Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны актывіст завочна аштрафаваны на 1,5 мільёна рублёў


Радыё Свабода, Гомель Сёньня выканаўца абавязкаў кіраўніка гомельскай абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алег Шабетнік з Рэчыцы нечакана для сябе даведаўся, што пакараны судом штрафам памерам 50 базавых велічыняў – 1 мільён 550 тысячаў рублёў. Па пошце прыйшла пастанова судзьдзі Цэнтральнага раёну Гомеля Марыны Дамненкі аб прызнаньні яго вінаватым ў незаконным перамяшчэньні праз мяжу друкаваных выданьняў.

Паведамленьне пра суд у Рэчыцу прыйшло сёньня, праз два тыдні пасьля судовага разбору. Судзьдзя Дамненка аштрафавала спадара Шабетніка завочна.

Сам Алег Шабетнік камэнтуе гэтую падзею так: “У пастанове напісана, што ў суд Шабетнік не зьявіўся. Пра дзень, час і месца разгляду справы яму паведамлена належным чынам. Але ж я толькі сёньня даведаўся і паставіў у паведамленьні подпіс, а суд быў 13 лютага. Атрымліваецца, што суд ужо выкарыстоўвае сфальшаваныя дакумэнты. Дык што гэта такое? Мне падаецца, што судзьдзю трэба прыцягваць да адказнасьці за фальшаваньне. Гэта ж несумленна! Я ня ведаю, што такое дзеецца”.

У сьнежні летась на памежнай беларуска-ўкраінскай станцыі Церуха, Алег Шабетнік разам зь цяпер ужо памерлым аднапартыйцам Сяргеем Старычэнкам быў затрыманы беларускімі мытнікамі. Яны вярталіся цягніком у Гомель з Чарнігава, дзе бралі ўдзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый Беларусі. Тады беларускія мытнікі і канфіскавалі ў сп. Шабетніка матэрыялы ўстаноўчай канфэрэнцыі, а таксама пяць асобнікаў брашуры пра культ асобы Аляксандра Лукашэнкі.

Судзьдзя Дамненка канстатавала ў пастанове, што на падставе зробленага аналізу выяўлена: інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў канфіскаваных у сп. Шабетніка друкаваных выданьнях, “можа нанесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца забароненай да перамяшчэньня праз мытную мяжу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG