Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лютаўскія маразы: ёсьць першыя ахвяры


Радыё Свабода Колькі ў Беларусі ахвяраў маразоў, колькі пацярпелі ад абмарожваньня, колькі трапілі ў шпіталі — даведацца не ўдалося. У Міністэрстве аховы здароўя сьцьвярджаюць, што такой статыстыкі не вядуць.

Супрацоўніца міністэрства паведаміла: “Нам проста не дазваляюць зьбіраць такую апэратыўную інфармацыю. Ёсьць “Закон аб статыстыцы”, які рэглямэнтуе, што ўсе справаздачы павінны зацьвярджацца менавіта пастановай Мінстату, і такія апэратыўныя зьвесткі непажаданыя яшчэ і ў адпаведнасьці з дырэктывай №2 прэзыдэнта. І, шчыра кажучы, кіраўніцтва нават не запрошвае такой інфармацыі. Калі б яшчэ кіраўніцтва дало заданьне, канечне, зьбіралі б”.

Ёсьць ужо й першыя сьмяротныя выпадкі. Да прыкладу, у Смалявічах ад пераахалоджваньня 21 лютага памёр мужчына.

Толькі ў Маладэчне ў хірургічным аддзяленьні 1-га гарадзкога шпіталю на сёньняшні дзень знаходзіцца пяцёра чалавек з абмарожваньнямі розных ступеняў. Аднаму ампутавалі абедзьве нагі на ўзроўні галёнкі — чалавек пайшоў у лес у гумовых ботах; другому ампутавалі пальцы рук.

У Рэспубліканскі апёкавы цэнтар, які знаходзіцца цяпер у 2-м гарадзкім шпіталі Менску, усяго з пачатку 2007 году зьвярнуліся 39 чалавек з абмарожваньнямі. Пра сваіх пацыентаў распавядае загадчык апёкавага цэнтру 2-га гарадзкога клінічнага шпіталю Міхаіл Галіноўскі.

Галіноўскі: “Усяго шпіталізавана пятнаццаць чалавек. На сёньняшні дзень шасьцёра знаходзяцца на лячэньні. Дваім зробленыя апэрацыі з ампутацыяй — у аднаго чатыры канечнасьці ампутаваныя, у другога дзьве. Цяпер шасьцёра чалавек лекуюцца”.

Карэспандэнтка: “А ў іх якія пашкоджаньні?”

Галіноўскі: “У іх паверхневыя. Вось такія ахвяры абмарожаньня”.

Карэспандэнтка: “Ці гэта ў цьвярозым стане?”

Галіноўскі: “Не, усе на добрым падпітку. Колькі яны прабылі на марозе, яны самі ня памятаюць. Да нас вязуць толькі “сьвежых”, а людзей з застарэлымі ранамі, дзе ўжо разьвілася гангрэна, лекуюць у гнойных аддзяленьнях паводле месца жыхарства, у іншых шпіталях. Калі пратрымаюцца маразы, значыць, і народ у нас будзе. Сёньня сьвята, наперадзе выходныя. Вып’юць, і хтосьці стане ахвярай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG