Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ген калярадзкага жука “засунулі” у бульбу?


Ігар Карней, Менск 15 сакавіка адзначаецца Ўсясьветны дзень абароны правоў спажыўцоў. Запачаткаваны ён у 1983 годзе – роўна праз 20 гадоў пасьля выступу прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі, падчас якога былі абвешчаныя чатыры асноўныя правы спажыўца: на бясьпеку, на інфармацыю, на выбар, а таксама права быць пачутым. Пазьней да гэтых тэзаў дадаліся іншыя: права на кампэнсацыю ўрону, на спажывецкую адукацыю, на задавальненьне базавых патрэбаў і права на здаровае навакольнае асяродзьдзе. У Беларусі Дзень абароны правоў спажыўца адзначаецца ад 2000 году.

Ці трэба спажыўцам ведаць усе мовы?

Мянчук Юрась Горын нядаўна стаў ахвярай гандляроў стацыянарнымі тэлефонамі. Набыты апарат з аўтаадказьнікам выдаваў паведамленьні не па-расейску, як спадзяваўся пакупнік, а на нямецкай мове. Спробы памяняць тэлефон ці вярнуць укладзеныя 80 даляраў, плёну не далі. Цяпер выпадкам Горына займаецца Менскае таварыства абароны правоў спажыўцоў:

“На стадыёне “Дынама” зімой набыў тэлефон з аўтаадказьнікам. Тэлефон быў несэртыфікаваны, хоць гандляры пераконвалі, што ён сэртыфікаваны. Але аказаўся зь нямецкай мовай. То бок, аўтаадказьнік інфармуе: “гаспадароў няма дома, пакіньце паведамленьне пасьля сыгналю” таксама па-нямецку (а нямецкамоўных сярод тых, хто тэлефануе мне, няма). Тэлефон быў новы, у пакунку, тым ня меней, атрымалася нестыкоўка. Але мяне пра гэта не папярэдзілі, толькі дома я апынуўся перад праблемай. І калі на наступны дзень прыйшоў да гандляроў, пра якіх падумаў, што яны абсалютна выпадкова, памылкова мне яго прадалі, што ў іх не было злога разьліку, яны ад мяне адхрысьціліся. Урэшце адзін так і сказаў: якія праблемы? Вывучыш яшчэ па-нямецку дні тыдня і адлік часу. Трызьненьне поўнае. Але вось з такімі грымасамі беларускага рынку сутыкацца даводзіцца”.

Летась спажыўцы “адсудзілі” мільярд рублёў

За мінулы год у паўсотні аддзяленьняў Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў паступіла 30 тысяч зваротаў ад грамадзянаў Беларусі. На карысьць пакрыўджаных, падманутых і пацярпелых пакупнікоў спагнана амаль мільярд рублёў. Паводле прадстаўнікоў таварыства, памер матэрыяльнай кампэнсацыі будзе павялічвацца. Напярэдадні 15 сакавіка абвешчана пра зьмены і дадаткі ў Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Над адпаведным законапраектам працуе Міністэрства гандлю. Калі зараз дзейнічаюць 22 тысячы стандартаў, якія рэгулююць якасьць прадукцыі, неўзабаве зьявіцца яшчэ каля паўтысячы новых, а таксама два дзясяткі тэхнічных рэглямэнтаў.

На што скардзяцца беларускія спажыўцы?

Найбольшая колькасьць прэтэнзій з боку спажыўцоў прыпадае на нізкую якасьць абутку беларускіх і замежных вытворцаў, набытага на рынку. Гэтаксама шмат скардзяцца на неадпаведныя рэкляме паслугі з боку турыстычных фірмаў. У працэнтных суадносінах першынствуюць звароты на незадаволенасьць у гандлёвай сфэры, на аказаньне жыльлёва-камунальных паслугаў, бытавое абслугоўваньне і паслугі сувязі. За 2 месяцы 2007 году ў Міністэрства гандлю паступіла каля паўсотні зваротаў ад спажыўцоў. Распачатыя дзьве крымінальныя справы супраць прадпрымальнікаў, якія займаюцца ўсталяваньнем міжпакаёвых дзьвярэй.

Генэтычна мадыфікаваныя прадукты патрабуюць пільнасьці пакупнікоў

Усясьветная арганізацыя спажыўцоў, сябрам якой зьяўляецца Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў, ініцыюе шэраг кампаній навучаньня пакупнікоў тавараў і паслуг. Асаблівая ўвага надаецца інфармаваньню людзей пра генэтычна мадыфікаваныя прадукты. У прыватнасьці, краінам-удзельнікам рэкамэндавана ўвесьці маркіроўку харчовых ГМД-прадуктаў. У сьвеце каля 100 відаў прадукцыі, якая ўтрымлівае біялягічна актыўныя дабаўкі і генэтычна мадыфікаваныя арганізмы. У Беларусь такая прадукцыя трапляе перш за ўсё ў выглядзе соі. Аднак з пэўнай доляй падазронасьці, лічыць кіраўніца Менскага таварыства абароны правоў спажыўцоў Ірына Астаф’ева, трэба ставіцца і да “ненатуральна прыгожай” садавіны ды гародніны, якой усё болей на паліцах супэрмаркетаў:

“Шырока ўжываецца ў нас соевая прадукцыя, якая адносіцца да генэтычна мадыфікаванай. Таксама кукуруза, розная прыгожая гародніна, якая ўвозіцца з-за мяжы. Калі паглядзець на тую ж бульбу, чаму яна не псаваная, такая прыгожая, жук калярадзкі яе ня есьць, то высьвятляецца наступнае. Дзякуючы геннай інжынэрыі, ген жука быў уведзены ў бульбу і, так бы мовіць, жыве там. Таму калярадзкі жук, панюхаўшы такую бульбу, ужо есьці яе ня будзе. Уласны ген ён жа ня будзе есьці... Затое такую бульбу ядзім мы, на жаль. То бок, ужываем абсалютна новыя, біялягічна зьмененыя прадукты, якіх, па праўдзе, на Зямлі да таго не было”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG