Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць плённымі эўрапейскія санкцыі супраць Беларусі?


Радыё Свабода У панядзелак, 5 сакавіка, у Брусэлі на паседжаньні Рады міністраў ЭЗ ізноў адбудзецца галасаваньне па беларускім пытаньні. Кіраўнікам замежнапалітычных ведамстваў належыць выказаць сваё стаўленьне да падрыхтаванай напярэдадні пастановы аб захаваньні візавых санкцыяў супраць Беларусі і аб далейшай блякадзе банкаўскіх рахункаў адказных беларускіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Пазьней у сакавіку, на чарговым cаміце ЭЗ, заплянаваны разгляд магчымасьці ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць краіны.

Наколькі могуць быць плённымі падобныя захады ЭЗ? З такім пытаньнем Свабода зьвярнулася да ўплывовага эўрапейскага палітыка, сябра ПА РЭ і яе падкамітэту па Беларусі, швэйцарскага сацыял-дэмакрата Андрэаса Гроса. У шэрагу сваіх апошніх інтэрвію, у тым ліку і нашаму радыё, спадар Грос падкрэсьліваў, што працяглая ізаляцыя Беларусі з боку эўрапейскіх структураў была непрадуктыўнай, а таму “палітычная камісія ПА РЭ запатрабавала ад Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі зьменаў у палітыцы, наладжваньня дыялёгу зь Менскам”.

Такім чынам, чаго дасягне Брусэль, калі працягне санкцыі?

Грос: “Я лічу правільным, калі ЭЗ працягне візавыя санкцыі ў дачыненьні да невялікага слою беларускага грамадзтва і прадэманструе ім, беларускім кіраўнікам, якія перасьледуюць і падаўляюць тысячы нязгодных зь імі беларусаў, што ў Эўропе па-ранейшаму не жадаюць іх бачыць, што дыктатарскі рэжым непрымальны для эўрапейскай супольнасьці.

Што да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, то тут трэба ўсё рабіць вельмі ўзважана. Мы павінны ўлічваць ўвесь папярэдні, у тым ліку і нэгатыўны досьвед. Так, у выніку санкцыяў супраць Садама Хусэйна пацярпелі звычайныя жыхары Іраку. Цяпер ААН усе часьцей гаворыць не пра агульныя, а пра так бы мовіць “разумныя санкцыі”, накіраваныя ня супраць усяго насельніцтва, а супраць кіроўнай эліты, палітычных дыктатараў, самай тонкай эканамічнай праслойкі грамадзтва”.

Ад 1-га студзеня 2007, калі шэнгенская віза пачала каштаваць для беларусаў 60 эўра, кантакты з Захадам пачынаюць быць недасягальнымі і для нязгодных з рэжымам грамадзянаў. Спадар Грос зьяўляецца крытыкам гэтых дзеяньняў ЭЗ.

Грос: “Мы, прадстаўнікі ПА РЭ лічым, што ў выніку падобнай палітыкі беларускія грамадзяне двойчы пакараныя. Спачатку іхным дыктатарам Лукашэнкам, а потым і кіраўніцтвам ЭЗ. З майго гледзішча, гэта катэгарычна няправільны крок – падвышаць візавыя кошты. Наадварот, трэба ўсяляк спрашчаць магчымасьці для паездак. Тут я вельмі расчараваны. Наша эўрапейская супольнасьць павінна ўскладняць жыцьцё дыктатарам, алігархам, намэнклятуры, а не звычайным нармальным людзям у Беларусі. Гэта ня лепшы шлях, калі людзі вымушаныя эміграваць. Захаду лепш адсочваць інфармацыю пра тых, чые капіталы асядаюць у банках Нямеччыны ці Швэйцарыі”.

Спадар Грос выступае за найхутчэйшае зьніжэньне візавых коштаў для звычайных беларускіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG