Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Kyiv Post”: “Беларусь супраць Расеі”


Юры Дракахруст, Прага “Беларусь супраць Расеі” – артыкул пад такой назвай выйшаў сёньня ва ўкраінскім англамоўным выданьні “Kyiv Post”. Аўтар публікацыі – Тарас Кузё, вядомы дасьледчык, супрацоўнік амэрыканскага цэнтру Маршала ў Нямеччыне.

Тарас Кузё прыгадвае, што яшчэ ў 2002 годзе прапанова Ўладзімера Пуціна Беларусі далучыцца да Расеі ў якасьці 6 губэрняў сутыкнулася з рэзкай адмовай Аляксандра Лукашэнкі.
Тарас Кузё: “Захад ня здольны зразумець, што Лукашэнка – самы ўплывовы беларускі савецкі нацыяналіст”.
Паводле аўтара артыкулу, ужо той крызіс прадэманстраваў поўную недзеяздольнасьць ідэі славянскага саюзу. Усе наступныя гады гэты беларускі лідэр захоўваў інтэграцыянісцкую рыторыку, каб забясьпечыць Беларусі танныя расейскія энэрганосьбіты, аднак усё болей схіляўся да абароны сувэрэнітэту сваёй краіны. “Захад ня здольны зразумець, што Лукашэнка – самы ўплывовы беларускі савецкі нацыяналіст”, – піша Тарас Кузё.

Аднак спробе спалучыць падтрымку саюзу і нацыяналізм нанесла моцны удар расейскае падвышэньне цэнаў на газ і нафту. Пры гэтым Беларусь, у адрозьненьне ад Украіны, ня здолела ў выніку захаваць за сабой свае газатранспартныя магутнасьці і пайшла на продаж Расеі паловы пакету акцыяў “Белтрансгазу”.

На думку аўтара “Kyiv Post”, мэтаю Расеі ня ёсьць зьмена рэжыму ў Беларусі: Расея, у адрозьненьне ад Захаду, прызнала вынікі несправядлівых выбараў 2006 году, і патрабаваньне аб падвышэньні цэнаў на газ прыйшло з Масквы толькі пасьля абвяшчэньня вынікаў гэтых выбараў.

Тарас Кузё мяркуе, што Крэмль аддаў бы перавагу замене Лукашэнкі на больш гнуткага аўтарытарнага лідэра, які быў бы саюзьнікам Расеі, але не імкнуўся абменьваць пустую рыторыку славянскага саюзу на эканамічныя прэфэрэнцыі.
Тарас Кузё: “Расея імкнецца замяніць прасавецкага Лукашэнку прарасейскім лідэрам, які пачаў бы эканамічныя рэформы".
Аўтар “Kyiv Post” лічыць, што Лукашэнка знаходзіцца ў больш складаным становішчы, чым былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які балянсаваў паміж Захадам і Расеяй. Праўда, Лукашэнка зрабіў некаторыя прапановы ў бок Захаду пасьля энэргетычнага крызісу ў адносінах з Расеяй. Захад, мяркуе Тарас Кузё, мог бы зрабіць прапановы насустрач, але толькі ў абмен на пэўную лібэралізацыю рэжыму, чаго Лукашэнка ня хоча рабіць.

Разам з тым, адзначае дасьледчык, цяперашні канфлікт Крамля з Лукашэнкам не азначае, што Расея цяпер будзе падтрымліваць беларускую апазыцыю, якую яна па-ранейшаму лічыць занадта празаходняй. “Расея, – піша Кузё, – ужо цяпер вырошчвае іншых прарасейскіх лідэраў сярод беларускай эліты, у прыватнасьці ў шэрагах беларускага КДБ”.

“Расея імкнецца замяніць прасавецкага Лукашэнку прарасейскім лідэрам, які пачаў бы эканамічныя рэформы і прыватызацыю ў Беларусі, што дало б магчымасьць расейскім алігархам атрымаць вялікія кавалкі эканомікі гэтай краіны”, – піша амэрыканскі дасьледчык Тарас Кузё ў сёньняшнім нумары газэты “Kyiv Post”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG