Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: за год у Расеі зьявілася 19 новых мільярдэраў


Аляксей Знаткевіч, Прага Паводле рэйтынгу найбагацейшых людзей сьвету, які штогод друкуе амэрыканскі часопіс “Forbes”, у Расеі сёлета жыве ўжо 53 мільярдэры. Год таму ў сьпісе “Forbes” было 34 грамадзяніна Расеі, чыё асабістае багацьце перавышае мільярд даляраў. У той час як сярэдняму мільярдэру ў сьвеце – 62 гады, сярэдні ўзрост расейскіх мільярдэраў – 46 гадоў. Аналітыкі ня могуць адназначна адказаць на пытаньне пра паходжаньне іх багацьцяў.

Для клясыфікацыі спосабу ўзбагачэньня расейцаў тэрміну пакуль не прыдумана

Луіза Крол, якая ў часопісе “Forbes” сёлета адказвала за сьпіс мільярдэраў з Эўропы, кажа, што багацьце расейскіх мільярдэраў цяжка занесьці ў адну зь дзьвюх традыцыйных катэгорыяў – "атрыманае ў спадчыну" ці "прыдбанае ўласнымі намаганьнямі".

"Фармальна ніхто зь іх не атрымаў свайго багацьця ў спадчыну. Аднак тут шмат залежыць ад таго, як клясыфікаваць іх здольнасьць здабыць частку з гэтай маёмасьці вельмі танна. Мы пакуль не прыдумалі тэрміну, каб гэта апісаць".

Найбагацейшыя з расейскіх мільярдэраў здабылі свае багацьці на гандлі прыроднымі рэсурсамі, асабліва ў нафтагазавым сэктары. Але ў сьпісе ёсьць і людзі, што разбагацелі ў банкаўскай сфэры, тэлекамунікацыях, гульнявым бізнэсе, гандлі ўгнаеньнямі ці спажывецкімі таварамі.

Расейскія мільярдэры разам багацейшыя за нямецкіх

Акрамя новых імёнаў, у пералік мільярдэраў пасьля некалькіх гадоў адсутнасьці вярнуўся Барыс Беразоўскі, які цяпер жыве ў эміграцыі ў Лёндане і які быў першым грамадзянінам Расеі, што патрапіў у сьпіс “Forbes” у 1997 годзе. А найбагацейшым расейцам у сьпісе трэці год запар застаецца Раман Абрамовіч, чые актывы ацэньваюць на 18 мільярдаў 700 мільёнаў даляраў.

Заснавальнік амэрыканскай кампаніі “Microsoft” Біл Гейтс ужо 13 гадоў на першым месцы ў пераліку найбагацейшых людзей сьвету. Увогуле найбольш у сьпісе “Forbes” мільярдэраў з ЗША – 415 чалавек з агульным багацьцем 1 трыльён 360 мільярдаў даляраў. Гаворыць галоўны рэдактар часопісу Стыў Форбс:

"Нямеччына на другім месцы зь 55 мільярдэрамі. Расея мае 53, але агульнае багацьце расейскіх мільярдэраў перавышае актывы мільярдэраў нямецкіх. Заможнасьць – найлепшая помста".

Расейскі бізнэс стаў больш празрысты

Часам высьветліць крыніцы багацьця расейскіх мільярдэраў цяжка ці нават небясьпечна. У 2004 годзе рэдактара расейскага выданьня часопісу “Forbes” Пола Хлебнікава застрэлілі ў Маскве. Сярод вэрсіяў аб прычынах забойства былі і ягоныя дасьледаваньні найбагацейшых людзей Расеі. Луіза Крол з часопісу “Forbes”, аднак, кажа, што апошнім часам расейскі вялікі бізнэс стаў больш празрысты, бо многія расейскія алігархі разьмяшчаюць акцыі сваіх кампаній на замежных біржах.

Зь іншых краінаў былога СССР, паводле “Forbes”, мільярдэраў маюць Украіна (7 чалавек) і Казахстан (5 чалавек). Польшча, якая летась мела ў сьпісе трох мільярдэраў, сёлета мае пяцёх. А сёлетнія навічкі ў сьпісе – Румынія і Сэрбія, якія маюць па адным мільярдэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG