Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спынілася вытворчасьць на ўсіх цукровых заводах Беларусі


Радыё Свабода Вытворчасьць цукру спыненая на ўсіх чатырох цукровых камбінатах Беларусі — Жабінкаўскім, Гарадзейскім, Слуцкім і Скідальскім. Сёньня беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Іванам Бамбізам выправілася ў Маскву, каб падпісаць пагадненьне пра пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак у 2007—2008 гадох.

Як паведамілі Радыё Свабода ў “Белдзяржхарчпраме”, сёньня дырэктар канцэрну Іван Данчанка выпраўляецца ў Маскву. Пагадненьне пра пастаўкі цукру плянуецца падпісаць да паседжаньня Савету міністраў гэтак званай саюзнай дзяржавы, якое мае адбыцца 23 сакавіка ў Менску. А пакуль яно не падпісанае, у канцэрне адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю на цукровых прадпрыемствах Беларусі.

Тым часам, як і на Скідальскім цукровым камбінаце, спыненая вытворчасьць на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Аляксандар Еўтуховіч:

“Вытворчасьць таксама спыненая, паколькі завершаны сэзон перапрацоўкі бурака, і ў нас цяпер перапынак. А з 1 красавіка пачнуцца рамонтныя працы. Што да рабочых, то яны цяпер у адпачынку. Страху мы яшчэ не адчуваем. Спадзяемся на паляпшэньне сытуацыі. І думаем, што будзем працаваць, пакуль нават плянуем... А як там складзецца ў будучыні, пабачым”.

Аналягічная сытуацыя і на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце. Прадпрыемства не працуе, рабочыя – у адпачынках. Гаворачы пра пераход на сэзонны характар працы, намесьнік дырэктара камбінату ў эканоміцы Валеры Налётаў згадвае эўрапейскі досьвед:

“Калі паглядзець на Эўропу, то ўсе прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць цукровыя буракі, сэзонныя. З аднаго боку, мы прыйшлі да таго, да чаго імкнуліся. Апошнія тры гады ўпершыню ў гісторыі беларускай прамысловасьці мы пачалі вырабляць цукар зь мясцовай сыравіны — з цукровых буракоў. І вырабляем дастатковую колькасьць для ўнутранага рынку.

Пакуль быў расейскі рынак, мы выраблялі цукар-сырэц і прадавалі значную частку цукру ў Расею. Цяпер гэты рынак фактычна закрыўся. Адпаведна, мы будзем працаваць гэтак жа, як эўрапейскія, у прыватнасьці, нямецкія заводы. Мы будзем працаваць прыкладна сто дзён”.

Паводле намесьніка дырэктара Слуцкага цукроварафінаднага камбінату, сёлета не плянуюцца скарачэньні рабочых. Што да пошуку новых рынкаў збыту, то Слуцкі камбінат ужо прадаў невялікую колькасьць цукру ў Эўразьвяз і ў Сярэднюю Азію.

Як патлумачыў “Свабодзе” начальнік аддзелу маркетынгу і збыту Гарадзейскага цукровага камбінату Аляксандар Наркевіч, цяпер на прадпрыемстве тэхнічны прастой:

“19 сакавіка пачнем працу, запускаемся на сырцы. Гэта тэхналягічны працэс. Бурак скончыўся — і ўсё, перастой, і далей працаваць. Іншыя не працуюць, а мы працуем”.

“Як складаная сытуацыя са збытам цукру на расейскі рынак паўплывала на дзейнасьць прадпрыемства?”

“Горш стала. Але выходзім на іншыя рынкі. Не Расеяй адзінай... У Казахстан стараемся, Кіргізію, Абхазію... З Іранам вядзем перамовы. Туды, на Ўсход...” — кажа спадар Наркевіч.

У мінулыя гады беларускія цукровыя камбінаты пастаўлялі ў Расею ад 400 да 450 тысяч тон цукру. Летась пастаўкі беларускага цукру ў Расею паменшыліся на 50 працэнтаў, а з пачатку студзеня ўвогуле спыніліся. Аналітыкі зьвязваюць гэта сярод іншага з энэргетычным канфліктам з Расеяй.

У студзені на перамовах у Маскве прынялі кампраміснае рашэньне пра абмежаваньне паставак беларускага цукру ў Расею. Беларусь амаль удвая абмяжуе пастаўкі цукру ў Расею ў 2007 годзе — да 180 тысяч тон, а ў 2008-м пастаўкі скароцяцца да 100 тысяч. Урад Беларусі ўхваліў такі праект, і цяпер чакаецца падпісаньне адпаведнага пагадненьня.

Гл. таксама: • Цукровым заводам давядзецца перайсьці на сэзонны рэжым працы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG