Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа 2 сакавіка


Зьміцер Падбярэзскі, Менск Агляд беларускага сеціва за 2-га сакавіка

На форумах парталу tut.by абмяркоўваецца паездка прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў ЗША. Нагадаю, што цяпер у ЗША знаходзяцца старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч. Удзельнік форуму, які падпісаўся Гражданин Лукашэнка выказваецца: “А што да паездак лідэраў апазыцыі, дык магу сказаць: не туды езьдзіце, у Расею трэба езьдзіць, Расея Лукaшэнку трымае і толькі яна можа яго прыбраць, а таксама ня дрэнна было б пабольш працаваць унутры краіны. А то ад вашых разьездаў лепш ня надта робіцца, а тых, хто вас у свой час падтрымліваў, вельмі раздражняе!»

На форумах парталу tut.by ўвагу прыцягнула да сябе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі арабскаму тэлеканалу “Аль-Джазіра”, у якім ён назваў пэрыяд, які цяпер перажывае Беларусь, “складаным”. Нехта chugrey заўважыў: “А калі ж у нас будзе лёгкі пэрыяд? Усё цяжкія і цяжкія пэрыяды. І хто нас завёў у цяжкі пэрыяд?» opponent1 дадае: “Дарэчы — цікавая тэма — чым больш дзіўнае пачуцьцё гумару ў чалавека (народу), тым больш дзіўны іх лёс. Ад гумару "Вожыка" цяжка было ўсьміхнуцца і 35 галоў таму. Можа, тут шукаць карані?»

На сайце “Бухгалтар бухгалтару” Наста запыталася: «Падкажыце, у адпаведнасьці зь якой пастановай будзе ажыцьцяўляцца перанос [працоўнага дня] з 9 на 17 сакавіка?» Нехта AS адказвае: “А ім не да адказаў — заўтра лыжня на самым высокім узроўні». Маецца на ўвазе Менская лыжня, у якой звычайна ўдзельнічае Аляксандар Лукашэнка. А вось Іна інфармуе: «А нам у Мінпрацы адказалі, што афіцыйных пераносаў ня будзе, кожная юрасоба можа сама вырашыць для сябе, пераносіць 9-е куды-небудзь ці працаваць 9-а».

У суполцы Жывога журналу rabota_by subj_of_inquiry нагадвае: “Сёньня спаўняецца роўна год тым падзеям 2-а сакавіка. Калі зьбілі Казуліна, калі сайт АГП з-за наплыву наведнікаў перайшоў у спрошчаны тэкставы рэжым, калі Лукашэнка заявіў, што Скарына жыў і ствараў у Піцеры, калі я ўпершыню ў жыцьці убачыў усіх гэтых амапаўцаў... Вясна пачалася тады вельмі цікава».

На форуме парталу Клюб стылю й прыгажосьці ідзе абмеркаваньне беларускай касмэтыкі. Ад 1 сакавіка пачынаюць дзейнічаць новыя правілы гандлю парфумай. Паводле іх, гандляваць змогуць не прыватныя прадпрымальнікі, а юрыдычныя асобы, якія маюць уласныя склады. Sabina піша: “Я пакуль што магу дазволіць сабе якасную касмэтыку. Невядома, якія кошты будуць ад 1 сакавіка. Думаю, найменш на 50% будзе ўсё даражэй. Але нашым вытворцам, відаць, напляваць на то, як будуць выглядаць нашыя жанчыны. Калі перафразаваць стары досьціп, дык: «Вось вам цюбік крэму: мажце твар ранкам, рукі ўдзень, а зад увечары».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG