Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі йшлі разьвітвацца зь Людмілай Пастаялкай у дзьвюх чэргах”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менску 9-га сакавіка хавалі Людмілу Пастаялку – былую міністра аховы здароўя і сябра Савету Рэспублікі, якая лічылася адной з найбольш уплывовых чыноўнікаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Грамадзкая паніхіда адбывалася ў канцэртнай зале “Менск” і , паводле сьведкаў, у ёй узялі ўдзел некалькі соцень чалавек, у тым ліку прэм’ер Сяргей Сідорскі і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас. Сярод іх быў і наш карэспандэнт.

У канцэртную залю “Менск”, дзе праходзіла грамадзкае разьвітаньне зь Людмілай Пастаялкай, пускалі зь 10-ці гадзінаў раніцы. Я быў апошнім, каму дазволілі ўвайсьці ў вэстыбюль, дзе стаяла труна з нябожчыцай. Уздоўж сьценаў усё было застаўлена дзесяткамі вянкоў. За лавай, на якой сядзелі сваякі нябожчыцы, шчыльнай групай стаялі чыноўнікі: я пазнаў прэмьер-міністра Сяргея Сідорскага, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Генадзя Нявыгласа, старшыню Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, міністра унутраных спраў Уладзімера Навумава. Дакладна апоўдні афіцэр з роты ганаровай варты гучна папрасіў усіх, акрамя блізкіх сваякоў, да выхаду. Сьведка, якая была на цырымоніі з самага пачатку, падзялілася ўбачаным.

Сьведка: “Да ўваходу ў канцэртную залю “Менск” цягнуліся дзьве даўгія чаргі. У адной былі выключна высокапастаўленыя чыноўнікі зь вянкамі і вялікімі кошыкамі кветак, у другой – звычайныя людзі, прадстаўнікі ўстаноў здароўя, шпіталяў, інстытутаў”.

Людміла Пастаялка працавала міністрам аховы здароўя з 2002 па 2005 год, потым узначальвала камісію ў верхняй палаце беларускага парлямэнту. Два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яе ордэнам Пашаны. Гэтую ўзнагароду сёньня на чырвонай падушцы нёс салдат з ганаровай варты.

Як звычайна ў Беларусі хаваюць былых высокапастаўленых чыноўнікаў? Ад чаго залежыць ступень ушанаваньня, прысутнасьць ганаровай варты і вайсковых ушанаваньняў? Былы старшыня Дзяржкамітэту па тэлебачаньні Генадзь Бураўкін дагэтуль быў перакананы, што рота ганаровай варты ўдзельнічае толькі ў пахаваньні вайскоўцаў ці кіраўнікоў дзяржавы:

“Дакладна тое, што ганаровую варту прысылаюць тады, калі ў чалавека ёсьць вайсковыя заслугі, нейкія вайсковыя званьні, калі чалавек доўга служыў у войску, ветэран. А ў дадзеным выпадку, зразумела, што чалавек, афіцыйна ці неафіцыйна – з блізкіх да прэзыдэнта. Таму туды пойдуць усе. І хто прадугледжаны сцэнарыем, і хто не прадугледжаны. Нацягнуць на твары, як кажуць, жалобныя маскі, ды пойдуць”.

Паводле сьведкаў, каб разьвітацца з Людмілай Пастаялкай, прыходзіла і былая кіраўніца спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова. Былая высокапастаўленая чыноўніца, прызнаная судом вінаватай у хабарніцтве, а потым памілаваная Аляксандрам Лукашэнкам, усклала кветкі да труны і выказала спачуваньні дачцы нябожчыцы Ірыне Абельскай. Нагадаю, Ірына Абельская зараз кіруе рэспубліканскім шпіталем кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, былой “лечкамісіяй”. Да гэтага прызначэньня дачка Людмілы Пастаялкі Ірына Абельская была асабістым урачом Аляксандра Лукашэнкі, часта суправаджала яго ў замежных паездках.

Будынак канцэртнай залы “Менск” на час паніхіды ня быў ачэплены міліцыяй, але сярод людзей было шмат ахоўнікаў у цывільным, якія па службовай сувязі кантралявалі абстаноўку. Утым ліку распавядалі і пра прысутных журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG