Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Бэнэдыкт XVI могуць абысьціся безь перакладчыка


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня ў Ватыкане адбываецца сустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з папам рымскім Бэнэдыктам XVI. Аналітыкі зьвязваюць гэтую сустрэчу з агульным пацяпленьнем дачыненьняў паміж Рымска-каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі.

Папярэднік Бэнэдыкта XVI Ян Павал ІІ за 26 гадоў пантыфікату наведаў 120 краінаў, але ніколі ня быў запрошаны ў Расею. Расейская Праваслаўная царква абвінавачвала Каталіцкую царкву пад кіраўніцтвам папы-паляка ў празэлітызьме.

З прыходам Бэнэдыкта XVI дачыненьні Ватыкану з Маскоўскім патрыярхатам пацяплелі, адбылося некалькі сустрэчаў на высокім узроўні. Тым ня менш назіральнікі не чакаюць, што зь візытам Пуціна адбудзецца нейкі прарыў.

І Расейская Праваслаўнай царква, і Рымска-Каталіцкая заклапочаныя ростам атэізму і ўзмацненьнем радыкальнага ісламу. Аднак сёньня яны маюць магчымасьці для непасрэднага кантакту, без пасярэдніцтва палітыкаў.

На думку італьянскага журналіста Паола Радары, сам Ватыкан ня шмат чакае ад гэтай сустрэчы. Таксама Радары лічыць, што і Пуцін не запросіць Бэнэдыкта XVI наведаць Расею.

“ Ён і рымскі папа абмяркуюць праблемы, зьвязаныя з Расеяй, ісламам, сытуацыяй ў Косаве, Чачэніі ды Блізкім Усходам. Я думаю, яны больш будуць гаварыць аб міжнароднай палітыцы, чым аб рэлігіі”, – зазначае італьянскі журналіст.

Чакаецца, што Пуцін і Бэнэдыкт XVI будуць гаварыць на нямецкай мове – роднай мове папы і службовай мове Пуціна ў часы яго працы агентам КДБ у Нямеччыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG