Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскія клясы адкрыюць і на Гарадзеншчыне


Сяргей Астраўцоў, Горадня У літаратурнай гасьцёўні ў Горадні адбылася сустрэча з прафэсарам Іванам Лепешавым — знаўцам беларускай мовы і фразэалёгіі. Прыйшлі студэнты, старэйшыя людзі. Арганізавала спатканьне гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай школы. Тэмай было: бачаньне мовы — учора, сёньня, заўтра.

Доктару філялягічных навук Івану Лепешаву 82 гады, ён выкладае ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы, рыхтуе кнігі, друкуецца ў незалежнай прэсе. Што датычыць беларускай мовы, дык ён — чалавек-энцыкляпэдыя. Беларусам убіваюць змалку ў галовы, што самая блізкая да іхняй роднай — расейская мова, аднак гэта няпраўда, зазначае прафэсар—самая блізкая — украінская і зачытвае ўрыўкі: у беларускім больш падабенства з украінскім, чымсьці з расейскім.

Улады выслалі нядаўна з Гарадзеншчыны групу польскіх ксяндзоў і манашак. Неафіцыйна казалі: каб не займаліся праз касьцёл палянізацыяй. А што думае на гэты конт прафэсар Лепешаў?

Лепешаў: “Мне здаецца, вельмі многія з каталіцкіх сьвятароў па-беларуску вялі свае пропаведзі. Ніякай палянізацыі зь іх боку я ня бачу, няма яе. Наадварот, пагроза страшэнная русіфікацыі ажыцьцяўляецца і праз праваслаўных сьвятароў, і з боку ўлады. А наконт высылкі польскіх ксяндзоў, гэта чарговы выбрык”.

Стала вядома, што кітайскія клясы зьбіраюцца адкрываць ня толькі ў сталіцы, а нават на Гарадзеншчыне, напрыклад, у Лідзе.

Лепешаў: “Гэтае вывучэньне кітайскай мовы ў нас у Беларусі — нейкая проста недарэчнасьць. Скажам, ангельскую, нямецкую, гішпанскую, італьянскую — іншая справа. А кітайская — гэта, мусіць, працяг той палітыкі, якую праводзіць наш урад і прэзыдэнт у адносінах да Кітая — дружбы з Кітаем. Прыкладна такое ўжо было ў 20-х гадах”.

Іван Лепешаў падтрымлівае меркаваную рэформу беларускай мовы. Ён зазначае, што яна мела быць памяркоўнай, яе мэта — зьліквідаваць некаторы разнабой, які існуе сёньня ў беларускамоўных газэтах.

Лепешаў: “Мясьніковіч, прэзыдэнт Акадэміі навук, параіў дырэктару інстытута мовазнаўства перадаць праект у канцылярыю прэзыдэнта: і Сталін у свой час займаўся мовазнаўствам, і Хрушчоў спрабаваў, можа і прэзыдэнт наш “клюне” на гэта і зацьвердзіць гэтую праграму. І пасьля гэтага пачаўся зрух, але на гэтым спыніліся”.

Спадар Лепешаў лічыць распаўсюджанаю у Беларусі трасянку аб’ектыўнай рэальнасьцю. Трасянка можа зьнікнуць, калі беларуская мова стане сапраўды дзяржаўнай, гаворыць прафэсар. Але ці верыць ён сам у такую пэрспэктыву?

Лепешаў: “Не, я, ведаеце, ня веру ў гэта. У мяне пэсымістычныя думкі наконт гэтага. Пасьля 95-га году мову пачалі выцясьняць з усіх асяродкаў, і яна, па сутнасьці, знаходзіцца на стадыі вынішчэньня. У нас ва унівэрсытэце, напрыклад, цяпер нічога няма беларускага”.

Прафэсар Лепешаў сумна жартуе: амаль тры стагодзьдзі беларусаў то варылі ў катле палянізацыі, то смажылі на патэльні русыфікацыі…

На здымку: прафэсар Іван Лепешаў (зьлева) у літаратурнай гасьцёўні ТБШ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG