Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі: новы ўказ прэзыдэнта не паспрыяе дробным бізнэсоўцам


Альгерд Невяроўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў 9 сакавіка ўказ, які зьмяняе парадак падаткаабкладаньня прадпрымальнікаў і прадпрыемстваў малога бізнэсу.

Гэты дакумэнт пашырае кола суб’ектаў гаспадараньня, што маюць права на спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня. Гэта адбудзецца за кошт павелічэньня гранічнай колькасьці наёмных працаўнікоў з 15 да 100 чалавек. Указ таксама скасоўвае сыстэму патэнтаў і авансавыя плацяжы падатку. Падатак будзе плаціцца штомесяц зыходзячы з памеру выручкі. Гэты ўказ камэнтуюць лідэры беларускага прадпрымальніцкага руху.

С.Балыкін: “Указ дасьць палёгку толькі невялікай колькасьці юрыдычных асобаў”

Вось меркаваньне індывідуальнага прадпрымальніка і юрыста зь Менску Сяргея Балыкіна:

Балыкін: “Гэты ўказ мае свае перавагі і свае недахопы. Недахопаў больш. Да перавагаў я б аднёс скасаваньне патэнтаў і авансаў з плацяжоў. А па-другое, пашырэньне кола суб’ектаў малога прадпрымальніцтва коштам павялічэньня колькасьці наёмных працаўнікоў. Гэты ўказ дасьць палёгку толькі невялікай колькасьці юрыдычных асобаў. Перш за ўсё тым, што займаюцца нейкімі паслугамі, харчаваньнем.

Добрым гэты ўказ быў бы тады, калі б ня быў альтэрнатывай індывідуальным прадпрымальнікам. Бо дзяржава абмяжоўвае правы дробных бізнэсоўцаў. Яна не дае ім магчымасьці наймаць працаўнікоў, плаціць адзіны падатак па шмат якіх відах дзейнасьці. І таму казаць, што гэты ўказ істотна паляпшае бізнэс-клімат у Беларусі, я б паасьцярогся”.

В.Гарбачоў: “Гэтыя ўказы толькі сьціскаюць рамкі, у якіх мы дзейнічаем. Нас мэтанакіравана заганяюць у тупік”

А гэта камэнтар лідэра прадпрымальніцкага руху Барысава Віктара Гарбачова:

Гарбачоў: “Нічога станоўчага пра яго сказаць не магу. Невялікія паслабленьні будуць толькі буйному бізнэсу. Дробнага бізнэса гэта ня тычыцца. Людзі незадаволеныя ў рэгіёнах 760-м указам, што тычыцца наёмных працаўнікоў. Гэтым, 119-м, таксама незадаволеныя. Указ зьявіўся без усялякага абмеркаваньня, без тлумачэньняў. І гэтыя ўказы толькі сьціскаюць рамкі, у якіх мы дзейнічаем. Нас мэтанакіравана заганяюць у тупік да 2008–2009 году”.

Гл. таксама:

Новы ўказ Лукашэнкі аб прадпрымальніцтве не адмяняе старога
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG