Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх аўташколах тры чвэрці курсантаў – жанчыны


Любоў Лунёва, Менск Сёньня на беларускіх дарогах суадносіны паміж кіроўцамі мужчынамі і жанчынамі – 70% да 30%. Але супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі чакаюць, што рост колькасьці кіроўцаў-жанчын прывядзе да таго, што неўзабаве іх стане пароўну, а потым суадносіны зьменяцца на карысьць жанчын.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі кажуць, што жанчыны-кіроўцы робяць ім менш клопату чым кіроўцы-мужчыны. Кіраўніца аддзелу прафіляктыкі упраўленьня ДАІ Жана Трайно выразы кшталту: «Жанчына за рулём – патэнцыйны забойца» лічыць праявай мужчынскага шавінізму:

«Жанчыны – вельмі акуратныя кіроўцы і заўсёды выконваюць правілы дарожнага руху. Яны ў большасьці сваёй пунктуальныя на дарогах. У крытычных сытуацыях жанчына, сапраўды, паводзіць сябе ня так, як мужчына. Але паколькі яна больш ураўнаважаная і адказная за мужчыну, то папросту радзей трапляе ў такія сытуацыі. Жанчыны больш дысцыплінаваныя, і таму ствараюць значна меней праблемаў і кіроўцам, і пешаходам».

Супрацоўнікі ДАІ, якія штодня патрулююць дарогі, кажуць, што стаўленьне да жанчынаў-кіроўцаў пакрысе мяняецца. Ці сапраўды жанчыны часьцей за мужчын ствараюць перашкоды пад час руху? На гэтае пытаньне адказалі мінакі-мужчыны на вуліцы Веры Харужай у Менску.

“Нязгодны. Навошта гэта “прывязваць” да жанчынаў? Мужчыны некаторыя самі як забойцы... Прымуць "на грудзі" і пакуль бачаць вочы ціснуць на пэдаль. Я лічу, што гэта праява мужчынскага шавінізму”.

“Жанчынам цяжэй, чым мужыкам працаваць. Усе ж розныя. Ёсьць і мужыкі такія, што... Усе па-рознаму езьдзяць. Усё залежыць ад чалавека. Бывае, што й лаюся”.

“Яны няўважлівыя. Вельмі часта лаюся. Яны па міміцы майго твару здагадваюцца, што я вельмі незадаволены”.

“Гэта хутчэй за ўсё з анэкдотаў. Дарэчы, я заўважыў, што жанчыны кіруюць машынамі значна акуратней за мужчынаў. Яны не “ліхачаць”. Нармалёва. У маёй жонкі правы, выручае”.

Сёлета ў беларускіх аўташколах прыкладна тры чвэрці курсантаў – жанчыны. Супрацоўнікі ДАІ лічаць, што гэта – добры знак. Яны спадзяюцца, што ў выніку на дарогах стане меней агрэсіі і непаважлівага стаўленьня кіроўцаў адзін да аднаго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG