Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудуюць у Магілёве ратушу?


Радыё Свабода У Магілёве рэканструююць Савецкую плошчу. Пасьля рэканструкцыі яе пераймянуюць у плошчу Славы. Пры канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя з мапы гораду гэтак жа зьнікла плошча Перамогі. Пра савецкую эпоху цяпер у Магілёве будзе нагадваць хіба што Плошча Леніна. У зьвязку з рэканструкцыяй плошчы магілёўскую грамадзкасьць хвалюе пытаньне – ці адновяць на ёй ратушу.

Гістарычная назва Савецкай плошчы -- Гандлёвая. Ад 16 стагодзьдзя тут знаходзіўся нязьменны атрыбут эўрапейскага места, што мела магдэбурскае права -- ратуша. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, у 1772 годзе, расейцы перайменавалі плошчу ў Губэрнатарскую. Па зьнішчэньні ратушы, у 1957 годзе, плошча заставалася бяз пэўнай назвы. 25 год таму на ёй узьвялі мэмарыяльны комплекс “Барацьбітам за Савецкую ўладу”.

Пасьля рэканструкцыі сама плошча ды ейнае навакольле кардынальна зьменяцца. Магілёўцаў, аднак, хвалюе – ці адбудуюць ратушу.

Мужчына сярэдняга веку: “Я лічу, што ратушу варта адбудаваць, а наконт назвы – Ратушная – што-небудзь больш гістарычнае”. “Я лічу, што трэба адбудаваць ратушу”

Студэнт : “Я лічу, што варта адбудаваць ратушу”

Малады мужчына: “Чым раней тым лепш. На мой погляд ратуша – гэта сымбаль самакіраваньня”

Жанчына, пэнсійнага веку: “Разумеецца патрэба. У Магілёве так мала помнікаў архітэктуры ды гісторыі гэта сьвятая справа”.

Мужчыны сярэдняга веку: “Ратуша – гэта гістарычная каштоўнасьць. Гэта будынак, які зьнішчылі бальшавікі замест таго каб аднавіць. Дык хаця б па гэтаму яна патрэбна”.

Пры канцы мінулага году старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў абяцаў магілёўцам, што ратуша будзе ўзьведзена ў 2007 годзе. Ва ўправе капітальнага будаўніцтва паведамілі -- будаваць яе пачнуць, калі знойдуць фінансаваньне, але апошняе слова тут за аблвыканкамам. Кажа намесьнік кіраўніка ўправы Браніслаў Пікарскі:

Праектна-каштарысная дакумэнтацыя на ратушу ёсьць. Яна распрацаваная. Цяпер існуе пытаньне фінансавых сродкаў. Мы гатовыя прыступіць да гэтага хоць сёньня. Гарвыканкам за свае грошы наўпрост гэтага ня зможа зрабіць. Канечне фінансавыя пытаньні павінен вырашаць аблвыканкам”.

Сваё меркаваньне адносна рэканструкцыі Савецкай плошчы ды адбудовы ратушы выказаў гісторык, дэпутат гарсавету Алесь Агееў:

“Мэмарыял “Барацьбітам за Савецкую ўладу” хлусьлівы паводле сваёй сутнасьці, а самае галоўнае цэнтар гораду, перастаў быць цэнтрам праз гэты мэмарыял. Каб кардынальна нешта зьмянілася трэба адбудоўваць ратушу. А вось калі адновіцца ратуша на мой погляд, усё адразу ж інакш зайграе. Але ратуша сама па сабе будзе дамінантай, гэта дужа высокі будынак і на колькі будзе гарманіраваць вось з гэтым “Барацьбітам за савецкую ўладу” з ратушай мне цяжка сказаць. Думаю, што ня будзе”.

З крыніцаў блізкіх да гарвыканкаму вядома, што фінансавыя сродкі на адбудову ратушы ўжо выдзяляліся, але ў зьвязку з газанафтавым канфліктам гарадзкі бюджэт перагледзелі. “Ратушныя” сродкі пераразьмеркавалі. Пытаньне адбудовы магілёўскай ратушы дагэтуль застаецца адкрытым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG