Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску і ў рэгіёнах дапытваюць маладафронтаўцаў


Любоў Лунёва, Менск Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” выклікаюць на допыты ў Менску і ў рэгіёнах. Усіх дапытваюць у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Некалькі чалавек атрымалі пастановы сьледчых пра тое, што яны падазраваныя ў крымінальнай справе. Маладафронтаўцы лічаць, што ўлады спрабуюць запалохаць моладзь перад вясновымі вулічнымі акцыямі.

Больш за два дзясяткі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” сёньня давалі паказаньні на допытах у пракуратуры і КДБ.

Менчукоў дапытваў сьледчы Менскай пракуратуры Сяргей Грахоўскі. У Баранавічах, Горадні, Магілёве, Барысаве, Нясьвіжы, Жодзіне — сьледчыя КДБ. Позвы на допыт атрымалі таксама людзі, якія ніякага дачыненьня да “Маладога фронту” ня маюць, але раней былі затрыманыя на вулічных акцыях апазыцыі.

Позвы прыносяць на працу і на вучобу. Зьміцер Палойка, які жыве ў Баранавічах, адмовіўся прыйсьці на допыт у КДБ на запрашэньне праз тэлефон. Праз гадзіну яму прынесьлі позву на працу ў цэх Баранавіцкага заводу жалезабэтонных канструкцыяў.

Кіраўнік бабруйскай філіі “Маладога фронту” Валер Мацкевіч распавёў “Свабодзе”, што цягам сутак супрацоўнікі КДБ і ўчастковы міліцыянт намагаліся ўручыць позву ягоным бацькам — хацелі, каб тыя паабяцалі, што сын прыйдзе на допыт. Участковы казаў, што нельга адсутнічаць дома без паважнай прычыны. Гаворыць Валер Мацкевіч:

“Такая сытуацыя мяне не зьдзіўляе, бо цяпер гэтая хваля па ўсёй краіне. Я лічу, што гэта зьвязана перш за ўсё з моладзевай актыўнасьцю. Тыя справы, якія былі раней, не зламалі моладзевы рух супраціву. Гэтая чарговая крымінальная справа супраць “Маладога фронту” мае за мэту запалохаць маладых людзей, каб яны ня выйшлі на плошчы 25 сакавіка”.

Школьніцу Насту Палажанку сьледчы Сяргей Грахоўскі дапытваў больш за дзьве гадзіны. На допыце прысутнічалі яе бацька і сацыяльны пэдагог. У гімназіі Насту выклікалі да псыхоляга, расказвае яна:

“Яна пачала тлумачыць, што на гэтым усё — маўляў, жыцьцё ўжо ў прынцыпе скончана. Казала, што мяне чакае толькі турма і сумота і калі я буду займацца палітычнай справай, то я ніколі не пабачу жаночага шчасьця. На што я ўсьміхнулася, бо часу не было, празьвінеў званок”.

Сьледчы Менскай пракуратуры дапытвае маладафонтаўцаў аднаго за адным. За Настай Палажанкай на допыт пайшоў Уладзімер Сяргееў:

“Ужо дзясяткі чалавек прайшлі праз гэтыя допыты. Не напалохаюць гэтыя допыты ні мяне, ні маіх сяброў. Яны ніяк не паўплываюць на нашу дзейнасьць. Ніякага крыміналу мы ня робім. Мы дзейнічаем паводле закону, паводле Канстытуцыі, а 193-ты артыкул не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

Заўтра дапытаюць Барыса Гарэцкага, Валер’я Мацкевіча, Людмілу Атакулаву, Касю Галіцкую ды іншых моладзевых актывістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG