Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Леаніла Чарняўская 16.11.1893, в. Таргуны (цяпер Докшыцкі раён) — 26.9.1976, Ленінград.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Магчыма, хтосьці не пагодзіцца, але я лічу, што, каб быць жонкаю пісьменьніка, таксама трэба мець адмысловы талент. Леаніла Чарняўская, безумоўна, валодала ім. Як, дарэчы, і талентам літаратурным, а таксама пэдагагічным.

Скончыўшы ў 1910-м Марыінскую вышэйшую вучэльню ў Вільні, яна колькі гадоў настаўнічала ў Дзісенскім павеце, а затым пераехала ў горад свайго студэнцкага юнацтва. Там у 1919-м Леаніла стала спадарожніцаю жыцьця будучага клясыка нашай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Праз тры гады яна, тады выкладчыца Беларускай гімназіі, упершыню даведалася, што значыць быць жонкаю зьняволенага. Пасьля двух арыштаў Максіма польскімі ўладамі Гарэцкія перабраліся ў БССР.

Посьпехі “беларусізацыі” натхнялі й жывілі надзеі на пабудову незалежнага Беларускага дому. Гарэцкі выкладаў мову й літаратуру ў БДУ і ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, шмат пісаў і друкаваўся. Леаніла выхоўвала дзяцей і ў вольную часіну таксама сядала да пісьмовага стала. Асабліва добра атрымліваліся ў яе дзіцячыя апавяданьні, што склалі кнігі “Лявонка”, “Кот Знайдзён”, “Андрэйка”... Дзякуючы ёй загучалі па-беларуску творы Рэдзьярда Кіплінга, Эрнэста Сэтана-Томпсана, “Тыль Уленшпігель” Шарля дэ Кастэра.

У 1930-м грымнула справа “Саюзу вызваленьня Беларусі”, і Гарэцкі атрымаў пяць гадоў высылкі. Леаніла дзяліла ягоны лёс у Вятцы і ў пасёлку Пясочня на Смаленшчыне. Для дзіцячага садку, дзе яна працавала выхавацелькай, гэта было шчасьцем, бо Леаніла Ўсьцінаўна цудоўна сьпявала, вышывала, вучыла малых маляваць.

Ёй яшчэ трэба было перажыць другі арышт і расстрэл мужа, сьмерць на фронце сына Леаніда, шматгадовае становішча жонкі “ворага народу”. Многія з раскіданых па краіне, “дзе так вольна дыхаў чалавек”, сямейнікаў рэпрэсаваных “нацдэмаў” не вярнуліся, дакладней, ня здолелі вярнуцца на радзіму. Гэта таксама было ўдарам па беларушчыне, аслабляла і без таго жудасна падарваныя нацыянальныя сілы.

Свой апошні прыстанак спадарыня Леаніла знайшла ў Ленінградзе. Дзякуючы ёй і яе з Максімам дачцэ Галіне былі захаваныя многія рукапісы з архіву Гарэцкага — нацыянальныя скарбы, што цяпер захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук і Дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG