Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцаў выклікаюць на допыты


Любоў Лунёва, Менск Пяцёра сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” давалі паказаньні ў крымінальнай справе, распачатай КДБ супраць Алега Корбана і Зьмітра Хведарука. Хлопцаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Актывісты “Маладога фронту” лічаць, што допыты ёсьць спробай уладаў запалохаць моладзь напярэдадні вясновых вулічных акцыяў.

У Менскую пракуратуру цягам сутак выклікалі пяць чалавек. Сьледчы Сяргей Грахоўскі дапытваў Кацярыну Галіцкую, Касю Краснову і непаўналетнюю Алену Макарэвіч. Кацярына Галіцкая распавяла Радыё Свабода:

“Позву даслалі з’явіцца ў пракуратуру ў якасьці сьведкі, але па якой справе не напісалі. Сьледчы запытваў мяне пра “Малады фронт”, каго я ведаю, ці пісала калі-небудзь заявы. Я казала, што супраць сябе ня сьведчу. Ён прасіў называць канкрэтныя прозьвішчы, каго я ведаю. Толькі потым сказаў, што гэта паводле крымінальнай справы супраць Корбана і Хведарука, якую заводзіў КДБ і перадаў яму. Я казала, што яму не пашчасьціла. Потым ён даў мне прачытаць пратакол. Я выправіла там усе артаграфічныя памылкі. Сказала, што не жадаю, каб мяне запісвалі з памылкамі”.

Дзяўчаты паведамілі, што ім задавалі аднолькавыя пытаньні.

Актывісты “Маладога фронту” лічаць, што крымінальная справа супраць Алега Корбана і Зьмітра Хведарука ня хутка дойдзе да суду. Паводле іх, сьледчыя будуць ужываць мэтады ціску напярэдадні вулічных акцый.

Нагадаем, 4 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 27 сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” пад час правядзеньня паседжаньня цэнтральнай рады. Алега Корбана затрымалі дома. Зьміцер Хведарук і Алег Корбан правялі трое сутак ў сьледчым ізалятары КДБ. Хлопцаў адпусьцілі, узяўшы ад іх абяцаньне зьяўляцца на допыты на першае патрабаваньне. 14 лютага, у дзень правядзеньня акцыі “Маладога фронту” пад лёзунгам: “Любові! Свабоды! Пераменаў!”, хлопцаў выклікалі на допыт у КДБ.

Актывісты “Маладога фронту” чакаюць, што напярэдадні маючага адбыцца 19 сакавіка флэш-мобу і акцыі 25 сакавіка, колькасьць позваў у пракуратуру можа павялічыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG