Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сэрца перапоўнена такой узрушанасьцю і ўдзячнасьцю за кнігу Аляксандра Лукашука, і тым горам, пра якое напісана, што было на пачатку 20-х гадоў"


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 7 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадар: “Хачу выказаць меркаваньне. Раз на тыдзень трэба праводзіць размову пра жыцьцё простага народа ў параўнаньні з намэнклятурай і чыноўнікамі. Заробкі, пэнсіі, атрыманьне жыльля і гэтак далей. А таксама параўноўваць кошты на прадукты харчаваньня, праезд у транспарце, камунальныя паслугі і гэтак далей у Беларусі і ў Нямеччыне ці Вялікабрытаніі як узоры Заходняга ладу жыцьця, але толькі ня ў Польшчы. Гэта прыцягне вялікую колькасьць слухачоў і пакажа на якім узроўні мы жывем. Дзякуй”.

Алесь Чобат, Горадня: “Панове, я гаварыў і мушу паўтарыць яшчэ раз. Бязь сьмеху гаварыў. Выберыце вы Казуліна! Лідэр апазыцыі пры Лукашэнку мае сядзець у турме. Для таго ані Мілінкевіч, ані Вячорка, ані, барані Божа, камуніст Калякін не падыходзяць. У турме сядзіць лідэр апазыцыі ў Беларусі. Яму ад таго горш ня будзе, а Вам усе плюсы”.

Спадар: “Добрай раніцы Вам усім. Таму што вось толькі што закончыў чытаць гэтую кніжку, якую напісаў Аляксандр Лукашук. Ну, праўда, сэрца перапоўнена такой узрушанасьцю, нейкай і ўдзячнасьцю за гэтую кнігу, з аднаго боку, і тым горам, пра якое напісана ў гэтай кніжцы, пра тое гора, што было на пачатку 20-х гадоў, 1923-23 гадоў. Яно наогул назаўсёды застанецца ў маім сэрцы, таму што на гэтай кніжцы я вучыў бы моладзь заглядваць у будучыню, не забываючы пра тое, што напісаў Аляксандр Лукашук. Дзякуй яму вялікі за гэтую кніжку. І яшчэ я хачу сказаць дзякуй Богу, што…Я заўжды казаў нашчадкам і кажу, каб дзякавалі тым, хто нам дапамог выжыць, і што будучыня наша ў гэтай кніжцы закладзена. І дай здароўя ўсім-усім і асабліва Аляксандру Лукашуку. Так і хочацца сказаць: “Саша, будзь здароў, і дзякуй табе! У гэтай кніжцы, калі я чытаў, неаднойчы сьлёзы набягалі. Добрага здароўя”.

Спадар: “Меркаваньне з пытаньнем. Вось я служыў у Савецкім войску некалі. На мой погляд, сёньня вядомая праблема дзедаўшчыны існуе ў нашай апазыцыі. У гэтай нашай паважнай апазыцыі ёсьць стараслужачыя і ёсьць навабранцы. Стараслужачыя, на мой погляд, ну ніяк ня хочуць параіць, дапамагчы, падзяліцца і, нарэшце, нават саступіць, калі яны ня маюць рацыі. Заставалася толькі “банкі біць”, як гэта было ў войску. Стараслужачыя крыўдзілі спражкамі. Вось і ў нас тут так. Паважныя старшыні АГП Лябедзька, камуністаў Калякін, паважаны Вячорка…Ніяк яны ня могуць прымірыцца, што прыйшлі цяпер яшчэ паважаныя і Казулін, і наш адзіны кандыдат. Але тым ня менш, я хацеў бы сказаць, трэба знаходзіць паразуменьне. Таму што гэта на руку толькі існуючай дзейнай уладзе. І хацелася б, каб нашы палітычныя камэнтатары “Свабоды” маглі пракамэнтаваць, што гэта адбываецца і колькі гэта можа цягнуцца. Гэта проста сьмех, ня проста на ўсю рэспубліку, на ўвесь сьвет”.

Спадар: “Добры дзень. Хачу выказаць сваю думку наконт будаўніцтва храма ў гонар Суворава. Будаўніцтва храма – рэч неабходная. Але такое будаўніцтва ў гонар Суворава – гэта зьдзек з нашага беларускага народу. І той, хто даў благаславеньне на гэтае будаўніцтва, яму – ганьба! І хай гэты благаславіцель паглядзіць у вочы Ефрасіньні Полацкай, на яе фрэскі. Можа тады ён больш глыбока ўсьвядоміць сваё прызначэньне на нашай беларускай зямлі. Усяго добрага”.

Спадар: “90 год знаходзімся пад камуністычным гнётам. Найвялікшая трагедыя! У рэшце мы калі-небудзь пазбавімся гэтай чумы? Хто можа выразна адказаць?”

Давыдзенка Павел Андрэевіч, г\п Парычы: “Паважаная “Свабода”, чаму не перадаяце мае словы? Я паведамляў, што мне пэнсію наша ўлада як ліквідатару ЧАЭС пастаянна не дадае, а памяншае кожны месяц. І калі я атрымаў пэнсію 3 сакавіка, гэта ўлада скарала сабе ажно 41 тысячу! Вось такі клопат нашай дзяржавы. Хачу, каб Вы перадалі і ўсе пачулі, які клопат чыняць!”

Ларыса, Менск: “Што адбываецца ў краіне? Вельмі цяжка зразумець паводзіны праваахоўных органаў. На працягу цэлага году ідзе перасьлед моладзі, якая хоча нейкіх пераменаў. Ну ня хочуць яны жыць так, як жылі мы. Увесь час мы чакалі, калі будзем варта жыць. І дачакаліся, што пэнсіі хапае толькі на ежу ды на самыя танныя лекі. Яны гэта бачаць, бо жывуць з намі побач і ня хочуць апынуцца ў такім становішчы. Прыслухайцеся, можа, у іх ёсьць цікавыя прапановы”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Вось праслухаў агляд тэлефанаваньняў. На жаль, мая, так бы мовіць, песьня ня трапіла ў эфір. Відаць, у Вас там нейкае танюсенькае сіта, што ня ўсё праходзіць. І мая просьба, напэўна, ужо мяжуе з нахабнасьцю. Вось прачытаю, я тут дапісаў, яшчэ адзін слупок. Я спадзяюся, што будзе песьня. Слухайце:

Я вітаю цябе, Беларусь маладая, І хачу, каб ты вольнай была, Каб у кожным куточку Майго любага краю Хоць надзея на лепшую долю жыла.

Узьнімайся наш сьцяг у блакітнае неба І вядзі за сабой да сьвятла. Лепшай спадчыны, мабыць, Нашчадкам ня трэба, Калі б толькі краіна, як сад, зацьвіла.

Я вітаю тваё, Беларусь, абуджэньне, Гэты сёньняшні дзень веснавы. Ён яднае ўжо не адно пакаленьне. Разам хлопец і дзядзька сівы. Узьнімайся наш сьцяг у блакітнае неба І вядзі за сабой да сьвятла.

Можа. Хто ўступіць у спаборніцтва за напісаньне добрай песьні, таму раю Вам даць у эфір. Мастацтва, як кажуць, выратуе сьвет. Хаця я і не прафэсіянал у гэтай справе, але можа…”

Леанід Пліско, Гомель: “На гэтым тыдні Лукашэнка хваліў сваю апазыцыю і сказаў: “Дай Бог кожнаму прэзыдэнту такую апазыцыю. І я зь іх пыл зьмятаю”. Грамадзянін Аляксандр Лукашэнка, паглядзіш 25 сакавіка, хто з каго будзе зьмятаць пыл. Жыве Беларусь!”

Віктар: “Спадарства, я хацеў бы Вам паказаць, як Вас глушаць. Па ўсім дыяпазонам. Немагчыма паслухаць і расейскае Радыё Свабода. Зараз я Вам пакажу. (Гук радыёперашкодаў) Вось я Вам даў паслухаць. Нідзе ня чутна. Усяго добрага. Я б хацеў у Вашых спэцыялістаў запытацца, чаму па ўсіх дыяпазонах такое адбываецца. Немагчыма слухаць. Скажыце, з чым гэта зьвязана? Ці гэта з-за надвор’я? Але я думаю, што гэта зьвязана з глушэньнем. Дзякуй. Усяго добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG