Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэспубліка Беларусь павінна быць парлямэнцкай”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 16 сакавіка, пятніцу. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24. Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

Спадар: “Толькі што праслухаў трансьляцыю з украінскага парлямэнту ў справе зацьвярджэньня міністра замежных справаў сапраўднага патрыёта Ўкраіны. Як жа зьдзекаваліся зь яго ўкраінскія манкурты ды прыхільнікі расейскіх алігархаў. Тое ж самае робяць і беларускія манкурты і іх памагатыя ў дачыненьні да беларускай моладзі і іншых сапраўдных патрыётаў Беларусі, патрыётаў роднай мовы і культуры, гісторыі, герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сьцягу. Ганьба манкуртам і іх памагатым! Апамятайцеся, пакуль не пракляла Вас гісторыя!”

Спадар: “Працягваюцца рэпрэсіі супраць апазыцыі і ідуць на асабісты рахунак дыктатара, якога, мы ўсе спадзяемся, будуць судзіць паводле румынскаму сцэнару”.

Анатоль, Барысаў: “Я хачу, каб наша апазыцыя аб’яднаная зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з такім пытаньнем, што наша цяперашняя ўлада дыктатарская нелегітымная, і ўсе пагадненьні, якія яна заключыла зь іншымі дзяржавамі, і ўсе крэдыты, якія яна бярэ ў іншых дзяржаваў, калі прыйдзе новая ўлада, апазыцыя, то яна іх усе дэнансуе і не прызнае”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! На пытаньне тыдня. Я думаю і ўпэўнены, што мы браткі-беларусы да прэзыдэнцкай рэспублікі не дарасьлі. Рэспубліка Беларусь павінна быць парлямэнцкай. Народ абірае Вярхоўны Савет па дэмакратычнаму выбарчаму закону, але не па лукашэнкаўскім законам. Да сёньняшняга дня ўсе выбары прайшлі пад сьцягам фальсыфікацый. Нават таварыш Лукашэнка прызнаў гэта. Наконт Канстытуцыі, якую прыняў Вярхоўны савет рэспублікі, асаблівых заўвагаў ня маю. Але тое, што яе зрабілі анучай для падлогі – гэта віна галоўнага начальніка рэспублікі. Нават двух тэрмінаў яму мала. Ён гатовы перадаць уладу ў спадчыну, як у Афрыцы ці Азіі. Я думаю, гэта яму народ не дазволіць. Час нам, браткі-беларусы, прачынацца. Жыцьцё цяпер прымусіць прачынацца і думаць пра сваіх унукаў, а не жыць за іх кошт. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Дэмакраты павінны стварыць сваю спэцслужбу накшталт КДБ, я б сказаў “Анты-КДБ,” каб пасьля прыходу дэмакратаў да ўлады, яны мелі магчымасьць выяўляць найбольш старанных супрацоўнікаў сёньняшняга КДБ і прыцягнуць іх да адказнасьці. А каб гэта магло быць магчыма, патрэбна ўжо цяпер выяўляць супрацоўнікаў КДБ і іх сем’яў і рабіць гэта сыстэматычна і прафэсійна. Дзякуй”.

Ганна: “Прывітаньне. На мінулым тыдні па Радыё Свабода, здаецца, Лябедзька сказаў, што дзьве траціны грамадзян задавальняе цяперашняе жыцьцё, а рэйтынг нашых Казуліна і Мілінкевіча складае 5-8%. А сёньня нейкі палітоляг таксама казаў, што на аднаго галасуючага за дэмакратаў прыпадае тры галасуючыя за дзеючага прэзыдэнта. Тут узьнікае пытаньне: навошта было калечыць дзяцей на Плошчы Каліноўскага летась? І цяпер нейкую “заварушку” рыхтуюць. Гэта што, будзе так, як мы дэмакраты хочам, ці так, як хоча большасьць грамадзян? А Ваша радыё праз 7-9 хвілінаў будзе з радасьцю паведамляць: “Арыштавалі! Асудзілі! Палітычны вязень!” Прабачце, калі ня так. З прывітаньнем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG