Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгірдас Бразаўскас – супраць ізаляцыі Беларусі (абноўлены)


Ганна Соўсь, Менск Былы прэзыдэнт і экс-прэм’ер Літвы Альгірдас Бразаўскас выступіў супраць ізаляцыі Беларусі і заклікаў цяперашняе кіраўніцтва Літвы ўлічваць літоўскія інтарэсы ў падыходах да стасункаў зь Менскам. Старшыня парлямэнцкай камісіі літоўскага Сэйму Вацлаў Станкевіч лічыць, што Літве і Беларусі трэба спрабаваць знайсьці супольны погляд на палітычнай арэне. А паводле старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, краінам Эўразьвязу варта было б устрымацца ад палітычных кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі, пакуль ня будуць зробленыя крокі ў кірунку дэмакратызацыі.

“Беларусь ня трэба ізаляваць, а паколькі гэта дзяржава – сусед Эўразьвязу, то эўрапейская супольнасьць павінна мець дакладную праграму ў справе Беларусі”,-- заявіў Альгірдас Бразаўскас, лідэр кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, у інтэрвію радыёстанцыі Žinių radijas. “З Беларусьсю Літва мае эканамічныя сувязі вялікага аб’ёму, масу інтарэсаў, уключна энэргетычныя, таму адносіны трэба рэгуляваць вельмі прадумана”. Спадар Бразаўскас лічыць прымальнай сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, але для гэтага яму патрабуюцца паўнамоцтвы Эўразьвязу.

Нагадаю, што ўчора вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіер Саляна заявіў, што Эўропа мае некаторыя магчымасьці наладзіць ці распачаць пэўныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам, з Беларусьсю.

Дырэктар Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Раймундас Лапата адзначае, што ў інтарэсах Літвы мець незалежнага, прадказальнага і дэмакратычнага суседа:

“Пытаньне, як дапамагчы суседу, каб ён такім стаў. Гэта ня значыць, што ігнаруюцца меркаваньні беларускага народу. Ён сам павінен вызначыць. Праблема ў тым, што мы перакананыя, што пакуль няма ўмоваў у Беларусі, каб народ мог выказаць свае меркаваньні. Нягледзячы на гэта, канечне, мы хочам дапамагчы. Пытаньне ў тым, якімі мэтадамі і сродкамі. У гэтым кантэксьце тое, што гаварыў прэзыдэнт Бразаўскас, адпавядае таму, чаго хочуць усе суседзі Беларусі”.

Старшыня парлямэнцкай камісіі ў справах НАТО Сэйму Літвы Вацлаў Станкевіч лічыць вельмі актуальнай заяву Альгірдаса Бразаўскаса:

“Беларусь цяпер знаходзіцца на скрыжаваньні дарог. Я маю на ўвазе суадносіны з галоўным хаўрусьнікам Расеяй. Мы павінны, як магчыма, актыўней і часьцей размаўляць на беларускую тэму, і не толькі з краінамі Эўразьвязу, але і з Беларусьсю. Як суседняя краіна, Літва павінна і магла б працягнуць руку дапамогі, і ні ў якім разе не ізаляваць. Ізаляцыя заганяе Беларусь у кут, і беларуская ўлада ня мае другой магчымасьці, як ісьці на кантакт з такімі краінамі, як Сырыя, Іран, Паўночная Карэя і так далей. Мы павінны размаўляць ня толькі на эканамічныя і культурныя тэмы, што рабілася па сёньняшні дзень, а таксама спрабаваць знайсьці супольны погляд і на палітычнай арэне”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што ня трэба атаясамліваць такія паняцьці, як беларускі народ і беларуская дзяржава:.

“Я перакананы, што на рабочым роўні кантакты, размовы, якія датычаць энэргетыкі, эканамічных сувязяў павінны адбывацца, ды яны і адбываюцца. Трэба рыхтавацца да таго, што Беларусь будзе ўключаная ў эканамічную, энэргетычную і палітычную сыстэму аб’яднанай Эўропы. Але што датычыць палітычных кантактаў на роўні кіраўнікоў лукашэнкаўскай дзяржавы, то, бясспрэчна, ад гэтага трэба ўстрымлівацца датуль, пакуль ня будуць відавочна і ясна рабіцца крокі дзеля дэмакратызацыі нашай краіны“.

У лістападзе 2006 года Эўрапейская камісія назвала дванаццаць канкрэтных умоваў, пры якіх Эўразьвяз гатовы пайсьці Менску на значныя саступкі — адчыніць свае рынкі для беларускіх тавараў, даць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць візавы рэжым і гэтак далей. Узамен афіцыйны Менск мусіць выканаць умовы, галоўныя зь якіх – вызваленьне палітвязьняў, спыненьне перасьледу апазыцыі, свабода мэдыяў, свабодныя выбары ды іншае.

Глядзіце таксама: Літва шукае “стратэгію выйсьця” для беларускага лідэра
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG