Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці займаюцца цэрквы камэрцыйнай дзейнасьцю?


Ігар Карней, Менск Паводле Канстытуцыі ў Беларусі царква аддзеленая ад дзяржавы. Са сваёй гаспадарчай дзейнасьці цэрквы плацяць падаткі як рэлігійныя арганізацыі – значна меншыя, чым камэрцыйныя фірмы. Тэма сёньняшніх начных досьледаў – камэрцыйная дзейнасьць розных цэркваў.­

У Беларусі праваслаўная царква мае перавагі, у тым ліку – эканамічныя

У 2004 годзе ўрад Беларусі падпісаў дамову з Беларускай праваслаўнай царквой. Паводле гэтага дакумэнту рэгулююцца ўзаемаадносіны царквы і дзяржавы ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сфэрах. Цягам 2004-2006 гадоў аналягічныя дамовы з кіраўніцтвам праваслаўнага экзархату падпісалі кіраўнікі шэрагу міністэрстваў (уключна з сілавымі), абласных і раённых адміністрацыяў. Пагадненьне пра супрацоўніцтва з урадам Беларусі мае толькі праваслаўная царква.

Паводле пагадненьня, дзяржава прызнае факт матэрыяльных і маральных стратаў, нанесеных царкве ў гады панаваньня дзяржаўнага атэізму ў XX стагодзьдзі, і, адпаведна, перадае царкве яе маёмасьць, сканфіскаваныя прадметы культу і рэлігійную літаратуру ці кампэнсуе матэрыяльныя страты.

Гандаль ці ахвяраваньні?

Практычна ў кожнай буйной краме ёсьць куток, дзе прадаецца праваслаўная літаратура, сьвечкі, абразкі, крыжыкі. Такі ж гандаль адбываецца і ў храмах. Апроч гэтага за грошы хрысьцяць, вянчаюць, адпяваюць. Ёсьць свае тарыфы за выклік сьвятара на дом, асьвячэньне кватэры ці нават дзяржаўнай установы.

Прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Петрашкевіч перакананы: казаць пра гандаль ва ўзаемаадносінах паміж сьвятарамі і вернікамі некарэктна:

“У прыходах крыніцай прыбыткаў, бадай, у самай вялікай ступені, служаць добраахвотныя ахвяраваньні тых, хто прыходзіць у храм. Гандаль прыходам, як правіла, не ажыцьцяўляецца. Людзі ахвяруюць тую ці іншую суму грошай і храм, у выглядзе ўдзячнай дапамогі ў адказ чалавеку, прапануе яму альбо літаратуру, альбо некія іншыя прадметы, якія прыхаджане ці самі робяць, ці аднекуль прывозяць. То бок, гэта ня мае формы гандлю, а мае форму абмену ахвяраваньнямі. Калі мне патрэбна літаратура, то я магу ўнесьці сваё ахвяраваньне ў скарбонку рэлігійнай грамады і на гэтую суму выбраць кнігу, якая мне неабходная. Ва ўсялякім разе, такая псыхалёгія існуе ў праваслаўных прыходах і гэта дае нам свабоду ад таго, каб называць гэта гандлем”.

Між тым, у Менску працуе сетка харчовых крамаў “Дыяконія”. У розных гарадах Беларусі ёсьць крамы “Праваслаўная кніга”, у якіх гандлююць рэлігійнай літаратурай. Рэальныя кошты маюць экскурсіі ў кляштары, сьвятыя мясьціны Беларусі. Напрыклад, арганізаваная паездка ў Жыровічы, дзе знаходзіцца праваслаўны кляштар, на трох чалавек з паслугамі гіда каштуе 300 даляраў. На ўласным транспарце крыху меней – 70 даляраў з чалавека. Ва ўсіх выпадках да гэтай камэрцыйнай дзейнасьці мае непасрэднае дачыненьне Беларуская праваслаўная царква.

Не ўсе цэрквы могуць вырабляць свае сьвечкі

Сьвятар незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч лічыць цалкам натуральным, калі храм мае ўласную вытворчасьць тых жа сьвечак.

“Канешне, гэта царкоўная справа. Заўсёды цэрквы займаліся вытворчасьцю сьвечак. І, натуральна, гэта патрэбная справа. Бо хто яшчэ павінен гэтым займацца, калі не царква? Але нашая аўтакефальная царква, на жаль, гэтым не займаецца. Нас не рэгіструюць, а няма рэгістрацыі -- няма права адкрыць нават сьвечную вытворчасьць. Таму мы набываем гатовыя вырабы. Бо калі б пачалі гэтаксама вырабляць сьвечкі, то былі б новыя ганеньні яшчэ і за гэтую дзейнасьць. Канешне, мы марылі пра гэта, хацелі гэтым займацца. Але, па-першае, паводле новага заканадаўства, каб зарэгістравацца, трэба мець нежылое памяшканьне для самой царквы. А тым больш – для вытворчасьці. Таму ўсё заканадаўча пастаўлена так, каб ніякая іншая царква, акрамя маскоўскай, РПЦ, не магла зарэгістравацца і дзейнічаць на сваёй тэрыторыі. Хоць Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква – гэткая самая кананічная царква, як і іншыя – прызнаныя ці не прызнаныя”.

Калі ў каталікоў пераважвае добраахвотнасьць (на сьвяты і ў нядзелю кожны ахвяруе колькі можа), то вернікі пратэстанцкіх эвангельскіх цэркваў вылачваюць у агульную скарбонку так званую “дзесяціну” – прыкладна 10% ад сваіх прыбыткаў.

У Расеі ў часы прэзыдэнцтва Барыса Ельцына Расейская праваслаўная царква мела льготы на продаж алькаголю, тытуню і нафты. Такія ж палёгкі меў і Беларускі экзархат РПЦ. Інфармацыя пра гэта неаднаразова зьяўлялася ў беларускіх незалежных мэдыях. У прыватнасьці – у газэце "Свабода".

У кастрычніку 2005 году стаў вядомы зьмест дакладу аб махлярстве пры выкананьні праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. У сьпісе атрымальнікаў хабару ў выглядзе нафты ад рэжыму Садама Хусэйна разам з “Лукойлам”, “Газпромам” і “Сібнафтай” фігуравала і Расейская праваслаўная царква.

Махляр у строі сьвятара

У Харкаве 2 тыдні таму затрымалі грамадзяніна Беларусі Аляксандра Сяргейчыка. Намесьнік начальніка Галоўнай управы крымінальнага вышуку па Харкаўскай вобласьці МУС Украіны Аляксандар Амельчанка распавёў, што Аляксандар Сяргейчык набыў ў краме строй праваслаўнага сьвятара. На вуліцах ён падыходзіў да мінакоў, казаў, што на іх ляжаць сурокі. Сяргейчык браў грошы за тое, што здымаў закляцьце, пасьля чаго зьнікаў. Аляксандар Сяргейчык таксама асьвячаў офісы, машыны і кватэры. За свае паслугі браў ад 100 да 4 тысячаў даляраў. Усяго Аляксандар Сяргейчык зарабіў такім чынам 10 тысячаў даляраў. .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG