Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лепшы шлях ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў -- рассакрэціць кэдэбэшныя архівы"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 1 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадар: “На мой погляд, лепшы шлях ушанаваць памяць бязьвінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937-га, ды й пасьля 1937-га году – гэта да канца рассакрэціць адпаведныя кэдэбэшныя архівы і перадаць без усялякіх купюраў усе наяўныя матэрыялы пакутнікаў на сямейнае захаваньне сваякам ахвяраў бальшавіцкіх людажэраў. Без купюраў – гэта значыць разам з даносамі, як “сэксотаў,” так і проста “пільных” савецкіх грамадзянаў. Бо ўжо амаль усе яны перамясьціліся ў лепшы сьвет. І цяпер адзін Бог ім судзьдзя. Што думае на гэты конт гісторык Кузьняцоў?”

Спадарыня: “Як Вы не зразумееце, што Лукашэнка без улады – нішто! Поўны нуль. Ён душыў, душыць і будзе душыць непажаданых і свабодалюбівых. Як кажуць, у яго няма выбару. А мы будзе моўчкі паміраць. Ён -- беларускі Кубэ са сваім карным атрадам. У нас таксама няма выбару. Мы павінны паміраць, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Моладзь гэта разумее, таму ў першую чаргу ён душыць і запужвае моладзь, бо толькі запужваньнем магчыма пасяліць у чалавеку нізасьць, сапсаванасьць, подласьць, крывадушша, баязьлівасьць, кар’ерызм. Яго прынцып – вока за вока, зуб за зуб. Вось так”.

Спадар: “Нават камуністычны рэжым не дадумаўся саджаць 14-гадовых непаўнагадовых на 25 сутак арышту за нібыта апазыцыйную дзейнасьць, а Лукашэнка змог. І пры гэтым працягвае гуляць у хакей у працоўны час”.

Аркадзь, Івацэвічы: “Учора па Радыё Свабода ў рубрыцы “Цытаты мінулага” была гутарка пра Палац Марачоўшчына, які знаходзіцца каля горада Косава Берасьцейскай вобласьці. Было агучана, што палац спалілі немцы напрыканцы вайны. Хачу давесьці слухачам “Свабоды”, што зрабілі гэта ня немцы, як сьцьвярджае бальшавіцкая прапаганда, а партызаны паводле загаду з Масквы. Пры тым зрабілі яны гэта ў той час, калі немцаў не было ў Івацэвіцкім раёне наагул, а, мабыць, і ў Берасьцейскай вобласьці. Характэрна, што для падпалкі партызаны выкарысталі неабмалочаныя жытнёвыя снапы з суседняга з палацам жытнёвага поля. Палац выгараў больш за два месяцы.”

Уладзімер Міхайлавіч, Смаргонь: “Прывітаньне, калі Вы і сапраўды самы дэмакратычны сродак масавай інфармацыі, як Вы кажаце, Вы павінны арганізаваць дэбаты паміж лідэрамі апазыцыі ў наўпроставым эфіры. Гэта будзе карысна для ўсёй Беларусі. Калі ласка, дайце гэта ў эфір.”.

Спадар: “У нас свая вытворчасьць. Прыватная, няхай і маленькая. Чыноўнікі прадпрыемстваў сказалі, што яны з намі працаваць ня хочуць, што ім ня выгадна ў іх купляць. І вось мы б’емся як рыбіна аб лёд і ня можам нічога зрабіць. Няма каму паскардзіцца”.

Спадар: “Хачу выказацца наконт паездкі лідэраў нашай апазыцыі ў Амэрыку. Гэта добра, што апазыцыя даносіць праўду пра нашу дыктатуру і наша жыцьцё ва ўсім сьвеце, але вельмі невялікая наша апазыцыя і вельмі… як казаў клясык: “Далёка яны да народу”. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. На жаль, не ўдалося скантактавацца з кім-небудзь, хто мяркуе быць арганізатарам сьвяткаваньня 25 сакавіка. Дык вось рызыкну зноў прачытаць свой верш. Можа каго зацікавіць і яго зьмесьцяць дзе-небудзь на ўлётках. Дык слухайце:

Ты нас дачакалася, Славутая Плошча! Наш сьцяг над табою Зноў вецер палошча. Ня марнымі сталіся Нашы спатканьні. Як многа зрабіла Ты ў нашым змаганьні. Як доўга з табою Нас разлучалі, Ды нашы песьні Зноў загучалі. Ня маем мы права На тое забыцца. Прыходзьце на Плошчу, Каб ёй пакланіцца!

Ну вось такі верш. Ён ужо “з барадою,” як кажуць. Некалі я назваў яго “Плошча –наша!” Калі каго зацікавіць, дык можна будзе і надрукаваць дзе-небудзь.”.

Спадарыня: “Прывітаньне, “Свабода”! Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Пакуль будзе існаваць гэта ўлада, ніхто гэтага рабіць ня будзе. Пакуль будзе кіраваць намі сталінскі рэжым, нічога мы ня зможам дачакацца. Па вялікім рахунку трэба стварыць мэмарыял і зрабіць “Сьцяну памяці,” і занесьці туды імёны ўсіх тых, хто стаў ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Ахвяраю стаў і мой дзед, якога я не памятаю, бо нарадзілася пасьля вайны. А дзед вельмі ж верыў у савецкую ўладу. За гэта яго і пасадзілі ў турму, і ён прапаў падчас вайны. І мы да гэтага часу нічога пра яго ня ведаем. Шчыры дзякуй”.

Спадар: “Учора па БТ паказвалі сэрыял “Маёр Ветраў” і Чаргінца як палітыка хвалілі. Сэрыял ніякі, галоўнаму герою ўжо на пэнсію трэба. І Чаргінец як пісьменьнік і блізка не стаяў з Віктарам Астаф’евым і іншымі клясыкамі: Чэхавым, Купрыным і гэтак далей. Ну, гэта маё асабістае меркаваньне. Ды і як палітык Чаргінец ніякі. Трымаецца за кошт гаспадара”.

Спадарыня: “Аляксандр Мілінкеівч “раскруціў” беларускую апазыцыю па ўсёй Эўропе, у ЗША, у Расеі. І паўсюль яго прызнавалі як лідэра апазыцыі. Цяпер па накатанай дарожцы вырашылі езьдзіць Вячорка, Лябедзька, Калякін. А Мілінкевіч, бач ты, стаў ім не патрэбны. Ну што? Яны вымусілі Мілінкевіча сфармаваць свой рух “За Свабоду!” Думаю, электарат гэтага руху меншым, чым у Вячоркі, Калякіна, Лябедзькі разам, ня будзе. Так што слушна зрабіў Аляксандр Мілінкевіч, стварыўшы свой рух “За свабоду!” Я яго падтрымліваю”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Пакараньне за адміністратыўныя парушэньні для кіроўцаў аўтатранспарту ад 1 сакавіка вельмі жорсткія. Прадстаўнікі ўлады сьцьвярджаюць, што гэта эўрапейскія стандарты. Мне хацелася б пачуць, калі ў нас будуць заробкі паводле эўрапейскіх стандартаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG