Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Пётра Сергіевіч (10.7.1900, в. Стаўрова,цяпер Браслаўскі раён, — 1.11.1984, Вільня)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Шмат хто з нас ад школьных гадоў уяўляюць Каліноўскага менавіта такім, як на хрэстаматыйных палотнах Пётры Сергіевіча, дзе Кастусь гутарыць з паўстанцамі або разам з Валерам Урублеўскім робіць агляд іх шэрагаў.

Равесьнік стагодзьдзя, ён вучыўся ў Фэрдынанда Рушчыца ў Вільні, дасканаліў майстэрства ў Кракаве і падчас паездкі ў Італію. Талент адкрываў яму шырокія магчымасьці для далейшага жыцьця і творчасьці. Пётра Сергіевіч абраў найлепшую — Вільню, што тады была неафіцыйнай сталіцаю Заходняе Беларусі.

Само віленскае паветра зрабіла адной зь ягоных галоўных тэмаў гісторыю: “Усяслаў Полацкі”, “Скарына ў друкарні”, “Арышт Паўлюка Багрыма”... У 1920—1930-я гады Сергіевіч стварае манумэнтальныя поліхромныя размалёўкі ў касьцёлах Горадні, Смаргоні, Солаў, Поразава, Жодзішкаў, Салечнікаў...

Дзёньнік мастака сьведчыць пра ягоную незвычайную творчую і маральную патрабавальнасьць да сябе. “Вечна я з сваіх прац не задаволены, так мучаюся, ад зары да зары малюю, не хапае мне часу паесьці... Нявольнік я вечнага хараства, не спачну да сьмерці... Пастанавіў нікому не гаварыць, як мне жывецца — цяжка ці добра... Пастанавіў не маляваць на замову... Ідзі за голасам душы сваёй. Гэта ёсьць твой закон. Што лепшага можа быць для душы чалавек, як вольнасьць?..” Прасякнуты болем запіс пра зьнішчэньне літоўскімі ўладамі віленскага Беларускага музэю Івана Луцкевіча, які “расьцерушылі па культурных установах Літвы”.

Некалькі паваенных дзесяцігодзьдзяў віленская майстэрня Сергіевіча была месцам паломніцтва беларускіх мастакоў. Там натхняліся беларускім духам Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава... Менскае ж начальства ад мастацтва, пачуўшы імя Сергіевіча, пачынала нэрвавацца: “малюе не зусім тое”. Жывому клясыку дазволілі ў беларускай сталіцы ўсяго дзьве пэрсанальныя выставы. Выступаючы на адной зь іх, прысьвечанай ягонаму 75-годзьдзю, мастак сказаў пра сваю запаветную мару — “каб народ беларускі жыў вольным жыцьцём, тварыў сваю культуру і вызнаваў адзінага Бога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG