Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарадзенскі ўнівэрсытэт не пускаюць беларускіх пісьменьнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня пісьменьніца Вольга Іпатава сустрэнецца з чытачамі ў Таварыстве беларускай школы ў Горадні. Такая ж сустрэча прайшла і напярэдадні. Напачатку рыхтавалася спатканьне са студэнтамі і выкладчыкамі ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Аднак унівэрсытэцкае кіраўніцтва не дазволіла яго правесьці.

Карэспандэнт: “У Горадню прыехала пісьменьніца Вольга Іпатава зь Менску. Мы знаходзімся побач рачулкі Гараднічанкі, на адным беразе якой дом пісьменьніцы Элізы Ажэшкі, а на другім — філфак унівэрсытэту імя Янкі Купалы, дзе не адбылася сустрэча Вольгі Іпатавай з чытачамі”.

Іпатава: “Ведаеце: гэты унівэрсытэцкі будынак для мяне вельмі дарагі. Чаму? Таму што там стаяў філіял нашага дзіцячага дому, і калісьці я правяла там нямала гадоў — вось тут, у Горадні, калі вучылася быць беларускай. Мне пашчасьціла, гарадзенскія пісьменьнікі ўзялі нада мной апеку. У мяне толькі ёсьць шкадаваньне, а ня крыўда, што студэнты не пачуюць пра той пэрыяд гісторыі, зь якім я, уласна кажучы, прыехала, я маю на ўвазе часы Альгерда, часы росквіту беларускай дзяржавы, калі дзяржаўная беларуская мова была ад Чорнага да Балтыйскага мора. І студэнты, магчыма, на каліва будуць менш адукаванымі, чым яны маглі б быць пасьля гэтай сустрэчы”.



На здымку: Вольга Іпатава ў Горадні.

Карэспандэнт: “Было дамоўлена, аднак, што сустрэча з чытачамі адбудзецца ў Таварыстве беларускай школы. Валеры Задаля з ТБШ ладзіць сустрэчы ў літаратурнай гасьцёўні”.

Задаля: “Што да прыезду Вольгі Іпатавай, то ёй не далі памяшканьня, але мы заўсёды гатовыя запрасіць пісьменьніка да сябе ў госьці, тым больш такога вядомага, як Вольга Міхайлаўна. Як вядома, яна сама з Гарадзеншчыны, тут нарадзілася, і многія яе творы прысьвечаны менавіта Гарадзеншчыне”.

Карэспандэнт: “Чаму ж не дазволілі правесьці сустрэчу з Вольгай Іпатавай у Гарадзенскім унівэрсытэце? Мне сказалі, што на гэтае пытаньне можа адказаць толькі прарэктар Тацяна Бадзюкова. Аднак сакратарка не дала мне зь ёю паразмаўляць”.

Сакратарка: “Тацяна Аляксееўна сказала наконт гэтай сустрэчы: без камэнтароў. Усяго добрага”.

Карэспандэнт: “У розных умовах даводзілася сустракацца з чытачамі сталічнаму пісьменьніку Ўладзіміру Арлову”.

Арлоў: “Бывалі сытуацыі, калі ў арганізатараў не заставалася іншага выйсьця, апроч таго, каб правесьці гэтую сустрэчу на кватэры, уладкаваць так званы “кватэрнік”… А калі ў Польшчы ва Ўроцлаве адбывалася прэзэнтацыя маёй кнігі і кнігі Андрэя Хадановіча, на ёй у “Калегіюме Эўропы Всходней” прысутнічаў міністар культуры Польшчы”.

1 сакавіка, Уладзімер Арлоў будзе сустракацца са сваімі гарадзенскімі чытачамі ў памяшканьні Таварыства беларускай школы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG