Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для ўладкаваньня на дзяржслужбу патрэбны рэкамэндацыі чыноўнікаў


Ігар Карней, Менск Неўзабаве для прыёму на дзяржаўную службу нават на ўзроўні ўпраўленьня райвыканкаму можа спатрэбіцца цэлы стос дакумэнтаў, якія характарызуюць прэтэндэнта на вакантнае месца з гледзішча адданасьці ўскладзеным абавязкам. Такое патрабаваньне ўтрымліваецца ў распараджэньні Савету міністраў. Яшчэ раней пра неабходнасьць пільнага стаўленьня да дзяржаўных службоўцаў гаварыў Аляксандар Лукашэнка. Зрэшты, у найвышэйшых органах улады гэтая норма дзейнічае ўжо не адзін год.

Экспэрты заўважаюць, што рашэньне “фільтраваць” кандыдатаў на пасаду дзяржаўнага кіраўніцкага работніка само па сабе ня новае. За часам савецкай камуністычнай партыі ахвотныя папоўніць шэрагі КПСС мусілі заручыцца падтрымкай двух таварышаў са стажам. Апроч рэкамэндацыяў, таксама патрабаваліся характарыстыкі зь месца працы ці вучобы. Чальцоўства ў партыі давала патэнцыйнаму партыйцу шэраг ільготаў у параўнаньні з беспартыйным.

Зрэшты, цяпер стаўкі ня меншыя. Сучасныя дзяржаўныя чыноўнікі атрымліваюць досыць высокія заробкі, маюць службовыя машыны і службовыя кватэры з пэрспэктывай прыватызацыі; папраўляюць здароўе ў неперанаселеных ведамасных клініках, па льготных цэнах аздараўляюцца ў санаторыях і дамах адпачынку. Кіраўніцкаму работніку пад гарантыі пасады, якую ён займае, куды прасьцей атрымаць банкавы крэдыт дый увогуле адчыняць дзьверы, звычайна зачыненыя для простых сьмяротных.
Аляксандар Цімашэнка: “Для мяне ў гэтым нічога новага няма: калі я ўладкоўваўся сюды на працу, таксама мусіў прынесьці дзьве рэкамэндацыі”.
Але нават ня самыя высокія чыны павінны прайсьці працэдуру кантролю, перш чым заняць месца ва ўладных кабінэтах. Прэсавы сакратар Савету міністраў Аляксандар Цімашэнка расказвае, што, уладкоўваючыся на працу, ён гэтаксама быў абавязаны падаць дзьве рэкамэндацыі.

“Можна, вядома, удакладніць – цяпер гэта штосьці новае ці не. Але ня думаю, што гэта штосьці прынцыпова новае... – сказаў у інтэрвію “Свабодзе” Аляксандар Цімашэнка. – Прыкладам, для мяне ў гэтым нічога новага няма. Што да астатніх – цяжка сказаць, я дакумэнту ня бачыў і ня ведаю, на каго гэта можа распаўсюджвацца ці раней распаўсюджвалася. Магу толькі сказаць: калі я ўладкоўваўся сюды на працу, таксама мусіў прынесьці дзьве рэкамэндацыі”.

Адзін з колішніх кіраўнікоў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў лічыць, што цяперашняя кадравая палітыка накіраваная выключна на пошук асобаў, ляяльных да рэжыму і ў сваёй прынцыповай сутнасьці саступае нават колішняму “камуністычнаму адбору”.

“У той сыстэме досыць пісьменна была пастаўленая праца з кадрамі, – нагадаў Анатоль Паўлаў. – І тым кадравым тонкасьцям нашаму кіраўніцтву трэба было б яшчэ павучыцца. За чалавекам назіралі шмат гадоў, яму давалі даручэньні, і ў залежнасьці ад якасьці іх выкананьня чалавек або ішоў вышэй, або яго пакідалі ў спакоі. Цяпер жа ў нас схема простая: абы толькі мог выканаць любы загад, любое распараджэньне, нават вуснае. Таму што людзі нават ня могуць у сытуацыях, калі адчуваеш, што ідзеш на гандаль са сваім сумленьнем, са сваёй будучыняй, са сваёй рэпутацыяй, ня здольныя папрасіць хоць бы пісьмовага загаду, якога, вядома, ніхто ніколі не адважыцца даць”.
Анатоль Паўлаў: “Гэта яшчэ адна спроба збудаваць бар’еры, каб ніводзін зь неляяльных не прашмыгнуў, ніводзін зь непатрэбных не праскочыў ва ўладу”.
Апроч таго, Анатоль Паўлаў лічыць: у досыць складаную сытуацыю трапляюць нават ня столькі тыя, хто мусіць бегаць у пошуках ахвотных даць ім рэкамэндацыі, колькі самі “гаранты”. Як паказвае досьвед, у першую чаргу могуць спытаць зь іх, хто выпадкова або сьвядома зьбіраўся ўкараніць у дзяржаўную ўстанову апазыцыйнага “шпіёна”.

“Калі хтосьці, дапусьцім, даў рэкамэндацыю, то гэта значыць, што ў першую чаргу зь яго і будуць пытаць у выпадку чаго... – мяркуе Анатоль Паўлаў. – Таму я ўвогуле не ўяўляю, што з усяго гэтага атрымаецца, з гэтай кадравай палітыкі. Але гэта ў любым выпадку яшчэ адна спроба збудаваць бар’еры, каб ніводзін зь неляяльных не прашмыгнуў, ніводзін зь непатрэбных не праскочыў ва ўладу. То бок прафэсійныя якасьці чалавека насамрэч нікога не цікавяць. Цікавіць адзін момант – асабістая адданасьць. У гэтым простая зацікаўленасьць улады. На жаль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG