Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Белы: “Наш сайт – унікальная зьява”


Вячаслаў Кулік, Менск Прыватны музэй дасьледчыка беларускай гісторыі Анатоля Белага выйшаў у інтэрнэт-прастору. На адкрытым днямі сайце музэю выстаўленыя больш як 500 рэпрадукцыяў карцін, фатаздымкі скульптур, выявы рэчаў беларускай даўніны.

Праз пошукавую сыстэму ў інтэрнэце набіраю адрас новага сайту www.spadchina.narod.ru. На экране манітора – старонка “Фонд Анатоля Белага” і спасылкі на рубрыкі – “Сядзіба музэю”, “Жывапіс”, “Графіка”, Скульптура”. Гэта – традыцыйнае. Але вось выдатныя рэчы – выявы ў мэтале змагароў за незалежную Беларусь: Каліноўскага, Касьцюшкі, Захаркі, Кіпеля. Цікавасьць да калекцыі гэтых мэдалёў вымагае тлумачэньня гаспадара.

“Тут 35 файлаў, – расказаў Анатоль Белы. – Але сярод іх – стэнды. А на стэндзе – 25-30 твораў. Гэта, як гаворыцца, першая ластаўка. На сайце цяпер 500 твораў мастацтва. А пасьля яшчэ зьявіцца каля адной тысячы. Гэта ўнікальная зьява ў беларускай гісторыі і культуры”.

На сёньня музэй у Старых Дарогах – гэта пяць будынкаў на два паверхі. Тут больш як 500 квадратных мэтраў экспазыцыйнай плошчы. У залях разьмешчана 1200 экспанатаў. Усе яны набываюць электронную прыпіску.

“Мне ўжо тэлефанавалі з ЗША, Піцеру, з Італіі, – падзяліўся рэакцыяй на сайт Анатоль Белы. – Шчыра прызнаюся, я доўгі час ня важыўся пачынаць гэтую працу. А цяпер зразумеў, што гэта такое. Якія магчымасьці! За гэтым – будучыня”.

На просьбу даць экспэртную ацэнку сайту адгукнуўся вядомы ў Менску кампутарны спэцыяліст Фёдар Караленка: “Стварыць якасны сайт, які быў бы прафэсійны, – гэта дастаткова дарагая праца. Што да ўнікальнасьці, то я “прабегся” па беларускіх сайтах музэяў – іх сапраўды мала. Вельмі мала”.

Карэспандэнт: “Тое, што зрабіў Анатоль Белы, выклікае павагу?”

Караленка: “Бясспрэчна. Вялікі яму дзякуй трэба сказаць. Праца зробленая велізарная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG