Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 23 лютага ў Менску зьявілася новая гаўптвахта


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менску адкрылася новая гарнізонная гаўптвахта, якая стане і першай у Беларусі вайсковай турмой. У Міністэрстве абароны лічаць супадзеньне гэтай падзеі са сьвятам абаронцаў Айчыны выпадковым.

Менская гарнізонная гаўптвахта з пасьляваенных часоў зьмяшчалася ў будынку старога кляштара на вуліцы Кірыла і Мяфодзія. За 50 гадоў тысячы салдат і афіцэраў зьведалі холад кельляў менскай “губы” і бясконцую маршыроўку па яе маленькаму пляцу. Пагалоска пра гэтую ўстанову хадзіла нядобрая, згадвае Алесь Гурыновіч, які служыў у сярэдзіне 70-х і ледзь не патрапіў сюды за завужаныя салдацкія штаны.

Гурыновіч: “Убачылі, што ў мяне ўшытыя штаны, і кажуць: давядзецца за нестатутную форму ісьці на гаўптвахту. Я пачаў прасіцца, каб не саджалі. Тады забралі ў мяне вайсковы білет ды загадалі праз паўгадзіны прыйсьці ў новых штанах, альбо -- на “губу”. Давялося бегчы ў ваенгандаль, добра, што недалёка, пераапранацца ў новыя штаны, бегчы назад. Пасьпеў.”

Менская гаўптвахта перабралася ў мікрараён Уручча на ўскраіне сталіцы ў адмысловы будынак. Яна разьлічаная на ўтрыманьне адразу 60 арыштантаў, мае сучасную сыгналізацыю і нават абсталяваная прыладамі супраць падкопаў. Толькі незразумела, навошта ўцякаць з такой “губы”, калі на ёй будуць ўмовы, пра якія распавёў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык.

Раменьчык: “Там сучасная сыстэма ацяпленьня, сучасная сантэхніка. На ложках матрацы, коўдра, бялізна. Для асуджаных у камэры можна трымаць лядоўні, тэлевізары, калі сваякі перададуць. Такім чынам, умовы ў некалькі разоў лепшыя”.

Харчаваць арыштантаў гаўптвахты будуць ежай, прыгатаванай ў суседняй вайсковай частцы, ня горш за іншых.

Ці патрэбны сучаснай арміі такі інстытут пакараньня, як гаўптвахта?

Міністар абароны Беларусі ў сярэдзіне 1990-х гадоў Павал Казлоўскі перакананы, што час гаўптвахты не мінуў, але асабіста ён карыстаўся гэтай мерай пакараньня рэдка.

Казлоўскі: “Ну што гаўптвахта? На дзень-два каб пасядзеў, неяк мазгі прачысьціліся, а потым хай ідзе ў поле і займаецца баявой падрыхтоўкай, чаго там без справы сядзець ці двор месьці?”

Сам былы міністар, калі быў курсантам, таксама некалькі дзён правёў на “губе” – патрапіў туды за самавольны зыход з казармы на Новы год. Павал Казлоўскі кажа, што на яго сядзеньне на гаўптвахце падзейнічала станоўча.

Давялося адведаць гаўптвахты і вядомаму праваабаронцу Гары Паганяйлу: адмовіўся на загад камандзіра прыбіраць бруд, які застаўся ў казарме пасьля гулянкі афіцэраў, і быў пакараны 10 суткамі. Паводле Гары Паганяйлы, “губа” паляпшае дысцыпліну, але коштам фізычнага здароўя і маральнага стану.

Паганяйла: “Гэта ня вельмі прыемны час. Адзінае, чым можна заняцца, гульня ў “ачко”, бясконцае паленьне ды расповеды пра жыцьцё з мацернымі словамі”.

Паводле зьвестак Міністэрства абароны злачыннасьць у беларускім войску штогод зьніжаецца, за 2005 год – на 40 адсоткаў. Што да пакараных ў дысцыплінарным парадку, то ў Мінабароны прызнаюць, што тут паказчыкі ня так уражваюць, паколькі “строгасьць да парушальнікаў не зьніжаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG