Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скідальскі цукровы камбінат не працуе трэці тыдзень


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Кіраўніцтва прадпрыемства спадзяецца, што дамова з Расеяй наконт даставак беларускага цукру будзе падпісаная да 1 красавіка й гэта зьменіць сытуацыю. Рабочыя прадпрыемства даволі скэптычна глядзяць у будучыню.

Вытворчасьць цукру на камбінаце ў Скідалі спыненая 17 лютага. За апошнія 10 гадоў такога на прадпрыемстве не здаралася. Намесьнік генэральнага дырэктара па вытворчасьці, Дзьмітры Каневіч, кажа пра гэта спакойна:

Каневіч: “Скончыўся пэрыяд перапрацоўкі цукровых буракоў, мы іх перапрацавалі й зараз займаемся рэалізацыяй прадукцыі”.

Карэспандэнт: “Ці адгружаецца вашая прадукцыя на экспарт у Расею?”.

Каневіч: “Пакуль не, паколькі пагадненьне з Расеяй не падпісана. Але ў прэсе мы чытаем, што вызначаная чарговая дата перамоваў, калі дамова будзе падпісана”.

Са слоў спадара Каневіча, частка рабочых прадпрыемства зараз знаходзіцца ў вымушаным адпачынку, але праца на прадпрыемстве не спыняецца:

Каневіч: “Рамонтныя работы ўсё адно працягваюцца, чысьцяць абсталяваньне, пакуль праца ёсьць”.

У мінулыя гады пасьля перапрацоўкі цукровых буракоў на заводзе пачыналі перапрацоўку цукровага трысьнёгу, а сёлета вытворчасьць спынена. Я цікавіўся – колькі ж цукру знаходзіцца ў запасьніках камбіната? У адміністрацыі на гэта пытаньне ніхто не адказаў, спасылаючыся на камэрцыйную таямніцу.

Побач з прахадной завода сустракаю рабочых і пытаюся, што яны думаюць аб спыненьні вытворчасьці:

Спадар: “Адныя ўжо два тыдні адгулялі ў вымушаным адпачынку, сёньня выйшлі на працу, але цяпер на чарзе другая група людзей”.

Другі спадар: “Цяжка нешта меркаваць. Простаму рабочаму ўсё гэта не зразумела, але ўсё залежыць ад тых, хто на версе”.

Да нашай размовы далучаецца спадарыня:

Спадарыня: “Не плацяць грошай, заробкаў няма, сядзім у вымушаным адпачыну, а крэдыт трэба плаціць, за кватэру трэба плаціць, рамонт трэба рабіць у той развалюсе, што купілі. Нявестка сядзіць у вымушаным адпачынку, а сын яшчэ трохі працуе. Але зараз сын пойдзе ў вымушаны адпачынак, а нявестка выйдзе на працу. Дзяцей трэба карміць. Ой, вельмі цяжка, вельмі цяжка”.

Пытаюся ў людзей, што яны думаюць наконт таго, чаму ўзьнікла такая праблема на іхным прадпрыемстве.

Спадарыня: “Расея раней купляла, але цяпер там скарацілі нормы, будуць браць усяго 100 тысяч тонаў – гэта кропля. А тут вунь, паглядзіце, вежа поўная цукрам заваленая”.

Спадар: “Думаю, што ў хуткім часе нічога тут ня будзе...”

Карэспандэнт: “А дзе ў такім выпадку працу зьбіраецеся шукаць?”

Спадар: “Цяжка тут нешта знайсьці, бо ўсе месцы занятыя, нават слесарам нікуды ня возьмуць”.

Спадарыня: “Вось сядзім і глядзім, што будзе далей, церпім...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG