Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчкі вакол новага фільму пра “Салідарнасьць”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы на экраны выйшаў фільм нямецкага рэжысэра, ляўрэата Оскара Фолькэра Шлёндарфа “Страйк”, зьняты паводле біяграфіі Ганны Валентыновіч – кранаўшчыцы гданскай суднаверфі, са звальненьня якой з працы пачаліся страйкі на польскім ўзьбярэжжы і нарадзілася дзесяцімільённая “Салідарнасьць”. Гераіня, аднак, пратэстуе супраць паказу фільму, заяўляючы, што ён не праўдзівы.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве паплечнікі Ганны Валентыновіч заявілі, што фільмам “Страйк” Фолькэр Шлёндарф абразіў увесь рух “Салідарнасьць” і асабіста годнасьць Ганны Валентыновіч.

“Гэтая штучная драматызацыя сюжэту праз тое, што сын Ганны Валентыновіч пайшоў у аддзел міліцыі, якая разганяла дэманстрантаў, абсалютна не адпавядае праўдзе, абражае спадарыню Валентыновіч і нічога фільму не дадае”, - сказаў нашаму радыё былы намесьнік лідэра “Салідарнасьці” Анджэй Гвязда.

Зь ягоным меркаваньнем згодны і гісторык, былы міністар абароны Польшчы Ян Парыс: “На маю думку, гэты фільм не паказвае праўдзіва гісторыю жыцьця Ганны Валентыновіч, але і не тлумачыць фэномэну “Салідарнасьці”.

Легенда “Салідарнасьці” – Ганна Валентыновіч прыехаць у Варшаву не змагла – скандалу вакол фільму паводле яе біяграфіі не вытрымалі нэрвы, прыйшлося легчы ў шпіталь. У часе канфэрэнцыі было афіцыйна абвешчана пра судовую позву супраць Фолькэра Шлёндарфа.

Сам нямецкі рэжысэр адкідае абвінавачаньні Валентыновіч: “Гэты фільм не заснаваны цалкам на фактах. Я папросту паспрабаваў паказаць тую складаную рэчаіснасьць, аб’яднаць меркаваньні розных бакоў. Прабачце, калі нехта адчуў сябе абражаным. Мой фільм гаворыць сам за сябе. Гэта ня справа рэжысэра - апраўдвацца пасьля таго, як ён зьняў фільм і адказваць на розныя спрэчкі”.

Кінакрытык Пётр Сьмялоўскі лічыць, што фільм увогуле зроблены дрэнна: “Я магу пагадзіцца з тым, што часам фільм можа быць спрошчаны, прасьцей паказваць гісторыю, каб, напрыклад, зацікавіць гэтымі падзеямі моладзь. Але сам фільм, нават не беручы пад увагу тое, што ён часта пярэчыць гістарычнай праўдзе, папросту зроблены дрэнна. Каб зацікавіць гісторыяй, трэба рабіць лепшыя фільмы”.

Між тым першыя гледачы, якія пабачылі фільм “Страйк”, лічаць, што ў ім праўдзіва паказаная тая частка польскай гісторыі: ”Такі фільм вельмі цяжка зрабіць, бо ён можа стаць нудным – страйк цягнуўся доўга. Таму трэба было нейкія рэчы дадаць, каб падтрымаць цікаўнасьць гледачоў. Гэты фільм сапраўды стварае атмасфэру тых часоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG