Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні "Рок-Каранацыі 2006" (абноўлены)


Радыё Свабода Напярэдадні "Рок-Каранацыі 2006" мы апыталі вядомых людзей. Што вы думаеце пра беларускую рок-музыку? Што слухаеце? Што падабаецца больш?

Мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў мяркуе, што ў параўнаньні з 1990-мі музычных гуртоў у Беларусі стала болей:

“Рана ці позна колькасьць перарасьце ў якасьць. Слухаю даволі шмат. Тым больш, што цяпер зьявіліся зборкі, дзе шмат каго можна пачуць. Я маю на ўвазе “Тузін Гітоў”, і “Песьні Свабоды”. Але збольшага зь беларускай я слухаю інструмэнтальную музыку. Мне падабаецца апошні праект Кашкурэвіча зь Вішняўскасас – “Цішы Лабаноры”. Там, дзе дзьве дуды і саксафон. Таксама слухаў апошнім часам “Гудаў”, слухаю “Apple Tea”. А калі казаць пра клясычныя гурты, то болей “Zet” апошнім часам слухаў, і Зьмітра Вайцюшкевіча. Сярод прыемных адкрыцьцяў – апошні альбом Алеся Камоцкага “Дах”.

Старшыня Варшаўскай філіі Беларускай студэнцкай арганізацыі Польшчы “БАС” Павал Бушка найперш аддае перавагу гуртам з моцнай сацыяльнай і нацыянальнай пазыцыяй:

“Я застаюся кансэрватыўны, і кансэрватыўна гавару, што пакуль няма лепшага гурту за “NeuroDubel”. Гаворка вядзецца пра аўтэнтычнасьць. Калі слухаю “NeuroDubel”, ведаю: тое, што сьпявае Кульлінковіч і ягоныя сябры – гэта праўда. Вельмі цікавая для мяне зьява беларускі гіп-гоп. Маю на ўвазе спадара Кроў. Беларуска-польскі рэпэр. Але музыка, якую ён стварае – гэта проста ўсясьветны ўзровень. Таксама мне важна пра што ён гаворыць. Здаецца гэта часты недахоп беларускай музыкі – не кранаюць важных тэмаў. Цаню гэтага рэпэра за тое, што ён гаворыць тое, што думае. І не баіцца вельмі моцных і вельмі балючых нацыянальных тэм”.

Мастак Алесь Пушкін адзначае, што шмат зьявілася маладых цікавых выканаўцаў, але мяркуе, што многія капіююць украінскія гурты. Сярод навінак з захапленьнем гаорыць пра беларуска-літоўскі праект дудароў:

“Самы апошні альбом Тодара Кашкурэвіча і Пятраса Вішняўскаса – саксафон і дуда. Самая канцэптуальная рэч. Гэта музыка, якую можна ставіць пад спэктаклі, можна мэдытаваць. Я люблю ўсю творчасьць Зьмітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Кульлінковіча: і расейскамоўныя і беларускамоўныя альбомы гурту “NeuroDubel”. Усе “Крамбамбулі” праслухаў, і штосьці чакаю ад Лявона Вольскага. Калі бываю ў Менску, хаджу ў клюб “Графіці” на сучасныя сэйшаны, там вельмі добрая атмасфэра. Я бачыў дыскі “Тузін гітоў”, і ў цэлым згодны. Але ўсё-ткі, як нашая расейскамоўная папса малпуе Маскву, так нацыянальнаарыентаваная папса ды ініцыятывы трошкі калькуюць украінскую сытуацыю”.

Палітык Мікалай Статкевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці, падкрэсьлівае, што для го адзіны спосаб пачуць беларускую музыку – старэнькі радыёпрымач:

“Калі ў перашкодах зьяўляюцца нейкія прасьветы, я магу ацаніць музыку, кавалак яе. Імя, назву, назву гурту – гэта запомніць вельмі цяжка. Я сачу за ўсім гэтым больш па газэтах. Ёсьць істотнае разьвіцьцё. Прычым, гэтае разьвіцьцё на фоне пагоршанай копіі расейскай папсы, што круцяць па фм-станцыях. Эф-эм тут бярэцца добра. Вельмі рэдка бывае, што паставяць што-небудзь з “Крамбамбулі” ці чаго іншага. Звычайна пагоршаная копія расейскай папсы. Жудасна штосьці. Цяпер у сувязі з адсутнасьцю палітыкі, альтэрнатыўная музыка – істотная частка супраціву. Тое, што ня гледзячы на ўсе захады ўладаў, гэтая музыка захоўваецца і разьвіваецца, сьведчыць пра яе запатрабаванасьць і неабходнасьць”.

Кіраўнік "Свабоднага тэатру" Мікалай Халезін шануе беларукую рок-клясыку 1990-х і верыць, што тая колькасьць беларускіх гуртоў, якія зьявілася, – перарасьце ў якасьць:

“Калі браць самае таленавітае, самае яркае, дык гэта гурты “Таварыш Мазўэр” і “Троіца”. Вельмі добра, што зьявіліся такія гурты як “Партманэ” і “Нагуаль”, якія зараз вельмі слухае моладзь. Мяне раздражняе беларускі рок на расейскай мове. Гэта нейкая анамалія. У яе няма аўдыторыі. Бо калі гэта сацыяльнае выказваньне – гэта беларускамоўны рок. Калі не сацыяльнае выказваньне – гэта варыянт папсы. Зараз адбываецца шквал узьнікненьня новых гуртоў. Іх вельмі шмат. У мяне ёсьць вера ў тое, што з колькасьці выйдзе нейкая якасьць”.

Сьпявачка Кася Камоцкая бачыць новыя таленты ў беларускай музыцы, але лічыць, што ва ўмовах несвабоды нельга вызначаць горшых ці лепшых:

“На жаль, я ня слухаю беларускую мову адмыслова, а слухаю, калі штосьці трапляецца ў рукі: альбо прыносяць кампакты, альбо трапляю на прэзэнтацыю ці канцэрт. Мне падаецца, што ў нас зараз квітнее цяжкая і этнамузыка. У цяжкай музыцы можна вылучыць “IQ-48” і “Таварыш Маўзэр”. Гэта вельмі сур’ёзная заяўка на будучыню. А ў этна музыцы мне спадабаўся гурт “НХС-Этна”. Мяркую, зараз праводзіць “Рок-Каранацыю” бессэнсоўна, бо рэальна мы ня можам нічога ні адсачыць, ні сказаць праўду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG