Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: Мяне перасьледуюць, каб пазбавіць абароны Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакат Ігар Рынкевіч, які ўжо амаль год абараняе правы Аляксандра Казуліна, заяўляе пра новую спробу ўладаў пазбавіць яго адвакацкай ліцэнзіі. Стала вядома, што прэтэнзіі да адваката выказалі сьледчыя зь Міністэрства ўнутраных справаў.

5 сакавіка адвакат Ігар Рынкевіч накіраваў у Рэспубліканскую калегію адвакатаў тлумачэньне адносна прэтэнзіяў, якія выстаўляюць яму ў галоўнай управе папярэдняга расьсьледаваньня Міністэрства ўнутраных справаў.

Пра гэтыя прэтэнзіі адвакат даведаўся 2 сакавіка зь ліста, які сьледчыя зь міліцыі даслалі ў рэспубліканскую адвакатуру. У лісьце паведамляецца пра нібыта “неэтычныя паводзіны” Ігара Рынкевіча падчас ягонай прафэсійнай дзейнасьці з 1999 году.

У прыватнасьці, сьледчыя спаслаліся на гісторыю пра 50 даляраў, якія адвакат нібыта незаконна атрымаў ад аднаго са сваіх кліентаў у 2003 годзе.

Ігар Рынкевіч лічыць, што гісторыя прыдуманая, каб аднавіць спробы пазбавіць яго адвакацкай ліцэнзіі:

“Па-першае, гэтага не было. Па-другое, тэрміны, каб пачаць нейкі перасьлед, усе выйшлі, калі б і хацелі нешта прыдумаць. Такім чынам, будуць цягнуць справу і чапляць да яе яшчэ нешта, каб хоць нешта “намаляваць” на трэцяе дысцыплінарнае пакараньне”.

Трэцяе дысцыплінарнае спагнаньне пагражае адвакату пазбаўленьнем адвакацкай ліцэнзіі. Між тым, гэтая пагроза вісіць над Ігарам Рынкевічам яшчэ зь сярэдзіны мінулага году. Тады супраць яго завялі справу паводле абвінавачаньня ў хуліганстве, але суд Ігара Рынкевіча апраўдаў.

Пазьней на адваката наклалі два службовыя спагнаньні. Апошняе ён атрымаў сёлета ў лютым пасьля выступу на прэсавай канфэрэнцыі адносна крымінальнай справы супраць Аляксандра Казуліна. У адвакацкай калегіі палічылі, што ён парушыў правіла не камэнтаваць абвінавачаньне. Ігар Рынкевіч з гэтым ня згодны:

“Нічога я не парушаў, дзейнічаў на падставе даверанасьці ад Казуліна. І таямніцу ягонай справы не парушаў. А што да камэнтароў журналістам, колькі ні спрабавалі мяне за гэта караць, але няма такой нормы, якая забараняе адвакату даваць камэнтары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG