Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча наведала амбасадарка ЗША


Любоў Лунёва, Менск Палітвязьня Міколу Статкевіча, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну за арганізацыю дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, наведала амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт. Гэта першы візыт кіраўніка амэрыканскай амбасады да Міколы Статкевіча. Раней некалькі разоў яго наведвалі амбасадары Нямеччыны, Швэцыі, Чэхіі, Славакіі, а таксама кіраўнік місіі АБСЭ Окэ Пэтэрсан.

Размова Міколы Статкевіча з амбасадаркай ЗША Карэн Ст’юарт працягвалася каля дзьвюх гадзінаў. Адразу пасьля візыту Мікола Статкевіч паведаміў “Свабодзе”:

“Спадарыня амбасадар заявіла, што праблема беларускіх палітычных вязьняў застаецца і будзе заставацца ў цэнтры ўвагі ўраду ЗША. Яна сказала, што Амэрыка хацела нармалізацыі дачыненьняў зь Беларусьсю, але толькі ў выпадку дэмакратызацыі нашай краіны. Як яна выказалася, спачатку – справы, а потым – нармалізацыя дачыненьняў. Беларускі рэжым павінен справамі даказаць, што ён гатовы рухацца да дэмакратыі. І тут, мабыць, самая галоўная і важная праблема, як яна казала – гэта праблема палітычных вязьняў”.

Мікола Статкевіч папрасіў амбасадарку ЗША больш увагі надаваць тым палітвязьням, які знаходзяцца ў турэмным зьняволеньні:

“Я ўспрымаю візыт амбасадара не як падтрымку асабіста мяне, а як знак таго, што ЗША надаюць увагу праблеме беларускіх палітвязьняў і падтрымліваюць іх. Акрамя таго, я прасіў яе больш увагі надаваць асабліва тым палітвязьням, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, а таксама маладым палітзьняволеным, якім значна цяжэй адбываць пакараньне, чым сталым і вядомым палітыкам”.

Раней, 7 сакавіка, палітвязьня наведаў бард Зьміцер Бартосік. Мікола Статкевіч лічыць такія сустрэчы моцнай маральнай падтрымкай:

“Ён прыехаў з гітарай і прапанаваў пасьпяваць песьні. Я, безумоўна, не хацеў гэты падарунак атрымліваць адзін, тым больш напярэдадні жаночага дню, і запрасіў усіх жанчын, якія жывуць ці працуюць у гэтым інтэрнаце. Канцэрт адбыўся ў адным інтэрнацкім вялікім пакоі. Ягоныя песьні былі вельмі цёпла ўспрынятыя. Думаю, што пасьля ягонага візыту аматараў беларускамоўнай песьні ў гэтай вёсцы будзе болей”.

Гл. таксама: К.Ст’юарт: “Ад ураду Беларусі мы чакаем канкрэтных крокаў” (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG