Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Philip Morris скарачае аб’ём прысутнасьці на беларускім рынку


Радыё Свабода Вядучая сусьветная тытунёвая кампанія Philip Morris скарачае аб’ём сваёй прысутнасьці на беларускім рынку. Кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэньне аб закрыцьці беларускага прадстаўніцтва пры канцы кастрычніка 2007 году ў сувязі са складанасьцю перамоваў з беларускім урадам і Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай “Нёман” аб ліцэнзійнай вытворчасьці цыгарэтаў. Пра гэта паведаміла агенцтву ПРАЙМ-ТАСС крыніца, блізкая да кампаніі.

“Узровень нашай прысутнасьці ў краіне павінен адпавядаць аб’ёму нашай дзелавой актыўнасьці. Наш імпарцёр “АФ энд Кампаніі” не атрымаў квоту на ўвоз цыгарэтаў у 2007 годзе. У сувязі з гэтым мы праводзім неабходныя структурныя зьмены з тым, каб наша арганізацыя адпавядала сёньняшняй сытуацыі на тытунёвым рынку Беларусі”, – сказаў у каментары агенцтву кіраўнік у карпаратыўных пытаньнях прадстаўніцтва кампаніі ў Беларусі Ігар Альхімовіч.

У той самы час ён падкрэсьліў, што кампанія працуе на беларускім рынку ўжо больш як 10 гадоў і гаворка не ідзе пра прыпыненьні яе дзейнасьці.

Philip Morris разьлічвае на посьпех перамоваў па здыманьні гандлёвых бар’ераў, у тым ліку ў дачыненьні тытунёвых вырабаў, імпартаваных з Расеі, якія цяпер праводзяць урады Расеі і Беларусі.

“Мы спадзяемся, што вынікам перамоваў стане адмена Беларусьсю квотаў і іншых эквівалентных ім абмежаванняў. Гэта дазволіць стварыць умовы, у якіх мы будзем працягваць задавальняць попыт на маркі цыгарэтаў Philip Morris сярод паўналетніх курцоў у Беларусі”, – адзначыў І.Альхімовіч.

Прадстаўніцтва Philip Morris M.S.B.V. было адчыненае ў Беларусі ў 1995 годзе. У 2006 годзе квота на ўвоз цыгарэтаў кампаніі склала 0,208 млрд. з агульнага памеру імпартнай квоты 1,5 млрд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG