Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: міліцыянты канфіскавалі газэту “Свабода” і ўлёткі да Дня Волі


Радыё Свабода, Магілёў 600 асобнікаў газэты “Свабода” і 1000 улётак да сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі канфіскавана ў сядзібе рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ.

Старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў Радыё Свабода, што ён у панядзелак з дакумэнтамі, якія сьведчаць пра рэгістрацыю арганізацыі, павінен прыйсьці ў Ленінскую ўправу ўнутраных спраў Магілёва на прафіляктычную гутарку.

Нагадаем, што сёньня ў 16.30 трое міліцыянтаў – Міхаіл Халамаў, Віктар Цароў ды Юры Радзькоў – уварваліся ў сядзібу рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ. Свае дзеяньні яны матывавалі тым, што ў горадзе зьявілася шмат друкаванай прадукцыі, якая выйшла з парушэньнем заканадаўства.

Ад 1 сакавіка, пачатку дзеяньня новай рэдакцыі Адміністрацыйнага кодэксу, сёньняшні інцыдэнт у сядзібе рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ ужо трэці ў Магілёўскай вобласьці. 2 сакавіка ў Клімавічах арыштавалі наклад недзяржаўнай газэты “Вольны горад”. А ўчора падчас распаўсюду газэты “Свабода” затрымалі двух грамадзкіх актывістаў, якім спрабавалі інкрымінаваць парушэньне новага Адміністрацыйнага кодэксу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG