Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Прэм’ер Сідорскі ўзяўся за прэсу<b/>


Альгерд Невяроўскі, Менск Выконваючы даручэньне кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага, віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў даслаў ліст у органы дзяржаўнага кіраваньня. Дакумэнт тлумачыць, як чыноўнікі павінны супрацоўнічаць з журналістамі пры асьвятленьні эканамічных тэмаў. Многія журналісты недзяржаўных выданьняў сумняюцца, што новы парадак паспрыяе іхнай працы.

У лісьце віцэ-прэм’ер Кабякоў просіць забясьпечыць кантроль за выступамі чыноўнікаў у СМІ (у тым ліку недзяржаўных). Калі выявіцца неаб’ектыўнае асьвятленьне эканамічных працэсаў, чыноўнікі будуць дысцыплінарна пакараныя — ажно да звальненьня.

Другі пункт ліста патрабуе забясьпечыць сталы маніторынг публікацыяў на эканамічныя тэмы. Калі выявяцца неаб’ектыўныя зьвесткі, чыноўнікі павінны паведамляць пра гэта ў Міністэрства інфармацыі.

Як пасьля гэтай дырэктывы зьменіцца праца з мэдыямі адпаведных міністэрстваў і ведамстваў? Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства эканомікі Натальля Пацэйка:

“Мінэканомікі адкрытае для СМІ. Ад нас зыходзіць шмат інфармацыі, паглядзіце на наш сайт. А што тычыцца маніторынгу, дык ён заўсёды робіцца на эканамічную тэматыку. Якія публікацыі зьяўляюцца — мы гэта заўсёды робім. Гэта вельмі важна, што пра нас пішуць”.

Галоўны рэдактар тыднёвіка “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі гаворыць, што яго калегам стане лягчэй працаваць у тым выпадку, калі чыноўнікі сапраўды будуць даваць журналістам поўную і аб’ектыўную інфармацыю. Але рэдактара насьцярожвае другі пункт дырэктывы:

“Што тычыцца маніторынгу, то тут ёсьць такая небясьпека, як фармулёўка “неаб’ектыўнае асьвятленьне сытуацыі ў эканоміцы”. Калі, напрыклад, дапусьціць нейкую памылку, сказіць лічбы, то гэта зразумела. Але калі да неаб’ектыўнага можна аднесьці любы камэнтар і любую выснову, то такім чынам ствараюць дадатковую магчымасьць для маніпуляваньня сродкамі масавай інфармацыі з боку ўлады”.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец таксама лічыць, што другі пункт дырэктывы віцэ-прэм’ера Кабякова толькі ўскладніць працу недзяржаўных СМІ:

“Зь сёньняшняга дня ўступіў у дзеяньне новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які прадугледжвае вельмі жорсткія эканамічныя санкцыі ў выпадку парушэньня заканадаўства аб СМІ. І думаю, што хутчэй за ўсё гэтае распараджэньне больш ускладніць дзейнасьць недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі”.

На думку Андрэя Бастунца, новае ўрадавае распараджэньне ёсьць рэакцыяй на новую эканамічную сытуацыю, у якой апынулася Беларусь. Улады хочуць, каб эканамічныя праблемы ў мэдыях асьвятлялі ў спрыяльным для дзяржавы ракурсе, мяркуе намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу, у выпадку паўторнага папярэджаньня судом за парушэньне заканадаўства аб СМІ рэдакцыя як юрыдычная асоба можа быць пакараная штрафам ад 100 да 500 базавых велічыняў. Прычым сродак масавай інфармацыі можа быць пакараны такім вялікім штрафам за ня вельмі значныя парушэньні (напрыклад, за парушэньне пэрыядычнасьці выхаду выданьня, за зьмену тэрыторыі распаўсюджваньня, за непаведамленьне пра зьмену юрыдычнага адрасу).
Гл.таксама: Пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйны кодэкс
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG