Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі будзе канец рэжыму Лукашэнкі, то трэба праводзіць люстрацыю па ўсёй Беларусі"


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 12 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24. Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў

Слухач: "Упершыню я пачуў па Вашым радыё слушныя рэчы. Выступаў нейкі чалавек і казаў пра няроўныя ўмовы падчас перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Ён казаў, што калі кандыдаты ладзілі перадвыбарчыя сходы, то аднаму палацы даюць, а другі – на вуліцы. Я дапамагаў Коласу. І насамрэч гэта так. Я ўжо казаў пра гэта. Такога беспарадку нідзе ў сьвеце ня знойдзеш. Гэта самавольства чыноўнікаў, затурканых, затузаных. Яны баяцца рот раскрыць. Баяцца, што Лукашэнка ня так пра іх падумае. Вось мы прастаялі каля дамоў - Заслаўская, 17 і 19.

Спытайцеся ў яго. Праўда, справа ў іншым. Падыходзяць людзі, пытаюцца, зь якой партыі. Як толькі называецца партыя, то махаюць рукой і адходзяць. Гэта іншае пытаньне. Але тое, што людзям, якіх грамадзкасьць і яны самі высунулі ў кандыдаты на прэзыдэнта, не даюць магчымасьці выступаць… Усе яны аказаліся за бортам. Ніякай агітацыі, нічога не было. А сярод іх былі даволі прыстойныя людзі. А потым даведаўся, то і Коласа кандыдатуру зьнялі і яшчэ некага там зьнялі. Гэта страшнае парушэньне! Вось гэта слушна. За гэта можна крытыкаваць. І толькі на гэты конт абурацца”.



Зіноўеў: "Добры дзень. Прапаную пытаньне слухачам: Як Вы думаеце, што хаваюць Менск і Масква ў сваіх адносінах і чаму?"

“А маё пытаньне Зянону Пазьняку. Вось у Кіеве будзе Музэй савецкай акупацыі. Ці патрэбен такі музэй у Менску і што там можа быць?”

“Па справе Джоўэла пытаньне генэралу Хебіну ў Вашынгтон. Ты дзе, Майкл Вінсэнт, вучыў паводзіны Лубянкі? У судгарскіх піўных? Дзякуй”.

Аляксандр Лапіцкі: “Я не разумею, як можна падаваць руку дзяржаўнаму чыноўніку і весьці з імі які-небудзь перамовы, калі рукі ў гэтага чыноўніка і сам ён запэцканыя крывёю нявінных людзей, ім загубленых”.

“Я лічу, што віну аднаго чалавека ў выкраданьні і забойстве другога можна слушна вызначыць, як па яўных доказах, так і на аснове ўскосных. А як лічыць Радыё Свабода?”

Спадар: “Трэба ўсё называць сваімі імёнамі. 12 у парку Дружбы народаў будуць зьбірацца не прадпрымальнікі, а дробныя гандляры. Гэтыя людзі пайшлі па самым простым шляху існаваньня – у гандлёвы капітал. Грошы – тавар – грошы. На працягу дзесятка гадоў, асядлаўшы “коштавыя нажніцы” паміж Расеяй, Украінай, Польшчай з аднаго боку і Беларусьсю з другога, прыдбалі неблагія жыцьцёвыя ўмовы, выкарыстоўваючы танную працоўную сілу пэнсіянэраў і беспрацоўнай моладзі. Пры ператварэньні завезенага кітайскага барахла ў дабаўлены кошт. Дзьве-тры паездкі за межы краіны ў месяц пры 200 % прыбытку дзесяткі тысяч такіх працадаўцаў ператварылі ў паразытуючы кляс. Цяпер прыйдзецца працаваць самім дзень у дзень. Пры легалізацыі “мяшэчнага бізнэсу” ў цывілізаваны, трэба будзе прыбытак падзяліць з рэалізатарамі праз пэнсійны фонд, рэальныя заробкі і гэтак далей. Статус-кво не мяняўся парадкам 10 гадоў і стаў тормазам у разьвіцьці грамадзкіх адносінаў паміж людзьмі. Гэты вэрхал суб’ектыўны і цынічны па сваёй сутнасьці”.

Уладзімер, Полацак: “Добры дзень, Радыё Свабода. Надоечы ў адной з Вашых перадачаў чуў фрагмэнт выступленьня Лукашэнкі на так званым Усебеларускім сходзе. Я б яго назваў “схадняком”. Там ён зрабіў дзіўнае адкрыцьцё, сказаў, што аказваецца, Францыск Скарына жыў і тварыў у Пецярбурзе. Дзіўлюся, як гэта Францыск Скарына жыў і тварыў у Пецярбурзе. Дзіўлюся, як гэты напаўпісьменны калгасьнік і невук можа кіраваць краінай пад назовам “Рэспубліка Беларусь”. Ды яму трэба якімі-небудзь папуасамі кіраваць, яны ўсё роўна нічога не разумеюць. Ім можна лапшыну на вушы вешаць. Свой дыплём ён, напэўна, за хабары атрымаў. Любы адукаваны чалавек ведае, што Скарына ня мог жыць у Пецярбурзе па адной простай прычыне: у часы Скарыны Пецярбурга яшчэ не было. Скарына жыў прыкладна на 200 год раней. Аляксандр Рыгоравіч і ўсе, хто яго падтрымлівае, не палянуйцеся, адкрыйце падручнік па гісторыі і паглядзіце, калі жыў Скарына і калі заснавалі Пецярбург. Сорамна за Вас, Аляксандр Рыгоравіч. Як жа гэта Вы так апраставалосіліся?”

Спадар: “Карацей, скончыў чытаць “Сямейны альбом” Вінцэся Мудрова. Выдатна зробленая праца, якая цалкам адлюстроўвае апалягетыку быдляцтва нашага савецкага беларускага плебсу. Па сутнасьці, гэта вось мэнталіка гэтага народу. Мяркую, што Радыё Свабода на сёньняшні дзень трэба завесьці новы цыкаль праграмаў. Але менавіта не цыкаль, а парамэтар праграмаў, якія б адлюстроўвалі здаровы аналіз ня толькі гэтага цынічнага і абыякавага плебсу, але і людзей аналізуючых. Трэба знайсьці нейкага аўтара, які б мог мець спачуваньне, а ня толькі дзікую і жорсткую іронію, якой быў напоўнены гэты час, які разбураў і давёў да генацыду нашу вялікую нацыю. Ваш чытач і слухач. Дзякуй”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць, што ў нас у Беларусі жыцьцё пасьвятлела. І не такое цяжкае і цёмнае, як было. Было нам цёмна і страшна. А цяпер лягчэй. Я думаю, ужо няма каму чаго баяцца, бо па-іншаму пайшло. Але не, баімся, каб гэта не спынілася на месцы. Мы гэта так ужо вывучылі і баімся. Таму і пакутуем, каб усё гэта вярнуць. Новая ўлада, новы прэзыдэнт і гэтак далей, каб было ўсё па-іншаму. Я ўсьцешаная, што людзі звоняць на “Свабоду”. Я сёньня паслухала і ўчора паслухала. Так добра, так радасна. Але яшчэ я хварэю за Казуліна і ўсіх, хто сядзіць у вязьніцах, бо яны невінаватыя. Казулін невінаваты. Ён справядліва ўсё рабіў. Але так справядлівых людзей караюць. І дай Бог, каб яны ўсе, што так зрабілі Казуліну, дачакалі таго, каб яны так пасядзелі і пакутавалі. Як Казулін і іншыя. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадарыня: “Добрай раніцы, “Свабода”! Былую міністарку аховы здароўя, вечны пакой ёй, хаваюць зь незразумелым вайсковым ушанаваньнем. У яе дамавіны па струнцы стаяць высокае чынавенства, высокія міністры, мора кветак. А Кацярына Садоўская, сталая хворая жанчына, у турме толькі за тое, што мужна абараняла іншых людзей, за тое, што жыла і думала. І галоўнае, думала ня так, як тыя, хто пры ўладзе. За тое, што яны з Богам. Божа, дапамажы ёй выжыць у тых умовах, ня страціць веру ў цябе. Дзякуй. Усяго найлепшага”.

Спадар: “Прывітаньне, Radio Liberty! Слухаў спадарыню Процьку, так званую праваабаронцу беларускую. Калі будзе канец рэжыму Лукашэнкі, то трэба праводзіць люстрацыю па ўсёй Беларусі, так, як робіць Польшча. Да пабачэньня”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Добры дзень, Радыё Свабода. Што робіцца ў мяне, дарагія мае! Хлопец пайшоў у музыкальную школу пры музыкальнай вучэльні. Там практыка. І ён, інвалід, у другі раз бяжыць у прыбіральню. Пакінуў інструмэнт на стале. А яго, напэўна студэнты замянілі. Такі афэрыст Ладноў зь ім вучыцца. Скажу сумленна, дапамажыце дастаць клярнэт. Калі буду, колькі змагу, буду плаціць. Можа, у межах 300 даляраў заплачу. Дапамажыце дастаць нармальны інструмэнт. Вялікі дзякуй”.

Мікалай, Валожынчына: “Я маю пытаньне да дасьведчаных па пытаньню навучаньня па праграме Кастуся Каліноўскага за мяжой. Ці вывучаюць па гэтай праграме дакладныя навукі? У прыватнасьці, інфарматыку і праграмаваньне. Ад Вашага канкрэтнага адказу залежыць лёс аднаго маладога чалавека. Шчыра дзякую”.

Павал Васілевіч: “Паважнае Радыё Свабода, паважаны Кастусь Бандарук. У перадачу пра царкву. Гістарычна вядома, як заваёўвае маскаль наш край, Вялікае Княства Літоўскае. У першых шэрагах заваёўнікаў ішла расейская імпэрская праваслаўная царква. Пытаньне: ці магчыма незалежнасьць і сувэрэннасьць Беларусі ў варунках сучаснасьці, калі царкву ўзначальвае прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату Філарэт. Ён жа адмысловы палітык, бо прымае актыўны ўдзел у ва многіх савецкіх уладных мерапрыемствах і дзеяньнях”.

Спадар: “Паважная “Свабода”. Хачу спытаць Вас, чаму Вы ня хочаце перадаваць званкі простых людзей, а перадаяце толькі тых, хто сіпіць, як селязень, і нельга разабраць іх словы. Гэта апазыцыя, якая хаваецца ад народа”.

Ларыса, Менск: “У бліжэйшы час, каб выказаць свой пратэст, на вуліцу большасьць насельніцтва ня выйдзе. Людзі старэйшага пакаленьня задаволены сваім жыцьцём. Хлеб ёсьць ды і бульба таксама – вось і добра. А маладзейшыя баяцца страціць працу і трапіць у міліцэйскі пастарунак. І тады будзе шлях на Захад. Усіх жа ня здолее прыняць Захад. Ён жа таксама ня гумавы. Мілінкевіч зрабіў прапанову пайсьці на перамовы з Лукашэнкам. І гэта трэба зрабіць, калі ёсьць што сказаць. Вось і трэба ісьці па гэтым шляху. Пакуль іншага шляху няма”.

Уладзімер: “Прывітаньне. Хацеў бы пракамэнтаваць перадачу “Праскі акцэнт”, якая прагучала ўчора, 11 сакавіка гэтага году, наконт пратэстаў. Справа ў тым, што паколькі ў беларускага насельніцтва няма эканамічнай асновы, то ягоны пратэстны матэрыял вельмі нізкі. Яны ўсе наёмныя працаўнікі, амаль, і будуць трымацца за кантракты. Таму пратэставаць будуць толькі ў крайнім выпадку. Варта ўзгадаць, што ў 2003 годзе, у студзені, камунальныя плацяжы наагул падвысіліся ў два разы без усялякага канфлікту. І нічога, неяк вытрымалі. Абмежаваліся пратэстамі на кухнях. І нават на пачатку красавіка 203 году спакойна правялі мясцовыя выбары. Нават падвышэньне камунальных плацяжоў у два разы гэтаму не перашкодзіла. Усё было ціха і спакойна. Наконт прадпрымальнікаў. Справа ў тым, што большасьць нашых прадпрымальнікаў насамрэч не прадпрымальнікі, а гандляры, якія жывуць з гандлёвых накрутак. А прадпрымальнікі – гэта тыя людзі, якія самі нешта вырабляюць, а потым прадаюць сваю паслугу або свой тавар. Напрыклад, рэмантуюць у кватэры нешта, аказваюць паслугі насельніцтву. Вось гэта і ёсьць прадпрымальнікі. А тыя, каго мы маем на ўвазе, насамрэч гандляры. Таму яны таксама будуць пратэставаць толькі ў крайнім выпадку, сыходзячы толькі са сваіх інтарэсаў. Улічваючы ўсё вышэй сказанае, пратэстны патэнцыял сучаснага беларускага насельніцтва, або тутэйшага люду, вельмі нізкі. І нават калі ўсё яшчэ ў тры разы падвысіцца, то яны і тады яшчэ падумаюць, ці ісьці пратэставаць. З павагай”.

Спадарыня: “Па Вашым дадзеным, паважная “Свабода”. За Лукашэнку прагаласавалі 930 баранавіцкіх прадпрымальнікаў. Дык чаго яны хочуць ад яго цяпер? Яны думаюць, што, выходзячы на вуліцы, ён памяняе сваю пастанову? Ніколі! Ён заўжды прыгнятаў іх правы, і так будзе далей. Так прадпрымальнікам і трэба! Яны гэта заслужылі”.

Іван Нелукашоў: “Паважнае Радыё Свабода. Мне хочацца выказаць сваё меркаваньне наконт сьмерці Людмілы Пастаялка. Я далёкі ад думкі, каб абразіць памяць гэтага чалавека, але хачу сказаць вось што. Ніхто ня ведае, калі прыйдзе яго апошняя гадзіна. І ніякія скрадзеныя мільярды даляраў, раскошная нерухомасьць па ўсім сьвеце, вялізны парк іншамарак, найвышэйшыя пасады, бязьмежныя магчымасьці і абсалютная ўлада не даюць ніякага шанцу пазьбегнуць сьмерці. Над гэтым вельмі трэба задумацца нашаму нязьменнаму кіраўніцтву і падумаць пра ратаваньне сваёй грэшнай душы і пачаць замольваць свае грахі, пакуль ня позна. Бо яны непазьбежна мусяць адказваць, калі не перад судом беларускага народу, то перад Божым судом. З павагай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG