: у кадравых пытаньнях могуць галасаваць толькі новыя дэлегаты. Але і гэты кампраміс з нашага боку не прывёў да згоды.

Я так разумею, што нашы апанэнты выкарыстоўваюць такую тактыку: гаварыць пра працэдуру, не вызначаць дату, пакуль ня будуць падрыхтаваныя ўсе пытаньні. А там пачнецца лета, — ня самая лепшая пара для КДС, потым восень, зіма. У выніку мы падыходзім да 2008 году, там пачынаецца кампанія выбараў Палаты прадстаўнікоў, а мы, як заўсёды, не гатовыя. Такая тактыка непрымальная”.

Карбалевіч: “Складваецца ўражаньне, што абодва бакі ўжо вызначыліся ў сваёй пазыцыі. АГП і Саюз левых сілаў ужо дамовіліся праводзіць КДС і сёньня зьбіраліся, каб дамовіцца пра дату, месца і іншыя практычныя пытаньні яго правядзеньня.

А прыхільнікі Мілінкевіча, мабыць, не зьбіраюцца ў ім удзельнічаць. І ўсе перамовы, дыскусіі — дзеля захаваньня твару ў вачах грамадзкасьці. І раскол стаў незваротным фактам. Ці згодныя вы з такой вэрсіяй?”

Лябедзька: “Хачу нагадаць, што адрозна ад іншых суб’ектаў апазыцыі, АГП выступіла з ініцыятывай правядзеньня КДС адразу пасьля заканчэньня прэзыдэнцкай кампаніі. Больш за тое, падчас правядзеньня мінулага кангрэсу я падпісаў ягоныя дакумэнты з агаворкай: мы разглядаем КДС як стала дзейны найвышэйшы прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў. Таму нашая пазыцыя не каньюнктурная, а прынцыповая.

Важна, каб на КДС была прынятая палітычная альтэрнатыва палітыцы ўладаў. І каб пасьля завяршэньня яго пачалася рэальная праца з насельніцтвам”.

Навасяд: “Я б не называў гэтую сытуацыю расколам. Дэмакратычныя сілы сёньня ня надта ўплывовыя, каб дапусьціць гэта. Эўрапейская кааліцыя трымае сваю лінію, мы не ўваходзім у рух “За свабоду!”, які стварае Мілінкевіч.

КДС ня можа быць пунктам, зь якога пачынаецца ці заканчваецца праца. Гэта кульмінацыйны форум, які праводзіцца напярэдадні важных палітычных кампаніяў ці рэзкай зьмены палітычнай сытуацыі. Трэба весьці перамовы і дамаўляцца, як бы цяжка ні было”.

Карбалевіч: “Такім чынам, КДС, які павінен быць чыньнікам кансалідацыі дэмакратычнай супольнасьці, у рэальнасьці стаў чыньнікам расколу. У пытаньні яго правядзеньня выявіліся пакуль непераадольныя рознагалосьсі. І надзеі на кампраміс з кожным днём усё меншыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG