Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Аскерка 1836, Менск — 28.4.1864, Магілёў.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Любая ўлада, зьнішчаючы сваіх самых небясьпечных ворагаў, зазвычай дальнабачна клапоціцца, каб наступнікам не засталося магіл змагароў. Так надзейней сьціраецца памяць і пра іх саміх, і пра ідэі, за якія яны плацілі ўласнымі жыцьцямі. Сярод безьлічы тых, на чыю магілу сёньня нельга прыйсьці з кветкамі ды бел-чырвона-белым сьцягам, і Міхал Аскерка.

Нашчадак старажытнага ліцьвінскага роду, выпускнік славутай Слуцкай гімназіі й мэдычнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту, ён працаваў лекарам у Магілеве і добра падзарабляў у навакольных багатых абшарнікаў. Наперадзе адкрывалася спакойнае забясьпечанае жыцьцё з магчымасьцямі навуковых штудыяў і кар’ернага росту. Аднак розумам Аскеркі валодала ідэя змаганьня з хваробамі ня толькі асобных пацыентаў, але і цэлага грамадзтва.

У пераднавальнічным 1862-м ён пакінуў дзяржаўную службу і заняўся стварэньнем у Магілеўскай губэрні рэвалюцыйных паўстанцкіх арганізацыяў. Належачы да радыкальнай партыі “чырвоных”, Міхал трымаў лучнасьць з віленскім цэнтрам і асабіста з Каліноўскім.

Разам зь Людвікам Зьвяждоўскім паўстанцкі камісар Магілеўскага ваяводзтва (губэрні) Аскерка ўзначаліў там збройнае змаганьне, а неўзабаве быў прызначаны на такую самую пасаду ў Менскае ваяводства . Ён нястомна езьдзіў па аддзелах інсургентаў, наладжваў паміж імі сувязь, забясьпечваў людзей інструкцыямі і пашпартамі.

Увосень ад Каліноўскага прыйшоў загад рэарганізаваць на Меншчыне паўстанцкую адміністрацыю. Гэта было зроблена, але на актыўнасьць маладога прыежджага лекара зьвярнула ўвагу паліцыя. Ратуючыся ад арышту, ён выехаў у Пецярбург, каб адтуль паспрабаваць выбрацца за межы імпэрыі.

Сустрэча з жандарамі на станцыі Востраў пад Псковам сталася фатальнай. Падчас сьледзтва Аскерка нікога ня выдаў. У красавіку 1864 году яго вялі па магілеўскіх вуліцах на расстрэл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG