Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Ўсходніх могілках пахавалі Людмілу Пастаялку


Іна Студзінская, Менск Людмілу Пастаялку пахавалі на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках. На пахаваньні пабывала наша карэспандэнтка.

Пасьля цырымоніі грамадзкага разьвітаньня ў канцэртнай залі “Менск” прайшло адпяваньне нябожчыцы ў менскім Доме міласэрнасьці. На адпяваньні прысутнічалі толькі родныя і блізкія. Усіх астатніх, дзесяткі вянкоў, кошыкаў з кветкамі на дзесяці аўтобусах арганізавана прывезьлі да Ўсходніх могілках Людзі чакалі больш за гадзіну. Дарэчы, адмыслова для нясеньня вянкоў, кошыкаў і кветак на пахаваньне абавязалі прыйсьці дзьве групы навучэнцаў Менскага мэдычнага каледжу. У пахаваньні удзельнічала і рота ганаровай варты. Прыкладна а палове на трэцюю ў чорным катафалку прывезьлі нябожчыцу.

На саму цырымонію пахаваньня на могілкі многія высокапастаўленыя чыноўнікі, якія прысутнічалі ў канцэртнай залі “Менск”, не прыйшлі. На могілках былі заўважаныя старшыня Савету Рэспублікі Генадзь Навіцкі, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч, старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, Анатоль Малафееў, Урал Латыпаў. Прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і ягоных сыноў на могілках не было.

На цырымоніі разьвітаньня выступілі міністар аховы здароўя Васіль Жарко, старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар, калегі нябожчыцы па працы з Берасьцейскага абласнога дзіцячага шпіталю і Савету Рэспублікі.

Хавалі Людмілу Пастаялку з вайсковым уганараваньнем, разьвітальным салютам з артылерыйскай зброі і выкананьнем дзяржаўнага гімну.

Каго хаваюць на Усходніх могілках? Гутару з супрацоўнікам , які назваўся спадаром Мальцавым.

Карэспандэнтка: “Каго зараз хаваюць на Маскоўскіх могілках? Ці можна там пахаваць, так бы мовіць, простага сьмяротнага чалавека?”

Супрацоўнік могілак: “Простага – не. Закрытыя могілкі таму што”.

Карэспандэнтка: “А для каго яны адкрытыя, і якога рангу людзей зараз там хаваюць?”

Супрацоўнік: “Чытайце рашэньне Менскага гарвыканкаму №1177 ад 20 жніўня 2002 года. Там усё напісана”.

Карэспандэнтка: “А простаму сьмяротнаму ніяк, нават за грошы?”

Супрацоўнік: “Так”.

Супрацоўнік могілак сказаў, што ў сьпісе – члены ўраду, парлямэнтары, народныя артысты.

На сайце Менгарвыканкаму ў адкрытым доступе рашэньня №1177 няма.

Гл. таксама:

“Людзі йшлі разьвітвацца зь Людмілай Пастаялкай у дзьвюх чэргах”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG